Меркаванне дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу: Сяргей Зелянкевіч

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У рабоце VI Усебеларускага народнага сходу ў складзе дэлегацыі ад Глыбоцкага раёна ўдзельнічаў і механізатар адкрытага акцыянернага таварыства “Глыбоцкі камбікормавы завод” Сяргей Зелянкевіч. Уражанняў – незабыўных, радасных – не злічыць. І, канешне ж, першай, з кім Сяргей Леанідавіч па прыездзе са сталіцы дзяліўся ўсім пачутым і ўбачаным, была яго жонка Юлія. Пасля званілі сваякі, знаёмыя, віншавалі, распытвалі. Так неўпрыкметку выхадныя і праляцелі. А ў панядзелак…

– Чаго так рана падняўся? – здзівілася Юлія. – Паспаў бы яшчэ. У цябе ж адпачынак, забыўся ці што?

– Ды помню, чаму гэта забыўся. На рыбалку хачу з’ездзіць. Казалі, на Вялікім добра клюе. А заадно ў Зарубіна крутануся, пацікаўлюся, як там справы з рамонтам рухаюцца, – тлумачыў свой ранні пад’ём Сяргей Зелянкевіч.

…У мехмайстэрні перакінуўся словам-другім з сябрамі-механізатарамі. “Як настрой? Што ў сталіцы новага?”, – пыталіся тыя. “Усё выдатна! Уражанні самыя лепшыя”, – дакладваў Сяргей. У цесным сяброўскім крузе крыху паведаў хлопцам пра тое, што пачуў на Усебеларускім народным сходзе, з кім сустракаўся, размаўляў.

Сяргей Зелянкевіч, нягледзячы на тое, што яму яшчэ толькі 30 гадоў, чалавек вядомы і ў раёне, і ў вобласці. Многія ведаюць яго як выдатнага механізатара, камбайнера-аса, а яшчэ як чалавека з дакладна вызначанай грамадзянскай пазіцыяй, па-сялянску ўдумлівага і разважлівага.

– Працаваць на зямлі люблю, – гаворыць Сяргей Зелянкевіч. – Іначай і быць не можа, я ж вырас у сям’і хлебаробаў. Бацькі навучылі мяне моцна стаяць на зямлі. Ужо з 13 гадоў працаваў на камбайне, памочнікам у бацькі.

Родам з Дзеркаўшчыны, і цяпер тут жыву. Біяграфія звычайная: скончыў школу, паступіў у Глыбоцкі дзяржпрафліцэй. Працаваць вярнуўся ў родную гаспадарку. Пасля была служба ў арміі. Звольніўшыся ў запас, уладкаваўся на Глыбоцкі камбікормавы завод. Самастойна працаваць на камбайне пачынаў з 2014 года, спачатку – на “Лідзе”, затым – “Палессі”, цяпер – на “New Holland”. Час бяжыць. За плячыма ўжо 7 уборачных кампаній.

Асабліва памятным для Сяргея Зелянкевіча выдалася жніво 2019 года. Ад самага яго пачатку на новым “New Holland” ён біў рэкорды, адзін за другім… Першым намалаціў тысячу тон, затым першым у Беларусі дасягнуў двухтысячнага рубяжа. Павіншаваць маладога камбайнера з выдатнай перамогай прама ў поле прыязджаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў. У тую ўборачную Сяргей намалаціў 3940 тон зерня.

– Убіраць хутка і якасна на сучасных камбайнах не дзіва, а вось на тое, каб вырасціць багаты ўраджай, вунь колькі сіл і сродкаў трэба патраціць, добра трэба папацець, – расказвае Сяргей Леанідавіч. – Калі ўмовы надвор’я дазваляюць, палі прасторныя і ўраджайнасць на іх, скажам, 40-50 цэнтнераў з гектара, ці ўсе 70, – пры такім раскладзе працаваць – адна любата. Асабліва люблю, як зерне з бункера сыплецца, сэрца тады незвычайным радасным пачуццём напаўняецца.

Увогуле, адчуванні, эмоцыі, яны ў розныя поры года розныя. Вясной свае пахі, гукі, а летам, падчас уборачнай, зусім іншыя. Аднолькавае хіба толькі пачуццё адказнасці: арэш, сееш ты ці жнеш. За мной замацаваныя трактар МТЗ-3522, сеялка, плугі і камбайн. Цяперашнюю тэхніку не параўнаць з той, што раней. Працаваць на ёй адно задавальненне.

Сяргей Зелянкевіч шчыра прызнаецца, што сэрцам прыкіпеў да зямлі сваёй, да родных прастораў.

– Бацькаўшчына, малая радзіма – яна ж адзіная. І гэтым даражу, і ні на якія дальнія далі любімы край, сваю Глыбоччыну, не прамяняю, – кажа ён. – А таму і надалей буду старацца працаваць яшчэ з большай самааддачай.

Пазалетась удзельнічаў у абласным свяце працаўнікоў сяла “Дажынкі” і ў рэспубліканскім маладзёжным форуме. Але ж Усебеларускі народны сход з гэтымі мерапремствамі ні ў якое параўнанне не ідзе. Уразіла мяне ўсё: і маштаб форуму, і яго незвычайная, цёплая, душэўная атмасфера. З цікавасцю слухаў даклад Прэзідэнта краіны. Уважліва і засяроджана прыслухоўваўся да тых выступоўцаў, якія гаварылі пра жыццё і праблемы вёскі. Пачуў шмат слушных меркаванняў, прапаноў, якія датычацца менавіта развіцця рэгіёнаў і аграпрамысловага комплексу. Згодзен, шмат чаго яшчэ трэба зрабіць, укласці сіл і сродкаў, каб сельскагаспадарчая вытворчасць стала больш высокаразвітай і эфектыўнай. Калектыў наш выдатны, будзем старацца, і, думаю, усё ў нас атрымаецца як найлепш.

У Сяргея Зелянкевіча цяпер водпуск, і лепшага адпачынку, чым зімовая рыбалка, ён для сябе не ўяўляе. Але і ў гэты вольны час усё роўна думкамі акунаецца ў рабочыя будні: тэхніку трэба як след адладзіць. Раптам вясна дружнай выдасца, глядзіш – і ў сакавіку ў поле трэба будзе выязджаць. Зямля чакае клапатлівых гаспадароў.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru