Гэтаму сапраўды народнаму святу са слязьмі на вачах прырода падарыла багатую вішнёвую квецень і каляровыя цюльпаны.
Для гасцей свята былі арганізаваны фотазоны “Жывая паштоўка”, “Пісьмо ветэрану” і “А можа і не было вайны?”, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Дома рамёстваў, выхаванцамі раённай гімназіі і работнікамі раённага вузла паштовай сувязі.
Музейныя кампазіцыі і інсталяцыя, якія паказвалі жахі вайны, а таксама віртуальнае падарожжа, у якое маглі аправіцца дарослыя і дзеці з дапамогай акуляраў VP-рэальнасці, падрыхтавалі супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Аддзяленне дзённага прыбывання для інвалідаў “Хутарок надзеі” прадстаўлялі Алена Кірылава і Галіна Машкова. Яны прапаноўвалі глыбачанам бяспройгрышную латарэю, сувенірную і паліграфічную прадукцыю, якую вырабляюць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці і ганчарных вырабаў падрыхтавалі спецыялісты Дома рамёстваў.
Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці прапаноўваў для прагляду ў паходнай палатцы, размешчанай на наберажнай возера Кагальнае, дакументальны фільм “Іменем Багратыёна” аб вызваленні Беларусі, а таксама дзве мастацкія кінастужкі.
Белых галубкоў дарылі гасцям свята, а таксама прапаноўвалі сувенірную прадукцыю гурткоў малявання, “Дэкаратыўны дызайн”, “Чароўны лапік” – Алеся Федаровіч і Ірына Пачкоўская з Цэнтра дзяцей і моладзі. Супрацоўнікі гэтай установы арганізавалі таксама фотазону.
Людна было і ля гандлёвых радоў. Бацькі куплялі дзецям цацкі, сцяжкі, паветраныя шары, салодкую вату. Малышы і падлеткі каталіся на дзіцячых машынках і картынгах.
Сваёй прадукцыяй гандлявалі мясакамбінат і хлебазавод. Багаты асартымент прысмакаў прадставілі пакупнікам прадаўцы магазіна “Рагнеда” Алена Барыла і Таццяна Піскуновіч. Па-дамашняму прыгатаванымі рулетамі, булачкамі, кексамі, пячэннем, духмянай юшкай і салдацкай кашай – частавалі гараджан супрацоўнікі дзяржпрафліцэя Тамара Станевіч і Наталля Цяліца, Марыя Арэхва, Іарына Васілёнак, Таццяна Кургузава.
Для большасці ўдзельнікаў свята — глыбачан, падсвільчан, пастаўчан, палачан — Дзень Перамогі – гэта боль і памяць, бо ў кожнай сям’я былі франтавікі, дзядулі і бацькі, якія змагаліся ў дзеючых арміях і ў партызанах, прайшлі праз плен і ваенныя шпіталі і набліжалі Вялікую Перамогу. Яе сёння пад мірным небам адзначаюць нашчадкі герояў Вялікай Айчыннай.
Са святам, паважаныя глыбачане і госці горада!