Для вучняў 9 «Б» класа Глыбоцкай раённай гімназіі, як і для ўсіх іх равеснікаў і старэйшых сяброў, выпускнікоў 11-х класаў нашай краіны, зараз самы адказны і напружаны перыяд. Ідуць выпускныя экзамены. Хвалююцца юнакі і дзяўчаты, хвалююцца іх бацькі і настаўнікі. Хвалююцца і радуюцца выдатным адзнакам, якія пацвярджаюць трываласць атрыманых ведаў.
У раённай гімназіі адзінаццаты клас сёлета заканчваюць 25 выпускнікоў. «Выдатны наш калектыў, – кажа класны кіраўнік Зоя Уладзіміраўна Міхалевіч. – Усе старанныя, працавітыя, таленавітыя. А двое з іх – Арына Ламачэнка і Валерыя Ласоўская – прэтэндэнты на залаты медаль».
Дзевяцікласнікам – а іх 51 – застаецца здаць адзін экзамен. Класныя кіраўнікі Лідзія Анатольеўна Раманчук і Алена Мікалаеўна Рудак і ўсе педагогі падбадзёрваюць іх. Што ні кажыце, а падтрымка вунь як патрэбна – першыя ў жыцці экзамены! На атрыманне пасведчання аб базавай адукацыі з адзнакай прэтэндуюць Ганна Авджан, Дар’я Карніловіч, Эвеліна Шуран, Максім Кадушкевіч і Варвара Казакова.
Пажадаем гімназістам і ўсім выпускнікам раёна выдатных адзнак і поспехаў на далейшым жыццёвым шляху!

2.9300
3.3950
3.7300 
