Слова — дэлегату Усебеларускага народнага сходу: Эла Мікалаеўна Ждановіч

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 2,67 из 5)
Загрузка...

Чаму дэлегата Усебеларускага народнага сходу Элу Ждановіч найперш цікавіць праблема замацавання маладых спецыялістаў у вёсцы і тэма традыцыйнай беларускай сельскай сям’і? Адказ відавочны. Эла Мікалаеўна – намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, і далейшы лёс выпускнікоў установы яе вельмі хвалюе.

Эла Мікалаеўна Ждановіч.

БЫЦЬ ПЕДАГОГАМ – ЯЕ ПРЫЗВАННЕ

– Колькі сябе памятаю, увесь час гуляла ў школу. І пытанне, куды пайсці вучыцца, у мяне ніколі не стаяла. І на якую спецыяльнасць таксама. Хоць мае настаўнікі і хацелі выправіць мяне вывучаць замежныя мовы. Але ж я патрыёт – толькі беларуская мова! Шчыра кажу, з выбранай прафесіяй не памылілася, чым вельмі задаволена, – расказвае Эла Ждановіч, выпускніца ВДУ імя П.М. Машэрава. Пасля заканчэння вну працавала 7 гадоў педагогам-арганізатарам і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, сусветнай і айчыннай культуры ў віцебскай гарадской школе. На Глыбоччыну Эла Ждановіч прыехала ўслед за мужам. Каля года настаўнічала ў Дзеркаўшчынскай школе.

Праўда, з 2012-га па 2018-ы, сваю педагагічную дзейнасць ва ўстановах адукацыі перапыніла – займалася выхаваннем маладога пакалення на пасадзе першага сакратара раённага камітэта грамадскай арганізацыі “БРСМ”.

– За гэты час я прайшла цудоўную школу, – разважае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці і выкладчык беларускай мовы дзяржпрафліцэя. – 6 гадоў работы ў маладзёжнай грамадскай арганізацыі не прайшлі бясследна: трэба было знайсці падыход да людзей розных узростаў, ад школьнікаў да студэнцкай і працоўнай моладзі, жыць іх інтарэсамі. Цяпер у Глыбоцкім дзяржпрафліцэі мне працаваць проста. Будучы ў БРСМ, я актыўна супрацоўнічала як з педагагічным калектывам ліцэя, так і з навучэнцамі. Зараз мне лёгка знаходзіць з імі агульныя інтарэсы, арганізоўваць розныя мерапрыемствы, бо знаёма з многімі людзьмі ў раёне, ведаю, каго можна запрасіць на сустрэчу з моладдзю, хто з іх цікавы дзецям, можа падзяліцца вопытам.

Вучэбна-выхаваўчую работу ў дзяржпрафліцэі Эла Мікалаеўна лічыць вельмі адказнай. І так жа адказна адносіцца да яе.

– Нашы навучэнцы – амаль дарослыя людзі, і мы павінны выпусціць іх у жыццё самастойнымі, падрыхтаванымі, – лічыць педагог, які, дарэчы, ліцэістаў называе дзецьмі. – У маіх абавязках быць у курсе іх наведванняў заняткаў, паспяховасці, ведаць пра іх палажэнне ў сям’і (а тут свае цяжкасці, бо ў нас вучыцца моладзь і з суседніх раёнаў), пра іх жыццё ў інтэрнаце, пра іх цікавасці і інтарэсы, здольнасці і цяжкасці. Рада, калі з падлеткаў, якіх не песціла жыццё (а такія найчасцей прыходзяць у ліцэй), да якіх ужо і не спадзяваўся дастукацца, вырастаюць добрыя людзі. Разумееш – усё зробленае не дарэмна. Я люблю сваю работу з дзецьмі, перажываю за іх.

ПРЫЯРЫТЭТ – ШЧАСЛІВАЯ СЯМ’Я

Эла Мікалаеўна добра ведае, што бываюць не толькі цяжкія дзеці, але і бацькі, якія лічаць, што спачатку школа, а потым ліцэй павінны даць адукацыю, выхаваць, навучыць усяму, адным словам, перакладаюць свае бацькоўскія абавязкі на педагогаў.

– Разумеем, што многім бацькам з-за працы не хапала часу на выхаванне дзетак, а магчыма, не лічылі сябе абавязанымі гэта рабіць. Таму на першае месца мы ставім духоўныя каштоўнасці сям’і. Ні школа, ні ліцэй, ні ўніверсітэт не ў сілах змяніць ужо сфарміраванай у пэўнай сям’і асобы юнака ці дзяўчыны. Крыху паправіць можна, але не цалкам, – упэўнена Эла Ждановіч. –Таму нам трэба першапачаткова зрабіць усё магчымае, каб быць упэўненым, што нашай моладзі мы далі прафесію і ўзбагацілі духоўна. У прафтэхадукацыі – адказная місія. У нас для навучэнцаў створана 13 аб’яднанняў па інтарэсах, працуе нядзельная школа. Галоўнае, каб ліцэісты разумелі, што сям’я – гэта галоўнае, бо ў нас тут сем’і якраз і ствараюцца, і дзеткі нараджаюцца.

Як дэлегата Усебеларускага народнага сходу, Элу Мікалаеўну цікавіць адзін з асноўных накірункаў “Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 -2025 гады”, які будзе разглядацца і прымацца на форуме, – умацаванне інстытута сям’і. – Вызначаны прыярытэт праграмы – шчаслівая сям’я. Мне імпануе, што будзе звяртацца ўвага на традыцыйную сям’ю. Што для нас, беларусаў, гэта значыць? – разважае педагог.

– Гэта сям’я, у якой шмат дзяцей, дзе ўсе ўмеюць працаваць і могуць забяспечыць сябе. І мне хацелася б на сходзе паслухаць прадстаўнікоў з іншых рэгіёнаў рэспублікі з іх прапановамі: якія неабходна стварыць умовы, каб маладыя кадры, якіх мы выпускаем, маглі знайсці сабе прымяненне па атрыманай прафесіі на роднай зямлі, каб маладыя сем’і заставаліся ў вёсцы, каб у іх быў годны адпачынак, каб была вёска з развітай інфраструктурай і гэта было месца, куды імкнулася моладзь. Я сама гарадская, нарадзілася ў Віцебску, але цяпер жыву ў сельскай мясцовасці, у вёсцы Мярэцкія, і ніколечкі не шкадую. Ад дэлегатаў з іншых раёнаў, дзе маладыя сем’і застаюцца, і хацелася б пачуць, як гэта ім удаецца.

ПРА ВЫХАВАННЕ ПРАЦАЙ

– Сучасная моладзь жыве цяпер гаджэтамі, інтэрнэтам. Няма, на жаль, у большасці (падкрэслю, не ва ўсіх) тых каштоўнасцей майго пакалення. І скіравана моладзь больш не на духоўнае, а на матэрыяльнае. Ім хочацца жыць годна, не асабліва прыкладаючы намаганняў. Некаторыя з нашых навучэнцаў, выбраўшы ўстанову адукацыі сельскагаспадарчага накірунку, не ведаюць, як садзіць гародніну, бо ў сям’і няма агарода. Мы, канешне, стараемся выхоўваць і на асабістых прыкладах таксама, і падчас мерапрыемстваў. Хочацца спадзявацца, што юнакоў і дзяўчат да працы прывучаем, а іх светапогляд спрабуем змяніць з выкарыстаннем тэхналогій, якія яны добра ведаюць. З моладдзю трэба мець зваротную сувязь: калі нашы ідэі будуць рэалізоўваць маладыя з іх інавацыйнымі рашэннямі, то толк будзе, – запэўнівае педагог, якога як дэлегата Усебеларускага народнага сходу таксама цікавіць, што ў іншых рэгіёнах краіны робіцца для таго, каб малады спецыяліст прыехаў у вёску і быў упэўнены ў сваёй будучыні.

Дарэчы, у намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці Глыбоцкага дзяржпрафліцэя ёсць і свае прапановы.

– Мы з калегамі абмяркоўвалі гэтае пытанне і знайшлі такі варыянт. Чаму б дадаткова нашым дзецям з іх прафесійнай падрыхтоўкай не даваць веды, як адкрыць у вёсцы сваю справу, каб яна была прыбытковай, патрэбнай? Зараз, напрыклад, распаўсюджана экалагічная прадукцыя. Трэба паказваць, што і ў вёсцы можна зарабляць добрыя грошы і весці годны лад жыцця – было б жаданне. Дзяцей трэба прывучаць да думкі, што, акрамя асноўнай работы, можна ў вольны час знайсці дадатковы заробак, і прычым займацца гэтым не толькі таму, што грошы патрэбны, а таму, што ўмееш штосьці рабіць і гэта табе падабаецца, – да сваіх разваг Эла Мікалаеўна дадае і канкрэтныя факты. – Адзін крок мы ў сваёй установе зрабілі: з гэтага навучальнага года пачалі эксперыментальны праект “Апрабацыя вучэбна-метадычнай мадэлі фарміравання навыкаў прадпрымальнасці і фінансавай граматнасці ва ўмовах прафесійнага ліцэя”, што дазволіць разам з прафесійнай адукацыяй фарміраваць у навучэнцаў сістэмныя веды па ўсвядомленых паводзінах спажыўца, ключавых кампетэнцый у сферы асабістых фінансаў, уменне выкарыстоўваць атрыманыя ў ліцэі веды для развіцця свайго паспяховага прафесійнага будучага, пачатку індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У яе рамках для навучэнцаў першага курса арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі банкаў, тэматычныя мерапрыемствы ў выглядзе гульняў, прэзентацый. На другім і трэцім курсах гэта ўжо будуць факультатыўныя заняткі з вывучэннем ужо больш паглыблена адпаведных тэм. Па выніках праведзенай работы нашы выпускнікі распрацуюць у далейшым бізнес-праекты. Гэта і будзе падрыхтоўка да прадпрымальніцкай дзейнасці.

Напрыканцы размовы Эла Мікалаеўна шчыра прызналася:

– На такіх вялікіх сходах я ніколі не была, але вельмі хочацца адчуць эмоцыі ад сустрэчы – гэта ж столькі людзей прыедзе з розных канцоў Беларусі, з якім і можна будзе весці дыялог, абмяркоўваць, каб знайсці рашэнне сваіх праблем. Не сумняваюся, што для сваёй работы я прывязу шмат якіх новых ідэй. Лічу, што такія агульныя мерапрыемствы абавязкова павінны быць, каб нашы думкі і прапановы з рэгіёнаў былі пачуты.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru