Як у Глыбокім прайшла «Ноч музеяў»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Многія музеі па ўсёй краіне ў мінулыя выхадныя запрасілі аматараў гісторыі і ўсіх цікаўных на “Ноч музеяў”. Да міжнарожнай акцыі ў дзясяты раз далучыўся і Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Глыбачане, якія прыходзяць на культурнае мерапрыемства кожны год, пацвердзяць, што супрацоўнікі нашага музея не толькі выдатныя знаўцы гісторыі роднага краю, але і вялікія фантазёры. У майскую ноч у музеі ніколі не было сумна ні дарослым, ні дзецям. Сёлета для самых актыўных глыбачан, якія не забаяліся дажджу і пятнічным вечарам завіталі ў мезей, супрацоўнікі падрыхтавалі мерапрыемства пад назвай “Музейная бяссонніца. Версія 20.21”.

А пачалося яно з цырымоніі ўзнагароджання. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч павіншавала ўдзельнікаў гістарычнага квіз-марафона “Пра тую зямлю, дзе ты нарадзіўся”.

На працягу мінулага года юныя краязнаўцы – школьнікі, педагогі, працоўная моладзь – адказвалі на пытанні па гісторыі Глыбоччыны, падрыхтаваныя супрацоўнікамі музея. Пераможцаў марафону ў двух узроставых катэгорыях адзначылі падчас уручэння маладзёжнай прэміі “Прызнанне”, а майскай музейнай ноччу былі адзначаныя ўсе ўдзельнікі складанага гістарычнага конкурсу. Дыпломы і памятныя падарункі атрымалі юрысконсульт Белаграпрамбанка Ганна Жукава, якая заняла 2 месца ва ўзроставай катэгорыі 19-31 год, удзельнік гуртка “Юныя краязнаўцы” Удзелаўскай СШ (кіраўнік – Сяргей Алегавіч Хайноўскі), вучні 11 класа Падсвільскай СШ Максім Рымдзёнак і Залескай СШ Анастасія Кміта і Кірыл Хоміч, бухгалтар сельгаспрадпрыемства “Мярэцкія” Канстанцін Блін, інжынер Белгіпратопгаза Дар’я Обух, сацыяльны педагог СШ №1 імя П. Сухога Вераніка Кухта і каманда педагогаў СШ №2 “Дзяўчаты+”.

Затым у музейным дворыку праходзіла гульня пад назвай «Гі100рыі пра музей». Што мы ведаем пра музей і яго супрацоўнікаў? Чым яны займаюцца на сваіх працоўных месцах апрача правядзення экскурсій? Колькі экспанатаў захоўваецца ў музейных фондах? Ці многа людзей прыходзіць у музей, напрыклад, за год? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі дзве каманды: “Трыумфатары” Глыбоцкага МКК (якія, дарэчы, сталі пераможцамі!) і зборная каманда вучняў гарадскіх школ “Вішнёвы горад”.

А маленькіх наведвальнікаў музея запрасілі ў гэты час на дзіцячую гульнявую пляцоўку «Музейные затеи». У музейным дворыку працавала фуд-зона “Шынок на Ломжынскай” (менавіта так называлася ў 20-30-я гады вуліца Энгельса), дзе заможны глыбоцкі яўрэй забаўляў гасцей, а ўвішныя гаспадыні частавалі стравамі нацыянальнай кухні.

Позна ўвечары ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся ў музейных залах. Для моладзі была арганізавана ролевая гульня “Мафія вяртаецца”, дзеці разам з бацькамі шукалі “Клады Глыбоччыны”, а некаторыя адправіліся ў віртуальнае падарожжа ў VR-шлемах.

Музейная ноч завяршылася, а наведвальнікі не спяшаліся разыходзіцца. “А тут цікава! Мы шмат новых фактаў з гісторыі нашага горада даведаліся ўсяго за некалькі гадзін, праведзеных у музеі, – разважалі старшакласнікі. – Абавязкова прыйдзем у музей калі-небудзь яшчэ”. Між іншым, такую мэту калісьці і ставілі ініцыятары акцыі “Ноч музеяў”: зацікавіць, зачапіць сваіх наведвальнікаў настолькі, каб ім захацелася прыйсці ў музей як мінімум яшчэ адзін раз.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru