«З думай пра будучы ўраджай»: на палях СУП «Каралі» кіпіць работа

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Праўду кажуць: прыйшла восень – у хлебаробаў цяпер работ восем. У гэтыя дні на палях гаспадарак нашага раёна кіпіць работа: прадаўжаецца нарыхтоўка кармоў для грамадскага статку, поўным ходам ужо вядзецца ўборка кукурузы на сілас. Ды важнейшы клопат цяперашніх дзён – сяўба азімых культур. Тон у рабоце задаюць хлебаробы сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Каралі”. Тут па стане на 17 верасня ўжо засеяна амаль 65% плошчаў, запланаваных пад азімыя культуры. І гэта лепшы паказчык у раёне і лепшы падарунак да свята хлебаробаў вобласці “Дажынкі-2021”.

Аляксандр Зубрыцкі (справа) і Анатоль Мажэйка.

– Клін азімых у гаспадарцы не малы, у агульнай колькасці складае 1000 гектараў: 364 гектары пшаніцы, 221 гектар жыта і 50 гектараў трыцікале, – расказвае галоўны аграном Міхаіл Піскуновіч. – Непасрэдна на сяўбе задзейнічаны вопытныя механізатары Аляксандр Зубрыцкі і Вячаслаў Лубчонак. Насенне падвозяць да пасяўных агрэгатаў Аляксандр Папкоў і Сяргей Заяц. На загрузцы дапамагаюць Павел Бурэнь і начальнік вытворчага ўчастка “Стрынадкі” Анатоль Мажэйка.   Анатоль Міхайлавіч спецыяліст вопытны, сочыць за захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў, аператыўна вырашае розныя арганізацыйныя пытанні, якія ўзнікаюць падчас сяўбы.

Радуе і тое, што на дапамогу нам прыйшлі работнікі Глыбоцкага аграпрамаб’яднання і ААТ “Мосарлён”. Так, трактарыст Іван Алесеенка з аграпрамаб’яднання разам з механізатарамі гаспадаркі Алегам Бясецкім і Андрэем Ісялёнкам заняты на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу, а Антон Паўловіч і Іван Мурзіч з ААТ “Мосарлён”, і нашы хлопцы Віктар Бурэнь і Яўгеній Пашковіч шчыруюць на ўзорванні.

З адным з сейбітаў адбылася сустрэча на палях паблізу гарпасёлка Падсвілле. Аляксандр Францавіч Зубрыцкі прыпыніў трактар на ўскрайку поля, гутарым. Аляксандр Францавіч расказаў, што ў гаспадарцы працуюць яго родныя браты Віктар і Андрэй. І зараз усе тры браты Зубрыцкія шчыруюць на самых адказных участках сельгасвытворчасці: Аляксандр сее азімыя, Андрэй адвозіць кукурузную масу, а Віктар пасля ўборачнай перайшоў часова ў жывёлагадоўчы сектар, забяспечвае работу даільных установак.

– Родам з Іванаўшчыны, з сям’і патомных хлебаробаў. Бацька працаваў механізатарам, маці – у жывёлагадоўлі, на ферме “Гурбы”, – расказвае пра сябе Аляксандр Францавіч. – Скончыў школу і затым набываў спецыяльнасць механізатара ў Глыбоцкім СПТВ. Ужо 15 гадоў, як працую ў гаспадарцы. Зусім нядаўна на камбайне (гэта ўжо ці ні дзясятая мая ўборачная), намалаціў 760 тон зерня і 200 тон рапсу. Заняў першае месца на сёлетнім жніве ў сельгаспрадпрыемстве “Каралі”. А як уборка завяршылася, перайшоў на пасяўную. Падчас нарыхтоўкі травяных кармоў адвозіў сянажную масу. Яшчэ, мусіць, і года няма, як атрымаў трактар “Беларус-1523”. Трактар у счэпцы з сеялкай СЗТМ-4М. На новай тэхніцы  заўсёды прыемна працаваць. Стараюся перавыконваць дзённую норму. У наступным годзе “Дажынкі” п р о й д у ц ь у Глыбокім, таму, лічу важным для ўсіх нас ужо сёння закласці добрую аснову пад новы ўраджай.

У такім разе, пажадаем поспехаў хлебаробам УП “Каралі” і ўсім, хто сёння клапоціцца пра ўраджай будучага года.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru