Алеся Старажышына з Галубіч не проста зваршчыца Глыбоцкай ПМК-48 — яна ўлюбёная ў сваю прафесію! І хоць сёлета атрымае дыплом юрыста, мяняць месца работы не плануе: будзе і далей упрыгожваць сабой і сваёй працай мужчынскі калектыў будаўнікоў.
Скончыла Лужаснянскі саўгас-тэхнікум, магла працаваць аграномам ці перакваліфікавацца на прадаўца, повара, бухгалтара, паштальёна, але ўсе гэтыя прафесіі лічыла сумнымі і нецікавымі. Прыйшла зваршчыцай у ПМК-48, дзе некалі працаваў бацька Міраслаў Васільевіч, і стала прадаўжальніцай сямейнай дынастыі.
—Рабочую акадэмію я закончыла за пяць месяцаў. Тэорыю вывучала на курсах у Віцебскім вучэбным камбінаце, практыку — у ПМК пад кіраўніцтвам зваршчыка V разрада Уладзіміра Жыдко. А затым адправілася ў самастойнае “плаванне”, якое працягваецца 13 гадоў, – расказвае дзяўчына.
Увесь гэты час Алеся працуе ў раствора-бетонным вузле прадпрыемства, варыць металічныя каркасы, якія выкарыстоўваюцца затым для заліўкі бетонных канструкцый, што ідуць на будаўніцтва розных аб’ектаў. Аб’ёмы немалыя, работа не лёгкая, патрабуе старання і майстэрства, але работа “гарыць” у руках Алесі. На гадзіннік не глядзіць, час да абеду перакурамі і перапынкамі не падганяе. Угнацца за ёй у рабоце не кожны мужчына здолее. Цэнны работнік у калектыве, шчыры і працалюбівы, сціплы і немнагаслоўны, — так характарызуюць яе дырэктар прадпрыемства Андрэй Сясіцкі і загадчык вытворчасці Міхаіл Верташонак.
Алеся – не публічны чалавек, не любіць даваць інтэрв’ю, але два гады назад усё ж згадзілася на сустрэчу з журналістам газеты “Беларускі час”. Аповяд пра нашу Алесю стаў адметнай рэкламай працавітай творчай крэатыўнай Глыбоччыны, дзе яна жыве і працуе.