З 23 па 30 красавіка 2021 года ў Глыбоцкім раёне праводзілася прафілактычнае мерапрыемства “Мотодвижение без нарушений”, а 30 красавіка – Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху “Адкрый сезон без парушэнняў”. Пра гэта расказаў старшы інспектар ДПС АДАІ Глыбоцкага РАУС Аляксандр Палілейка.
– За час правядзення прафілактычных акцый выяўлены адзін факт упраўлення мотатранспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, – удакладніў старшы інспектар.
Размову з супрацоўнікам міліцыі вялі за колькі хвілін да афіцыйнага адкрыцця мотасезону, якое адбылося на стаянцы аўтатранспарту аддзела дзяржаўтаінспекцыі Глыбоцкага РАУС. Сярод удзельнікаў – старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Глыбоцкага РАУС Юрый Янкін, ксёндз Уладзіслаў Шарковіч, вікарый парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, і, канешне, байкеры, якія змаглі ў той дзень і час папрысутнічаць на мерапрыемстве.
– Зараз на дарогах Беларусі мотатранспарту будзе ўдзяляцца шмат увагі. Матацыклісты ў міліцыі на асобым уліку. Не стварайце праблем ні сабе, ні нам – галоўнае, не парушайце правілы дарожнага руху, а з любой іншай сітуацыі на дарозе можна выруліць, – гаварыў старшы дзяржаўтаінспектар.
Ксёндз Уладзіслаў звяртаўся да байкераў-глыбачан, заклікаючы не рызыкаваць сваім жыццём:
– Памятайце пра правілы руху. Калі вы будзеце іх выконваць, то абавязкова дасягнеце сваёй мэты. Майце таксама салідарнасць з іншымі вадзіцелямі, удзельнікамі дарожнага руху, дапамагайце на дарогах тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Няхай з вамі будзе Божае блаславенне і апека святога Кшыштафа, памочніка тых, хто ў дарозе.
Святар прамовіў малітву: “Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе…”, пасля якой асвяціў і блаславіў матацыклы. На развітанне ксёндз У л а д з і с л а ў уручыў байкерам невялікіх памераў буклеты з выявай святога Кшыштафа і малітвай, пажадаўшы трываласці на шляху падарожжаў.
Напрыканцы мерапрыемства Юрый Янкін адказаў на пытанні прысутных, якія тычацца ўдзелу ў дарожным руху мотатэхнікі, а таксама нагадаў, што на матацыклах фары павінны абавязкова ўключацца і ў дзённы час.
– Удачы на дарогах! – пажадалі адзін аднаму ўдзельнікі. – І будзем сустракацца толькі па добрай нагодзе!
Дарэчы, на адкрыцці мотасезону прысутнічалі і прадстаўніцы чароўнай паловы, што, як сцвярджаюць супрацоўнікі міліцыі, рэдкая з’ява ў Глыбоцкім раёне. Па якой прычыне яны асядлалі “жалезнага каня”, мы абавязкова раскажам у адным з нумароў раённай газеты.