Меркаванне дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу: Вячаслаў Сабыніч, Віктар Васюковіч, Эдуард Длужнеўскі, Эла Ждановіч

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Вячаслаў САБЫНІЧ, галоўны ўрач УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ”.

Мяне, як жыхара сельскай мясцовасці і кіраўніка раённай установы аховы здароўя, акрыліла тое, што ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў шмат увагі ўдзелена развіццю рэгіёнаў, здароўю і даўгалеццю людзей, павышэнню даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі. Зыходзячы з гэтага, вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці: узмацненне эпідэміялагічнай бяспекі і зніжэнне ўзроўню захворванняў, развіццё інфраструктуры аховы здароўя, лічбавізацыя і павышэнне эфектыўнасці ўпраўлення і фінансавай устойлівасці сістэмы медыцыны. Плануецца стопрацэнтна ахапіць насельніцтва паслугамі пярвічнай меддапамогі, узмацніць прафілактыку інфекцыйных захворванняў і ўдасканаліць механізм дыспансерызацыі. Сярод першачарговых мер – папярэдзіць распаўсюджванне хвароб і інфекцый, мінімізаваць вынікі каронавіруснай інфекцыі, знізіць смяротнасць ад знешніх прычын праз узмацненне аховы працы, прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў і бытавога траўматызму, з дапамогай прэвентыўных мер папярэджваць фарміраванне залежнасці моладзі ад псіхаактыўных рэчываў, стварыць адзіны прафілактычны асяродак шляхам змяншэння распаўсюджвання спажывання ўсіх відаў тытунёвай прадукцыі. У краіне будуць створаны 12 міжрэгіянальных цэнтраў аказання спецыялізаванай меддапамогі, адзін з якіх у бліжэйшы час з’явіцца ў нашым раёне. Да гэтага часу функцыі міжраённых выконвалі тры аддзяленні Глыбоцкай райбальніцы: інфекцыйнае, пералівання крыві і гемадыялізу. Сёлета пры садзейнічанні нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі, падтрымцы раённага бюджэту распачаты работы па замене двух ліфтаў і падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю часткі асноўнага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы на першым паверсе, дзе цяпер знаходзіцца прыёмны пакой. Пасля праведзеных работ у снежні гэтага года за сродкі рэспубліканскага бюджэту будзе куплены і ўсталяваны апарат камп’ютарнай тамаграфіі. Жыхарам Глыбоцкага і суседніх раёнаў, каб прайсці дыягностыку, ужо не трэба будзе ездзіць у Наваполацк і Віцебск. Гэта, лічу, вялікі плюс. У краіне будзе рэалізаваны праект “Клапатлівая паліклініка”, які прадугледжвае змену графіка работы рэгістратуры і дакладную маршрутызацыю пацыентаў. Плануецца таксама пашырыць аб’ёмы мэтавага навучання спецыялістаў у сферы медыцыны па заяўках мясцовых органаў улады, давесці забяспечанасць насельніцтва ўрачамі-практыкамі. Некалі нам здавалася, што лічбавая медыцына – гэта ўтопія, а цяпер бачым, што яна становіцца рэальнасцю. На працягу пяці гадоў у краіне будзе створана адзіная тэлекамунікацыйная інфраструктура аховы здароўя, укаранёныя інтэлектуальныя сістэмы для дыстанцыйнага маніторынга здароўя – тэлемедыцына, рабатызацыя правядзення высокатэхналагічных аперацый, мабільная лічбавая транкінгавая (шматканальная) сувязь, распрацаваны меры стымулявання насельніцтва да добраахвотнага медстрахавання. Усё запланаванае разлічана на тое, каб павялічыць чаканую працягласць жыцця людзей да 76,5 гадоў.

