Кіраўнік раёна Аляксандр Шубскі занепакоены станам асфальтавага пакрыцця на вуліцах Глыбокага і на дарогах раёна, указаўшы намесніку райвыканкама Андрэю Голубеву, начальніку аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандру Латышонку, дырэктару УП ЖКГ Сяргею Кашміла на недастаткова праведзеную работу па іх рамонце і аднаўленні: у адсутнасці працоўнай дысцыпліны сярод работнікаў, у неаператыўнасці выканання даведзеных заданняў.
– Бяспека на дарогах дзяцей і дарослых – тэма актуальная. Цяпер на вуліцах пачалі праводзіць оптавалаконную сувязь. Неабходна, каб гэтае пытанне было заўсёды на кантролі ў райвыканкаме і без нашага ўзгаднення на кожным участку пракладка сувязі не пачыналася. Трэба, каб пасля праведзеных сувязістамі работ, тратуар і дарога былі адноўлены якасна і неадкладна, – засяродзіў увагу на праблеме Аляксандр Мікалаевіч, у прыватнасці закрануўшы і пытанне неабуладкаванага тратуара па вуліцы Леніна, які ўплывае на бяспечны і зручны рух пешаходаў, што рухаюцца з цэнтра горада да мікрараёна МКК, на няякаснае аднаўленне тратуарнай пліткі ля магазіна “Санта”.
Гаварылася на нарадзе і пра тое, што асфальтавае пакрыццё на гарадскіх вуліцах псуецца таксама разам з пракладваннем газаправода да прыватных дамоў і, на жаль, у належным стане не аднаўляецца. Да таго ж на нашы дарогі паўплывала і сёлетняя марозная зіма – колькасць вуліц з дрэнным асфальтавым пакрыццём у гэтым годзе нашмат вырасла. Старшыня райвыканкама ўказаў на тое, што праводзіць ямачны рамонт трэба аператыўна, без прамаруджванняў, дзе патрэбна скарыстоўваць грэйдар, каб выраўняць дарогі, узбочыны. Да рамонту гарадскіх вуліц былі падключаны ДЭУ № 35 і Глыбоцкае ДРСУ-145.
– Аб’ём работ вялікі. Зробім абавязкова ўсе вуліцы. На жаль, пагодныя ўмовы не даюць магчымасці працаваць у поўную сілу. Але ў першую чаргу мы рамантуем транзітныя вуліцы, а потым пяройдзем да крытычных – Чыгуначнай, Калініна і Школьнай, – сказаў Аляксандр Латышонак, апісаўшы таксама складаную сітуацыю, якая склалася на вуліцы Шпітальнай (патрабуецца ў тым ліку падсыпка гравіем, што ў хуткім часе будзе зроблена), і паабяцаў: – Створым дадаткова рамонтную брыгаду і ўзмоцнім работу.
– Шчэбень, смала закуплены ў поўнай меры. Вымушаны “лавіць” добрае надвор’е, каб рамантаваць вуліцы. Як дождж пачынаецца, пераключаемся на іншыя работы, – тлумачыў Сяргей Кашміла.
– Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць ямачнаму рамонту на вуліцах Леніна, Савецкай, Чырвонаармейскай, Чыгуначнай, Школьнай, і закончыць яго да 9 Мая, як і аднавіць тратуар па вуліцы Леніна, а таксама штучныя няроўнасці, у тым ліку і на плошчы 17 Верасня, нанесці разметку. Нашы людзі заслужылі, каб на дарогах і тратуарах было зручна і бяспечна, – старшыня райвыканкама даў таксама заданне кіраўнікам адпаведных службаў закончыць работу з ямачным рамонтам на ўсіх вуліцах Глыбокага да 20 мая, а таксама прывёў у прыклад работу вяскоўцаў: – У сельскай гаспадарцы механізатары сеюць да позняга і ў выхадныя, і ў святы.
Як адзначыў Аляксандр Шубскі, сістэме ЖКГ райвыканкам будзе заўсёды памагаць: з 61 тысячы, паступіўшых з заробленых на суботніку сродкаў, 32 тысячы пералічаны на закупку неабходнага для добраўпарадкавання горада і раёна. А гэта і дарожныя знакі, і слупы, і бардзюры на чатыры гарадскія вуліцы.
Старшыня райвыканкама звярнуўся і да начальнікаў дарожных службаў Паўла Цісецкага і Юрыя Бервячонка, пацікавіўшыся іх планамі па рамонце дарог у раёне, бо шмат дзе стан асфальтавага пакрыцця і “гравіек” нездавальняючы, што перашкаджае камфортнаму даезду да многіх населеных пунктаў:
– Найперш займіцеся рамонтам дарог да вёсак, куды едуць з усяго свету: у тую ж Івесь, Чарневічы. На май і чэрвень запланаваны работы па вырашэнні праблемы аварыйнай вышыні люкаў на дарозе.