22 ліпеня ў імянной рэзідэнцыі каралевы, якая размяшчаецца на набярэжнай возера Кагальнае, прайшла прэстыж-сустрэча “У гасцях у Вішнёвай Каралевы».
У рамках мерапрыемства, якое вялі Вішнёвая Каралева, барон Мюнхгаўзен з прынцэсамі-вішанькамі, прайшло гашэнне паштовай маркі з выявай герба Глыбокага, спецыяльна падрыхтаванай РУП “Белпошта” да фестывалю.
У той дзень паштоўкі з “вішнёвым” штэмпелем у рамках праводзімай Глыбоцкім вузлом паштовай сувязі акцыі “Вішнёвае прывітанне” можна было бясплатна адправіць сябрам, родным і знаёмым у любы куточак Беларусі. Гэтую магчымасць скарысталі глыбачане, госці з Кітая, расійскага Уварава, гарадоў Беларусі і суседніх раёнаў.
На тэрыторыі рэзідэнцыі была арганізавана выстава маляваных дываноў загадчыка Глыбоцкага Дома рамёстваў Святланы Скавыркі. Метадыст гэтай установы Юлія Арэхава і Святлана Скавырка правялі майстар-класы па вырабу “вішнёвых” шпакоў і маляванні сувенірных вішань.
Музычныя падарункі прысутным на свяце дарылі Валянціна Пятроўская, Валерый Мурзіч, Таццяна Федаровіч і Сафія Спірковіч, Тадэвуш Бельскі, Валянціна Шнітко і Юлія Фенько.
Юная паварыха, вучаніца СШ №1 горада Аліна Мядзелец, разам з памочніцамі-вішанькамі, выхаванцамі аматарскага аб’яднання “Калейдаскоп” Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці пад кіраўніцтвам Святланы Сталяровай, частавалі гасцей смачным свежым вішнём варэннем.