Чаму навучылі дзяцей на прадметным тыдні ў Глыбокім?

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Прадметны тыдзень для вучняў 1-4 класаў па мастацка-эстэтычным цыкле завяршыўся ў СШ №1 імя П. Сухога.

– Узрост пачаткоўцаў самы дапытлівы і спрыяльны для пазнання навакольнага свету. А дапамагае гэтаму мастацтва. Яно актывізуе пазнавальную дзейнасць хлопчыкаў і дзяўчынак, садзейнічае раскрыццю іх творчага патэнцыялу, развівае камунікатыўныя навыкі, стымулюе жаданне дзяцей да стварэння прыгажосці сваімі рукамі, садзейнічае прафесійнаму арыентаванню, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Жанна Хахолка. – Асноўны акцэнт праграмы тыдня – мастацка-эстэтычнае выхаванне школьнікаў праз розныя формы навучальнай, пазнавальнай, конкурснай, забаўляльнай дзейнасці. Усе педагогі прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праграмы і яе выкананні. Для настаўніцы выяўленчага мастацтва Жанны Юргель тыдзень стаў творчай шасцідзёнкай: юныя дараванні прэзентавалі свае ідэі, фантазіі, здольнасці.

Дзеці разам з настаўнікамі афармлялі тэматычныя газеты, калажы, стэнды, выставы малюнкаў, знаёміліся з творчасцю вядомых музыкантаў, мастакоў, народных майстроў нашай краіны і Глыбоччыны. У бібліятэцы была падрыхтавана выстава кніг і альбомаў па мастацтвазнаўстве. Многія мерапрыемствы праходзілі ў суправаджэнні музыканта Аксаны Закрэўскай і яе творча адораных выхаванцаў.

Была ў праграме тыдня і сустрэча другакласнікаў з метадыстам Дома рамёстваў, майстрам разьбы па дрэве, энтузіястам адраджэння народных рамёстваў Віктарам Дудкевічам. Яго скрыня, напоўненая разнымі драўлянымі цацкамі, прадметамі кухоннага побыту, зацікавіла і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Ім хацелася патрымаць у руках цацкі, з якімі ў свой час, магчыма, гулялі іх дзядулі і бабулі і якіх сёння не купіш у магазіне. Яны – сведкі гісторыі, наша мінулае, якое, дзякуючы рукам майстра і яго натхнёнай душы, вярнулася ў сучаснасць. Віктар расказваў дзецям пра гульні і традыцыі, пра ідэю стварэння некаторых цацак.

Пасля сустрэчы дзеці пабеглі да выставы малюнкаў. Там я пазнаёмілася з вучаніцамі 4 “А” і “Б” класаў, якія ў вольны ад заняткаў час займаюцца алмазнай мазаікай. Трэба сказаць, што карціны, зробленыя дзіцячымі рукамі, даказваюць, наколькі ўседлівыя і зацікаўленыя іх аўтаркі.

Прадметны тыдзень у СШ №1 скончыўся, але прыгажосць навакольнага свету, якую педагогі вучаць дзяцей адчуваць душой, упэўнена, будзе і далей натхняць іх да творчасці.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru