Нядзельны рынак у Глыбокім (фотарэпартаж)

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

На Глыбоччыне жывуць працавітыя ініцыятыўныя людзі, якія скарыстоўваюць любую магчымасць для папаўнення сямейнага бюджэту.

Адны  пякуць дамашні хлеб на заквасе па даўнейшым рэцэпце, другія прадаюць мёд са сваёй пасекі, трэція парупіліся і ўжо  гандлююць  свежай ранняй бульбачкай. Нехта вырасціў капусту, хтосьць  — агуркі і памідоры. Няўрымслівыя гаспадыні прынеслі на рынак садовую маліну, а некаторыя  пабывалі ў лесе, назбіралі пазёмак і чарніц. У двух месцах гандлявалі клубніцамі: свойскімі, вырашчанымі на Глыбоччыне, і прывезенымі з суседняга Докшыцкага раёна. Гандаль ішоў: пакупнікі з пакетамі, слоікамі, вёдрамі закуплялі тавар.

Глыбачанка  Зіна, якая вучыць дзвюх дачок, падзарабляе ў сезон на ягадах, каб аплаціць іхнюю вучобу. У буднія дні працуе, а ў выхадныя збірае чарніцы.  Рэгіна Дзям’янчык на невялікм прысядзібным участку ў горадзе вырошчвае ягады, якія прадае з пачатку лета і да позняй восені. Кажа, што да пенсіі атрымліваецца нядрэннай прыбаўка.

Леаніда Краснадубская з Шуневіч  прыехала на рынак са сваімі клубніцамі і малінамі. Яе “суседка” па гандлёвым радзе  прапануе першыя лісічкі па 8 рублёў за  два літры. Жанчына кажа, што раней у Глыбокім прымалі і ягады, і грыбы, а цяпер здаць сабранае праблематычна. Прыватныя закупшчыкі ёсць, але яны даюць капейкі, а праца нялёгкая: і месцы трэба ведаць, дзе што расце, і дабрацца, і ў лесе на жары з камарамі выцерпіць  паўдня.

Уладзімір і Лія прадаюць прадукцыю, вырашчаную ў Мамаях на бацькоўскім агародзе. Раней на сотках шчыравалі бацькі, цяпер – яны самі. Капуста, цыбуля, бульба – прадукцыя свежая і якасная, а таму доўга не залежваецца. У мужа і жонкі ёсць пастанныя пакупнікі, якія давяраюць якасці вырашчанай прадукцыі ім якіх задавальняе цана.

На пяці гектарах зямлі сее зерне і садзіць раннюю бульбу на продаж Ігнацій Піліпёнак з Мацюкова. Яго цэннік — ад дробнай да той, з якой і дранікаў надзярэш — ад рубля да 2 рублёў 80 капеек.

У ліпені “з’ехала” цана на клубніцы: за кілаграм свойскіх  просяць па 3 рублі 50 капеек. Яе па такой цане купляюць вёдрамі: хто – на кампот, хто – на варэнне.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru