Вечарам 23 ліпеня, на гарадскім стадыёне было людна: тут сабраліся спартсмены і аматары здаровага ладу жыцця, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада, грамадскіх арганізацый, удзельнікі і гледачы спартыўнага шоу.
У якасці ганаровага госця на свяце прысутнічала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Лазаронак. Спартсменаў усіх узростаў і гледачоў вітала загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Таццяна Зяваліч, якая разам з Анастасіяй Развадоўскай адкрывалі фестываль.
У праграме свята былі забегі паўзункоў, дзетак ва ўзросце ад 6 месяцаў да году, хадункоў (ад 2 да 3 гадоў), таптуноў (ад 4 да 5 гадоў), бегуноў – для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, “Забег кігурумі”, у якім прымалі ўдзел 13-14 гадовыя падлеткі, “Забег цінейджэраў” для юнакоў і дзяўчат, забегі мамачак, татаў, бабуляў і дзядуляў, алімпіёнікаў і гуру.
Былі на свяце і маскоўскія госці – вулічны тэатр Мікалая Чалнакова “Цырк у маім сакваяжы”, які падрыхтаваў інтэр-актыўны спектакль для дзяцей і дарослых.
У рамках усяго свята праходзіла дабрачынная акцыя “Выратавальная вішанька”, у ходзе якой нераўнадушныя да чужой бяды людзі збіралі сродкі на лячэнне і рэабілітацыю Аляксея Гараніна.