Свята праходзіла пад песні і пчаліны карагод. Пчолкі танцавалі на сцэне, пчолкі ляталі над мядовымі пачастункамі, якія прапаноўвалі гасцям свята руплівыя мясцовыя пчаляры іх калегі з Полацкага і Міёрскага раёнаў.
Тэматычныя работы падрыхтавалі да свята юныя выхаванцы школы мастацтваў імя Язэпа Драздовіча пад кіраўніцтвам Жанны Балабуевай.
Цэнтральнай дзеяй свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу пчаляроў, які быў арганізаваны ў рамках рэалізацыі Еўрапейскага праекта “Стварэнне Цэнтра прасоўвання і падтрымкі прадпрымальніцтва і інавацый у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, Беларусь”. Сертыфікаты ўдзельнікаў і дыпломы атрымалі 20 пчалаводаў Глыбоччыны. Падзякамі за садзейнічанне ў правядзенне конкурсу ўзнагароджаны 6 чалавек.
Дэбютным канцэртным нумарам стала песня, прысвечаная пчалаводам, на словы і музыку мясцовых аўтараў у выкананні Аляксея Чэбана. Затым пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў спаборнічалі пчаляры-пачаткоўцы. Яны адказвалі на пытанні вядучых, выконвалі практычныя заданні, паказвалі, як справіліся з дамашнім заданнем – рэкламай глыбоцкага мёду. Традыцыйны абрад распячаткі мядовай рамкі правёў пчаляр Алег Храпавіцкі.
Пасля гэтага пчолкі-дзяўчынкі пачаставалі свежым медам прысутных на свяце. Правялі вядучыя і аукцыён мёду. Заробленыя сродкі былі перададзены на патрэбы манастыра. Завяршылася свята на вясёлай музычнай ноце.