Ямачны рамонт, пясчана-гравійная падсыпка, грэйдзіраванне, санітарная і ачыстка прыдарожных палос ад драўніна-кустарнікавай расліннасці, рамонт дарожных павільёнаў, знакаў і ўказальнікаў – усё гэта павінна быць пад пастаянным кантролем работнікаў профільных арганізацый – такая задача была пастаўлена перад кіраўнікамі дарожных службаў раёна падчас правядзення нядаўняй рабочай нарады ў райвыканкаме.
– На сакавік нам было выдзелена 50 тысяч рублёў і гэтыя сродкі мы ўжо асвоілі, – кажа дырэктар ДРБУ №145 Юрый Бервячонак. – Сёлетняя вясна была марозная і слізкая, таму пасыпалі дарогі пясчана-саляной сумессю. Рабілі ямачны рамонт дарог Падсвілле-Галубічы-Крулеўшчына, Глыбокае-Шунеўцы-Верхняе, Зябкі-Ушачы, у Мамаях. Як поўнасцю сыдзе снег, будзем, згодна графіка, займацца рамонтным прафіліраваннем (грэйдзіраваннем).
– Праз Глыбокае праходзяць транзітныя ўчасткі дарог рэспубліканскага значэння, для рамонту якіх з рэспубліканскага бюджэту выдзелены 100 тысяч рублёў. Сёлета будзем рамантаваць серпанцінны ўчастак дарогі, пачынаючы ад святлафора на перакрыжаванні вуліц Вольнай і Савецкай у бок вуліцы Гагарына і Энгельса: пракладваць двухбаковы тратуар і асфальтаваць гэты ўчастак. Яшчэ адзін аб’ект размяшчаецца ў раёне Беразвечча. Пачынаючы ад ПК-13 да магазіна “Тэхас” пракладзём аднабаковы новы тратуар, – гаворыць аб бліжэйшых планах дырэктар УП ЖКГ Сяргей Кашміла.
– З рэспубліканскага бюджэту нам кожны месяц выдзяляюць лімітаваныя сумы для рамонту і ўтрымання дарог. У сакавіку-маі асноўныя работы звязаны з падрыхтоўкай да вяснова-летняга перыяду ўсіх 336 кіламетраў трас рэспубліканскага значэння, якія знаходзяцца на нашым балансе на тэрыторыі Глыбоцкага, Докшыцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, – тлумачыць начальнік ДЭУ-35 Павел Цісецкі. – На красавік, напрыклад, для гэтых мэт выдзелены 200 тысяч рублёў. За гэтыя грошы будзем ліквідаваць ямачнасць, якая сёлета па аб’ёмах у паўтара раза большая, чым летась, санітарнай ачысткай прыдарожных палос, пабелкай, афарбоўкай, рамонтам і абнаўленнем дарожных знакаў і ўказальнікаў.