16 ліпеня ўдзельнікі Еўрапейскага праекта “Стварэнне Цэнтра прасоўвання і падтрымкі прадпрымальніцтва і інавацый у Глыбоцкім раёне, Віцебская вобласць, Беларусь” разам з адміністратарам Праекта Міхаілам Арэхавым, старшынямі Залескага і Псуеўскага сельвыканкамаў Барысам Зайцам і Аляксандрам Гілём адправіліся ў завяршальны аб’езд па пасеках раёна, арганізаваны ў рамках конкурсу пчаляроў.
Маршрут рэйда пралягаў па тэрыторыях Пліскага, Ломашаўскага. Празароцкага і Псуеўскага сельскіх саветаў.
Мы пабывалі на пасецы санаторна-курортнага комплекса “Пліса” ў пчаляра Івана Дармачонка, які з’яўляецца намеснікам старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускія пчалаводы”, друкуецца з навуковымі артыкуламі ў часопісе “Гаспадар” і праводзіць навучанне для пачаткоўцаў пчалярскай справы.
На пасецы ў вёсцы Сяменчыкі замест гаспадара Пятра Кавалеўскага нас сустракаў і рабіў экскурсійны агляд яго брат Павел.
У ліку пяці пчаляроў, з якімі пазнаёміліся падчас аб’езду, была і прыгажуня-гаспадыня Вольга Франскевіч, былы работнік банка, мінчанка, якая рэалізуе ў Празароках свой першы ў жыцці самастойны праект.
Затым дарога прывяла нас на радзіму Ігната Буйніцкага, у вёску Палевачы, дзе гаспадарыць Сяргей Радзюш. Працавіты, акуратны, старанны, ён працягвае справу, распачатую дзедам і бацькам.
І завяршыўся аб’езд на пасецы ў Андрэя Гінько. Малады чалавек не толькі руплівы гаспадар і вопытны пчаляр, але і чалавек, які любіць гісторыю, краязнаўства, збірае артэфакты мінулага і стварае на сваім участку своеасаблівы музей Часу.
У кожнага з гэтых людзей свае шляхі і падыходы да справы, абсталяванне і прыстасаванні, але аб’ядноўвае іх адно – любімы занятак: пчалярства для душы і для папаўнення сямейнага бюджэту.
Больш падрабязна пра развіццё пчалярства на Глыбоччыне чытайце ў газеце “Веснік Глыбоччыны”. Мы нагадваем, што ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу адбудзецца ў рамках правядзення Мядовага спасу 14 жніўня.