Віктар ВАСЮКОВІЧ, дырэктар Глыбоцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– На рэспубліканскім форуме былі акрэслены асноўныя праблемныя пытанні ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку – у сацыяльнай: дэмаграфічны дысбаланс, старэнне насельніцтва, недастаткова развітая сацыяльная інфраструктура, асабліва ў сельскай мясцовасці. Гэтыя пытанні ляглі ў аснову прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы, якая па-ранейшаму будзе праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку – дабівацца сацыяльнай стабільнасці, росту дабрабыту людзей, стварэння ўмоў для іх камфортнага жыцця, работы і самарэалізацыі, забяспечваць даступнасць сацыяльнай дапамогі, узмацняць яе адраснасць і павялічваць якасць сацыяльных паслуг. Радуе тое, што дзяржава і далей гарантуе ўмацаванне інстытута традыцыйнай сям’і, падтрымку шматдзетных сем’яў, ахову дзяцінства і мацярынства, распрацоўку дадатковых мер стымулявання для нараджэння ў сем’ях двух і наступных дзяцей, удасканалення сістэмы сацыяльнай дапамогі, пашырэння праграмы сямейнага капіталу. Што датычыць дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі, то яна будзе арыентавана на індывідуальныя патрэбы чалавека, які трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Для асобных катэгорый беспрацоўных плануецца павышэнне дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытачнага мінімуму. Будуць развівацца стацыянаразамяшчальныя тэхналогіі сацыяльнага абслугоўвання: паслугі сядзелак, сацыяльнае абслугоўванне на даму, адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў у замяшчальных сем’ях, а таксама – механізм дзяржаўнага сацыяльнага заказа з прыцягненнем для аказання сацыяльных паслуг некамерцыйных грамадскіх арганізацый. Важным накірункам стане і забеспячэнне паўнавартаснага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства шляхам стварэння для іх безбар’ернага асяроддзя, у тым ліку прыступачных пад’ёмнікаў у жылым фондзе. На аснове прынятай праграмы, за якую прагаласавалі дэлегаты, мы і будзем планаваць работу на бліжэйшае пяцігоддзе.

Эдуард ДЛУЖНЕЎСКІ, дырэктар Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Дзвінская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», дэпутат Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання ад Пасялковай выбарчай акругі № 31.

– Усебеларускі народны сход – гэта важнейшы форум дзяржавы, на якім рашаюцца пытанні, што хвалююць беларускі народ, абмяркоўваюцца планы развіцця краіны на наступную пяцігодку. Так было і на VI Усебеларускім народным сходзе, хіба толькі на пачатку сярод прысутных адчувалася атмасфера скаванасці і напружанасці, бо чакалі ад Прэзідэнта Беларусі адказаў на многія пытанні, якія хвалююць грамадства. Але адкрыццё сходу, яго далейшая работа атмасферу змяніла ў процілеглы бок. Шчырая размова, пранікнёныя словы… Даклад кіраўніка дзяржавы быў аб’ёмным. Трэба было слухаць уважліва, бо гаварылася пра ўсе накірункі развіцця дзяржавы з дэтальнымі тлумачэннямі, як будзем рухацца далей. Пра гэта хацеў пачуць кожны з дэлегатаў і гасцей. Тэма лясной гаспадаркі таксама закраналася. Асноўнае было выказана ў праекце Праграмы сацыяльнага развіцця на наступную пяцігодку – планаванне, узмацненне абароны лесу ад шкоднікаў і хвароб шляхам сучаснага і якаснага правядзення санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, а таксама за кошт укаранення новых тэхналогій апрацоўкі і прымянення сучасных інсектыцыдаў. У гэтай пяцігодцы таксама неабходна ўкараніць Адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «Улік драўніны і здзелак з ёй». Эфектыўнасць лясной гаспадаркі будзе заснавана на якасным аднаўленні лясоў і захаванні рэкрэацыйнага патэнцыялу і эканамічнага значэння. Тэме патрыятызму, пра якую я згадваў напярэдадні форуму, на сходзе была ўдзелена вялікая ўвага. Гаварылася пра захаванне каштоўнасцей, якія мы на сённяшні дзень маем, пра тое, што неабходна трымаць у памяці нягоды і цяжкасці ваенных гадоў, якія перанеслі нашы бабулі і дзядулі. Сучаснасць паказвае, як перапісваецца гісторыя, у тым ліку і заслугі беларускага народа. На якіх эмоцыях гаварыла прадстаўніца Сербіі Івана Жыган! Яна выказала думку, што трэба берагчы сваю дзяржаву і разумець, што вайна – гэта заўсёды боль. Заклікала да душэўнага спакою і шанавання таго, што ёсць сёння, бо заўтра можа і не быць. Алег Гайдукевіч, прадстаўнік ліберальна-дэмакратычнай партыі, акцэнтаваў таксама ўвагу на тым, што трэба паважаць тое, чаго дасягнулі ў нашай краіне па захаванні памяці загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне, быць патрыётам і несці гэтыя пачуцці ў жыццё, перадаваць, а не забываць. Пра гэта я расказваю і буду расказваць школьнікам, на сустрэчах з працоўнымі калектывамі: і Дзвінскай базы, і бальніцы, і Дома культуры. Канешне, у кожнай аудыторыі будзем весці дыялог па адпаведнай і цікавай ёй тэме.

Эла ЖДАНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.

– Тэлебачанне якім бы цудоўным ні было б, не можа перадаць той атмасферы, якая панавала на форуме. Найбольш, канешне, уразіла выступленне Прэзідэнта Беларусі, бо гаварыў ён усё як ёсць, ад душы. Захапляла тое, што падчас абмеркавання даклада кіраўніка краіны сярод выступоўцаў былі не толькі вядомыя асобы, але і маладыя людзі. Моцным было і ўражанне ад выступленняў простых рабочых, якія і пачыналі так: “Мне прасцей сядзець за рулём камбайна (займацца сваёй працай), чым выступаць перад тысячнай аўдыторыяй”. І гэта гаварылася ад душы – мы падтрымлівалі іх, як маглі. Запалі ў сэрца прамовы людзей ля мікрафона ў зале. І крык душы актрысы з Сербіі Іваны Жыган – выказванне “Вялікае бачыцца на адлегласці” вельмі шчыра прагучала ў яе вуснах, як чалавека перажыўшага падобнае і якому з боку больш бачна. І заклік прадстаўнікоў Украіны, што трэба вучыцца на чужых памылках: “Падумайце, што мы ў выніку маем, а тут яшчэ ўсё ў вашых руках”. І яркія словы звычайнага слесара ліцейнага завода: “Сапраўды ісціна: гледзячы на тое, як у іншых, можна згубіць тое, што ёсць у сябе”. Выказванняў цікавых, праектаў, ідэй наогул было многа агучана – і ўсё можна ўзяць для свайго рэгіёну, дадаўшы мясцовай “изюминки”. На форуме азнаёмілі з асноўнымі накірункамі развіцця дзяржавы на пяцігодку: такімі маштабнымі, усеабдымнымі. У цэнтры ўвагі іх – чалавек, яго дабрабыт, сям’я, яе падтрымка, развіццё малых рэгіёнаў. Адчувалася, што ўсе прапановы, якія паступалі з дыялогавых пляцовак, што праводзіліся ў раёнах, прачыталі, і абмеркавалі, агучылі ў інтэрпрэтаваным, палепшаным выглядзе. Канструктыўныя ж прапановы пусцяцца ў справу. Можна было пачуць адказы на ўсе жыццёвыя пытанні з розных сфер дзейнасці: адукацыі, медыцыны, фінансаў, лясной і сельскай гаспадаркі, экалогіі і інш. Я чакала дыялогу, важных рашэнняў і ўпэўненасці ў тым, што думкі, якія ў мяне ёсць, яны правільныя – і атрымала. І зарад энергіі таксама. Падобныя мерапрыемствы даюць такі моцны стымул узяць аднекуль сілы і працягваць рабіць карысныя добрыя справы. Нам трэба ставіць мэты, якія, можа, і здаюцца амбіцыйнымі, але ж чалавек і жыве, каб імкнуцца да лепшага, вышэйшага, інакш будзем таптацца на адным месцы, глядзець на іншых і не берагчы, што ёсць у нас. “Добра павінна быць там, дзе мы ёсць” – гэта таксама адно з запісаных мною на форуме выказванняў.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru