Такой была тэма дыялогу, які праходзіў на мінулым тыдні ў аддзяленні для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Удзел у абмеркаванні пытанняў дэмаграфічнай бяспекі, рэалізацыі дзяржаўных праграм у сацыяльнай сферы, матэрыяльнай падтрымкі шматдзетных сем’яў прымалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Тарасевіч, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Анжэла Дырко, намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Плюта і загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі гэтай установы Вольга Гарун, загадчыца арганізацыйна-метадычнага кабінета УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” Алена Ціхановіч, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Святлана Ігнатовіч, метадыст “Вучэбна-метадычнага кабінета” аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Карніловіч, інспектар сектара спорту і турызму райвыканкама Марына Гараніна, шматдзетная маці Надзея Сямашка, выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Таццяна Грабко.
– “Шчаслівая сям’я” – адна з прыярытэтных праграм, распрацаваных дзяржавай на бліжэйшыя пяць гадоў. Праграма прадугледжвае падтрымку шматдзетных сем’яў, ахову дзяцінства і мацярынства, дадатковыя стымулы для нараджэння ў сем’ях другога і наступных дзяцей, удасканаленне сістэмы дзяржаўных дапамог, пашырэнне праграмы сямейнага капіталу, паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетных сем’яў на працягу года з дня пастаноўкі на ўлік, – расказвала Таццяна Тарасевіч.
У ходзе абмеркавання падавалася канкрэтная і цікавая інфармацыя.
– У раёне на 1 студзеня 2021 года налічвалася 495 шматдзетных сем’яў, з якіх 394 – выхоўвалі траіх дзяцей, у 79 – падрасталі па чацвёра малышоў, у 20 – па пяцёрачцы, 2 сям’і мелі больш за пяць дзетак. Пачынаючы з 1999 года, ордэнам Маці ўзнагароджаны 32 жанчыны Глыбоччыны, 19 адзначаны прэміяй Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. 406 шматдзетных сем’яў Глыбоччыны атрымалі дзяржаўную падтрымку ў форме сямейнага капітала, у тым ліку летась яе аформіла 61 сям’я. Датэрмінова на паляпшэнне жыллёвых умоў – будаўніцтва кватэр і дамоў, аплату крэдытаў, адукацыю і медыцынскія паслугі – яго скарыстаюць 90 сем’яў. Са студзеня 2021 года сямейны капітал складае 23 737,5 рубля, і гэта адчувальная матэрыяльная падтрымка, – гаварыла Анжэла Дырко. – Формы падтрымкі сем’яў, у тым ліку і шматдзетных, розныя: выплата жанчынам па цяжарнасці, калі яны сталі на ўлік у вызначаныя тэрміны, пры нараджэнні дзяцей, аднаразовая выплата для сем’яў, у якіх нараджаюцца двойні, памесячная дапамога на дзяцей да трохгадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне на дзяцей да двух гадоў жыцця, дзяржаўная сацыяльная адрасная дапамога, бясплатнае харчаванне ў дзіцячых садках і школах, аднаразовая дапамога да школы. Шматдзетныя сем’і вызвалены ад уплаты зямельнага і падатку на нерухомасць. Згодна працоўнага заканадаўства, матулі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, маюць адзін свабодны дадатковы аплачваемы дзень у тыдзень, а таксама права ўзяць двухтыднёвы адпачынак за свой рахунак. Беспрацоўныя жанчыны, якія даглядаюць дзяцей да трохгадовага ўзросту, могуць праз цэнтр занятасці за дзяржаўны кошт прайсці перанавучанне і набыць прафесію. Для шматдзетных матуляў прадугледжаны датэрміновы выхад на пенсію. Усе гэтыя меры скіраваны на стымуляванне нараджальнасці і вырашэнне дэмаграфічнай праблемы ў краіне.
– Летась дзяржаўную сацыяльную адрасную дапамогу атрымалі 148 сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: з іх 87 – шматдзетныя, 48 – няпоўныя, 13 – сем’і іншых катэгорый. Да падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года аказана матэрыяльная дапамога 913 школьнікам Глыбоччыны з 478 сем’яў на суму 45 650 рублёў. За прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця ў тэрытарыяльны цэнтр звярнуліся 70 сем’яў, з якіх 45 – шматдзетныя. Акрамя гэтага мы аказваем гуманітарную дапамогу, псіхалагічныя і паслугі сацыяльнага патранату. У якасці прыкладу скажу пра супрацоўніцтва з дабрачынным каталіцкім таварыствам “Карытас” Віцебскай епархіі, якое дапамагае шматдзетным сем’ям абзавесціся гаспадаркай, – гаварыла Вольга Гарун.
Сказала яна і аб тым, што з 1 студзеня 2020 года функцыяніруе агульнарэспубліканская аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку (АІС), з дапамогай якой праводзіцца маніторынг комплекснай рэалізацыі шматдзетнымі сем’ямі права на дзяржаўную падтрымку ў сферы сацыяльнай абароны.
Пра падтрымку сем’яў, у якіх ёсць дзеці-інваліды гаварыла Таццяна Плюта. Яна акцэнтавала ўвагу на тое, што такія сем’і маюць і падтрымку дзяржаўную, і дапамогу грамадскіх арганізацый, валанцёраў, а таксама прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, якія пастаянна аказваюць спонсарскую дапамогу.
Аб праграме Глыбоцкага філіяла Каардынацыйнага Епархіяльнага Цэнтра аховы жыцця і сямейных каштоўнасцей “Зараджэнне” і аб яе эфектыўнасці расказала Алена Ціхановіч.
– Жыццё – гэта найбольшая каштоўнасць, а таму ўрачы, псіхолагі, святары скіроўваюць намаганні для таго, каб жанчыны не рабілі абортаў. Выніковасць перадабортнага кансультавання вымяраецца колькасцю захаваных маленькіх жыццяў: летась з 62 жанчын 40 адмовіліся ад аборту, у 2019 годзе з 43 матуляў такое рашэнне прынялі 23. А вышэй пералічаныя меры матэрыяльнай падтрымкі пасадзейнічалі нараджэнню ў сем’ях другога, трэцяга і наступных дзяцей. Працуе ў нас і кабінет планавання сям’і. Летась кансультацыі спецыялістаў атрымалі 247 сямейных пар, прадухілены 40 абортаў, на працэдуру ЭКА накіраваны 4 пары з праблемай бясплоддзя, сродкамі кантрацэпцыі забяспечаны 34% жанчын з групы сацыяльнай рызыкі. Рэпрадуктыўнае здароўе жанчын, прывіццё маладым сем’ям навыкаў здаровага ладу жыцця – гэтыя задачы былі і застаюцца для медыцынскіх работнікаў у ліку актуальных, – адзначыла спецыяліст.
Аналіз заключэння шлюбаў, разводаў і нараджальнасці ў раёне за мінулы год зрабіла Святлана Ігнатовіч.
– Пачынаючы з 2017 года нараджальнасць на Глыбоччыне змяншаецца, летась пабачылі свет 259 малышоў. Менш стала і заключаных шлюбаў: у 2020 – 153. На гэта ўплывае высакоснасць года, калі колькасць шлюбаў зніжаецца прыкладна на 10%.
Пазітыўныя фактары ў тым, што за згаданы перыяд зменшылася колькасць матуляў адзіночак, колькасць разводаў не павялічваецца і што для стварэння сем’яў узрост не іграе ніякай ролі. У нас ёсць пары, у якіх мужу і жонцы крыху больш за 20, а ёсць і тыя, каму за 70, – гаварыла Святлана Міхайлаўна. – Акцыі і мерапрыемствы на тэму “Прэстыж сям’і ў грамадстве”, віншаванні матуляў у радзільным аддзяленні бальніцы, кансультацыі і размовы з маладымі парамі, ушаноўванне залатых юбіляраў – усё гэта спрыяе ўмацаванню сямейных каштоўнасцей.
Аб тым, як сем’і далучаюцца да спорту, здаровага ладу жыцця расказала Марына Гараніна. Яна пералічыла дзясяткі мерапрыемстваў, конкурсаў, спаборніцтваў, сацыяльных праектаў, якія становяцца выдатнай пляцоўкай, дзе мацуюцца і здароўе, і сямейныя вузы.
Аб эфектыўных метадах выхавання дзяцей, аб уменні знаходзіць з імі агульную мову гаварылі Таццяна Грабко і Надзея Сямашка. Жанчыны сыходзіліся ў думках наконт таго, што найлепшае выхаванне – прыклад бацькоў.
– Калі, напрыклад, бацька, не ўстаючы з канапы, прымушае сына дапамагаць па дому, вынік будзе нулявы, а калі бацька без лішніх слоў будзе рабіць дамашнюю работу разам з сынам, ён адначасова стане для дзіцяці і настаўнікам, і старэйшым партнёрам, і прыкладам, які хлопчык сам захоча пераймаць, – гаварыла Надзея.
У шматдзетнай сям’і Сяргея Сямашкі, механізатара СУП “За Радзіму”, “Чалавека года Віцебшчыны-2016” і Надзеі, адзначанай у 2019 годзе прэміяй З. Тусналобавай-Марчанкі, падрастаюць два сыны і дачушка. Працалюбівыя, старанныя, актыўныя і таленавітыя дзеці ва ўсім капіруюць сваіх бацькоў і ўжо маюць шмат дасягненняў, якімі могуць пахваліцца.
Бясцэнным вопытам выхавання падзялілася з прысутнымі “Чалавек года Віцебшчыны-2019” Таццяна Грабко, якая выхоўвае цяпер восем дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.
– Дапамогу, якую аказвае сем’ям дзяржава, трэба цаніць, а таксама разлічваць на свае сілы і ўменні, самім дбаць аб уласным матэрыяльным дабрабыце, – сказала, падводзячы вынікі дыялогу, Таццяна Тарасевіч.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі падтрымалі прапанову старшыні РГ “Беларускі саюз жанчын” Алена Богдан аб пашырэнні накірункаў выкарыстання сямейнага капіталу.