Дырэктару ААТ «Мосарлён» Віктару Пятровічу Кейзіку споўнілася 75 гадоў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У дзень нараджэння (6 верасня) з самага ранку ў  яго рабочым кабінеце праз кожныя дзве-тры хвіліны папераменна раздаваліся тэлефонныя званкі. Званілі з усіх куточкаў нашай краіны. Віктара Кейзіка віншавала ўся Беларусь. І гэта было насамрэч так.

Павіншаваць  аднаго з самых старэйшых кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна прыехалі старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Шубскі, генеральны дырэктар Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання Валерый Анатольевіч Лаппо, памочнік кіраўніка рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс” Мікалай Аксёнавіч Лабушаў і старшыня райкама прафсаюзаў АПК Наталля Пятроўна Зяновіч.

Віншавальная цырымонія, у якой удзельнічалі прадстаўнікі калектыву льнозавода, праходзіла ў рабочым кабінеце дырэктара.

Шмат цёплых слоў у адрас паважанага юбіляра выказаў у сваёй прывітальнай прамове старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Шубскі:

–Паважаны Віктар Пятровіч, дзякуй Вам за ўсё, што зрабілі, што робіце і яшчэ будзеце рабіць. Ваш след на жыццёвым, працоўным шляху, на нашай глыбоцкай зямлі і  тут, на заводзе, адметны, важкі. Ён бачны, як кажуць, і збоку, і з высі, з’яўляецца арыенцірам для маладых працаўнікоў, якіх вы ўзрасцілі, далі пуцёўку ў жыццё.

Падкрэсліваючы значнасць слаўнай даты з дня нараджэння, шматгадовую добрасумленную працу Віктара Кейзіка ў галіне льнаводства, яго высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у выкананне дзяржаўнага заказу па пастаўках ільновалакна,  Аляксандр Мікалаевіч уручыў юбіляру Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, пажадаў моцнага здароўя, выканання ўсіх пастаўленых планаў, спаўнення ўсіх жаданняў, шчасця і аптымізму.

Далучаючыся да шчырых віншаванняў і пажаданняў, Валерый Анатольевіч Лаппо з радасцю выканаў прыемную місію – уручыў Віктару Кейзіку Ганаровую грамату Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта.

Сардэчна віншаваў Віктара Пятровіча Мікалай Аксёнавіч Лабушаў. Ён адзначыў плённую працу кіраўніка і калектыву Мосарскага льнозавода на працягу многіх гадоў, нагадаў, як тут праводзіліся рэспубліканскія семінары, паказвалі спецыялістам ільнаводчай галіны, што і на старым абсталяванні можна мець добры вынік.

Мікалай Лабушаў уручыў юбіляру віншавальны адрас ад кіраўніцтва рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс”, а таксама медалі ганаровага работніка аб’яднання і ганаровага ветэрана. 

Наталля Зяновіч шчыра жадала Віктару Кейзіку спаўна здароўя, любві родных і блізкіх людзей і ўручыла Падзяку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК.   

За плячыма гэтага мудрага чалавека і кіраўніка 60 гадоў працоўнага стажу. На працягу 25 з паловай гадоў узначальвае калектыў Мосарскага льнозавода.

Віктар Кейзік – лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2015” у намінацыі аграпрамысловы комплекс. Адзін з самых вопытных, спрактыкаваных і мудрых кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, няўрымслівы, строгі, адкрыты і справядлівы. Пад яго кіраўніцтвам калектыў Мосарскага льнозавода неаднаразова дасягаў і дасягае лепшых вынікаў сярод ільнозаводаў вобласці і рэспублікі.  Па сцвярджэнні ўсіх, хто яго ведае, Віктар Пятровіч – чалавек дабрэйшай душы, працаўнік і аптыміст.

Павіншуем і мы ўсе гэтага цудоўнага чалавека і кіраўніка сельгасвытворчасці са слаўным юбілеем з дня нараджэння і пажадаем яму нястомнага, шчаслівага даўгалецця!

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru