Як юныя глыбоцкія мастакі славяць маляванкі Язэпа Драздовіча

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У пачатку сакавіка ў Оршы прайшло выніковае пасяджэнне калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. У яго рабоце прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч. У рамках мерапрыемства ў ГДК “Орша” была арганізавана выстава-прэзентацыя дзейнасці арганізацый культуры, удастоеных прэміі Віцебскага аблвыканкама. І сярод іх былі творчыя работы юных глыбачан.

– На абласной калегіі падведзены вынікі работы ўстаноў культуры за 2020 год. Вельмі прыемна, што калектыў Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ўзнагароджаны дыпломам «Лепшая школа». Малайцы! – радуецца добрым вынікам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч. – Падчас прэзентацыі выставы нашай школы Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч пазнаёміўся з работай установы: як навучаюць дзетак з улікам творчай спадчыны Язэпа Драздовіча, уважліва разгледзеў прадстаўленае ў экспазіцыі. Яго вельмі зацікавіў вопыт школы па трансгранічным супрацоўніцтве на аснове міжнародных праектаў. Анатоль Канстанцінавіч сказаў, што абавязкова трэба дзяліцца сваімі набыткамі і прымнажаць усе дасягненні. Асабліва захапіла карта “Прагулкі па вішнёвай сталіцы”, створаная самімі настаўнікамі, якую яны ўручылі Анатолю Ліневічу.

Падчас афіцыйнай часткі пасяджэння дырэктар школы Жанна Уладзіміраўна Балабуева выступіла з дакладам па тэме “Фарміраванне прыярытэтных накірункаў работы школы з выкарыстаннем спадчыны Язэпа Драздовіча”, каб больш ярка пазнаёміць з каштоўнымі педагагічнымі напрацоўкамі.

Пра што ішла гаворка на калегіі:

– Па-першае, расказалі, як мы выкарыстоўваем спадчыну Язэпа Драздовіча на ўроках, у навучальным працэсе. Прапаноўваем дзецям разнастайныя тэмы. Робім копіі работ Язэпа Драздовіча. На занятках па жывапісе займаемся распрацоўкай сюжэтных дываноў. Традыцыйна працуем па чорным фоне: гэта і нацюрморты з натуры, і творчыя кампазіцыі, – Жанна Уладзіміраўна падзялілася з намі інфармацыяй. – Другі накірунак – музейная работа. Цесна супрацоўнічаем з нашым гісторыка-этнаграфічным музеем. Абавязкова наведваем выставы, прысвечаныя творчасці Язэпа Драздовіча. Непасрэдна там і малюем: робім копіі, замалёўкі. Стараемся арганізоўваць паездкі нашых дзетак у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Там дастаткова добрая экспазіцыя работ Язэпа Драздовіча.

Трэці накірунак – пленэрная дзейнасць. Выязджаем з дзеткамі на мясціны, звязаныя з творчасцю Язэпа Драздовіча, у тую ж Галубіцкую пушчу, напрыклад. У Глыбокім, як вядома, таксама ёсць такія мясціны. Паказваем іх дзецям і кажам: “Вось з гэтага месца Драздовіч маляваў!”

І праектная наша дзейнасць – чацвёрты накірунак – таксама цесна звязана з імем Драздовіча. Адзін праект завершаны, а з ліпеня 2020-га пачалі рэалізацыю новага. Мы захоўваем спадчыну дзядзькі Язэпа – у сугучнасці з часам ствараем яго дываны. У планах праекта, што дзеці іх будуць маляваць, знаёміць з імі нашых замежных партнёраў: Літву, Латвію. Затым малюнкі будзем пераводзіць у лічбавы варыянт, раздрукоўваць баннеры і імі ўпрыгожваць наш горад. Плануецца, што на баннерах будуць выявы не толькі маляваных дываноў Драздовіча, але і маляванкі, створаныя па праекце дзецьмі на занятках. Гэта важна, бо ўсё гэта праходзіць як захаванне нашай нематэрыяльнай спадчыны.

Праект разлічаны на два гады. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй цяжка планаваць паездкі, тым не менш спадзяёмся на лепшае, запланаваны майстар-класы настаўнікаў і для дзяцей. Калі межы краін будуць закрыты, пройдуць анлайн-сустрэчы.

Гэта чатырохбаковы праект. Па традыцыі супрацоўнічаем з Лудзенскай мастацкай школай імя Ю. Сойкана. Далучыліся да нас Дом народнай творчасці з літоўскага горада Малетай і Наваполацкі цэнтр творчасці. Кожны партнёр знаёміць са сваімі творчымі набыткамі: у Латвіі мы знаёмімся з дрэваапрацоўкай, у Літве – у асноўным з керамікай, як і ў Наваполацку.

Дарэчы, на калегіі калектыву Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча ўручылі прэмію Віцебскага аблвыканкама ў памерах 200 базавых велічынь. Настаўнікі пакуль вырашаюць, як з карысцю для навучання юных мастакоў размеркаваць грашовыя сродкі.

– У планах набыць светлавы стол-планшэт для малявання пяском. Пра гэта мы марылі ўжо даўно, – разважае Жанна Уладзіміраўна. – І школьнікаў сваіх навучым гэтаму цікаваму занятку. Магчыма, і для жадаючых дарослых гурток арганізуем.

Творчае жыццё ні на хвілінку не заціхае ў мастацкай школе – крэатыўныя заняткі, грандыёзныя праекты, незабыўныя інсталяцыі… Пра іх мы абавязкова раскажам у хуткім часе.

Фота прадастаўлена Л. КАРНІЛОВІЧ.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru