Конкурс пчаляроў у рамках Еўрапейскага праекта “Стварэнне Цэнтра прасоўвання і падтрымкі прадпрымальніцтва і навацый у Глыбоцкім раёне, Віцебская вобласць. Беларусь” працягваецца.
У канцы мая мы пабывалі на пасеках Залесскага сельскага Савета, дзе пазнаёміліся з пчалярамі Алегам і Марыяй Драбовічамі з вёскі Сорыкі і Святланай Юрэвіч з Залесся. Сённяшні маршрут пралягаў па вёсках Абрубскага, Галубіцкага і Падсвільскага сельскіх саветаў. Прадстаўлялі руплівых гаспадароў і наватараў старшыні сельвыканкамаў Анатоль Славецкі, Пётр Супранёнак і Анатоль Ерашэвіч.
Пра занятак любімай справай расказалі галоўны аграном сельгаспрадпрыемства “Каралі” Міхаіл Піскуновіч, былы энергетык Полацкага малочнага камбіната Эдуард Пятроўскі і яго памочнікі, сын Алег і жонка Ганна Іванаўна, былы фермер, садавод і пчаляр з вёскі Свіла Сяргей Шахалай і самы малады пчалавод, былы выпускнік Глыбоцкага СПТВ-168, падсвільчанін Генадзь Салаўёў.
Гэтыя на дзіва працавітыя, таленавітыя, вопытныя пчаляры маглі б уступаць у дыялог з навукоўцамі, пісаць артыкулы ў спецыялізаваныя часопісы і выступаць з лекцыямі перад студэнтамі профільных ВНУ. Больш падрабязны матэрыял чытайце ў бліжэйшых нумарах “Весніка Глыбоччыны”.