Масштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да Года народнага адзінства, прайшло 31 жніўня ў Наваполацку. У склад дэлегацыі ад Глыбоччыны ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў і ўстаноў горада, грамадскіх арганізацый, старшыні сельвыканкамаў.
Геаграфія рэгіянальнага форума “Беларусь адзіная” шырокая: першая сустрэча адбылася ў Брэсце, потым дэлегаты Міншчыны сабраліся ў Маладзечна, Гомельскай вобласці – у Гомелі. Серыя дыялогавых пляцовак прадоўжыцца і ў іншых рэгіёнах рэспублікі, а завершыцца напярэдадні Дня народнага адзінства, які наша краіна ўпершыню будзе святкаваць 17 верасня.
У дыялог з актывам Віцебшчыны ўступалі і дзяліліся сваім бачаннем сітуацыі ў краіне эксперты: дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін, палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, палітолаг Аляксей Дзермант і загадчык аддзела чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Анастасія Баброва.
Удзельнікамі дыялогу абмяркоўваліся надзённыя тэмы: эканамічныя санкцыі, прынцыпы фарміравання Усебеларускага народнага сходу, перспектывы Саюзнай дзяржавы, партыйнага будаўніцтва, маладзёжнай палітыкі.
Думкі ўслых.
Віктар Карман, старшыня Удзелаўскага сельвыканкама:
– Такія сустрэчы з палітолагамі неабходна праводзіць – і ўжо не толькі на абласным узроўні, а і на раённых з удзелам нашых грамадскіх арганізацый, ідэалагічных работнікаў, каб данесці да працоўных калектываў, у якім накірунку рухаемся, якая будзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якімі функцыямі надзелены наш Прэзідэнт, двухпалатны Парламент, выканаўчая ўлада, мясцовыя органы самакіравання. Трэба разам абмеркаваць, якімі паўнамоцтвамі павінен быць надзелены Усебеларускі народны сход, што ён будзе выконваць і як.
І канешне, хацелася б, каб больш увагі ўдзялялася нашай моладзі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Школы, канешне, займаюцца іх выхаваннем, але ў час навучальнага года, – у летні перыяд і асабліва ў вячэрні час маладым пасля дзённых клопатаў заняцца няма чым. У працоўных калектывах гэтае пытанне вырашаецца, ідэалагічныя работнікі арганізоўваюць культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, але ж ёсць і астатняя моладзь, якой неабходны не віртуальныя, а рэальныя сустрэчы, спартыўныя і забаўляльныя спаборніцтвы. Напрыклад, дзіцячая пляцоўка ў нас ёсць, дзякуючы перамозе ў конкурсе па дораўпарадкаванні, – для хлопчыкаў і дзяўчатак забаўкі маюцца. А для падлеткаў і юнакоў? Школьны стадыён, пляцоўка ля касцёла і ўсё. А моладзь у нас актыўная – і яе трэба накіроўваць правільна.
Святлана Анашкевіч, старшыня Азярэцкага сельвыканкама:
— Значная частка форуму была прысвечана нашай моладзі.Выказваліся думкі, што ўпушчаны час і дапушчаны памылкі ў яе выхаванні. Хтосьці гаварыў, што бацькі вінаваты ў гэтым ці школа, хтосьці даказваў, што БРСМ. Але сёння я пабывала на школьнай лінейцы і магу смела заявіць, што наша моладзь нармальная, адэкватная. Яна добра засвойвае веды, якія даюцца ў звычайнай сельскай школе, дзе няма паглыбленага вывучэння прадметаў. Нашы сёлетнія два залатыя медалісты паступілі на бюджэт у вышэйшую ўстанову. Я лічу, што гэта высокае дасягненне і добры прыклад для вучняў школы, якія зразумелі, што, прыклаўшы максімальна намаганняў да вучобы, можна дасягнуць любой мэты. У гэтым вялікая заслуга настаўнікаў. А што наконт абвінавачанняў педагогаў у неналежным выхаванні дзяцей, то адназначна сказаць нельга, ролю выхавальніка першапачаткова павінна выконваць сям’я. Што ў сям’і адбываецца і абмяркоўваецца, то адбіваецца на дзецях. А потым і школа ўносіць сваю лепту, як і БРСМ, але маладзёжная арганізацыя бярэ ў свае шэрагі практычна сфарміраванага чалавека. Проста сённяшняя моладзь ад тых юнакоў і дзяўчат нашага пакалення адрозніваецца. Інтэрнет і сацыяльныя сеткі сваю справу ўсё-такі робяць. Сучасная моладзь больш інфармаваная. І на жаль, інфармацыя бывае рознай.
Але нашай моладдзю мы можам ганарыцца. І дзяржава наша ўсё робіць для таго, каб яна магла атрымліваць цудоўныя веды ў школе. Прыйшлі на першавераснёўскую лінейку, а тут зроблены рамонт – чыста, утульна, бяспечна. Абмяркоўвалася на форуме і тое, што маладыя ўдзельнічалі ў вулічных беспарадках. Але не сельская моладзь. Як і бацькі. Ім няма калі выходзіць на вуліцы, на забастоўкі, выказвацца – заняты працай, вучобай. Вясковыя юнакі і дзяўчаты – гэта наша апора.