У Глыбоцкім раёне вясковыя жыхары ўсё часцей сталі бачыць паблізу сваіх населеных пунктаў дзікіх звяроў, якія могуць прадстаўляць небяспеку для жыцця людзей.
– На сельскагаспадарчых палетках былі заўважаны мядзведзі і дзве асобіны зуброў. Яны ў пошуках ежы могуць прыходзіць у вёскі, звычайна да стагоў ці цюкоў з сенам. Грамадзяне павінны прымаць меры перасцярогі, бо сустрэча з ляснымі жыхарамі вельмі небяспечная, – гаворыць галоўны спецыяліст раённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Артур Гапанёнак.
Спецыяліст нагадвае чытачам, што гэтыя жывёлы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
– У адпаведнасці з Законам “Аб жывёльным свеце”, самавольная выемка дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, іх незаконны абарот, а таксама здзяйсненне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці ці парушэнню асяроддзя іх знаходжання, ЗАБАРАНЯЕЦЦА, – тлумачыць спецыяліст. – З 1 сакавіка 2021 года за супрацьпраўныя дзеянні прадугледжаны наступныя віды адміністрацыйнай адказнасці.
За самавольную выемку дзікіх жывёл і іх частак па артыкуле 16.8 часткі 1 фізічныя асобы могуць атрымаць штраф ад 20 да 30 базавых велічынь (ад 580 да 870 рублёў), юрыдычныя асобы – да 500 базавых велічынь (да 14 500 рублёў). Па артыкуле 16.8 часткі 2 за парушэнне іншых патрабаванняў па ахове дзікіх жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь (580-870 рублёў). Акрамя таго, за незаконную выемку, здабычу звяроў-чырвонакніжнікаў, згодна пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2008 года №1042, фізічныя і юрыдычныя асобы будуць кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю. Яе памер вызначаецца па тарыфах, зацверджаных Указам Прэзідэнта краіны ад 24 чэрвеня 2008 года №348. Напрыклад, за незаконную выемку, здабычу зубра і мядзведзя – 400 базавых велічынь (11 600 руб.), за лася, аленя, барсука – 100 базавых (2 900 руб.), за глушца – 200 базавых велічынь (5 800 руб.).