Абмеркаванне надзённых праблем у рамках падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу ў фармаце дыялогавай пляцоўкі працягваецца. На гэты раз дыялог на тэму “Асноўныя накірункі і перспектывы сферы культуры” вялі кіраўнікі ўстаноў культуры.
КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА
У мерапрыемстве ўдзельнічалі і маладыя спецыялісты з Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Літвінская і Аліна Зенькіна. З уступным словам да прысутных звярнулася мадэратар дыялогавай пляцоўкі – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч, яшчэ раз нагадаўшы пра багатую гістарычную спадчыну, якую пакінулі пасля сябе нашы слынныя землякі: – А яшчэ 63 аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны і 7 элементаў нематэрыяльна-культурнай спадчыны Глыбоччыны з’яўляюцца асновай для далейшага культурнага і духоўнага развіцця нашага рэгіёна. Гонар раёна, яго візітная картка – 22 народныя і ўзорныя калектывы. Работа дыялогавай пляцоўкі прадоўжылася абмеркаваннямі і разважаннямі наконт таго, як павінна ладзіцца дзейнасць устаноў культуры ў сучасных умовах. Агучым найбольш важкія ўзнятыя праблемы.
ЗБЕРАГАЮЧЫ, ЗБЕРАГЧЫ
– У дзяржаўным спісе 7 элементаў нематэрыяльна-культурнай спадчыны Глыбоччыны. Для нас гэта гонар і адказнасць адначасова. Ні адзін раён не можа пахваліцца такой колькасцю нематэрыяльных каштоўнасцей. Яны сталі брэндам Глыбоччыны. З сямі – тры элементы можна ўбачыць толькі ў нас, чатыры характэрны для цэлага рэгіёна і гэта наша з вамі, работнікаў культуры, заслуга. Мы праводзім мноства майстар-класаў для гасцей з розных краін, рэкламуем на тэлебачанні, у інтэрнэце. Перадаць вопыт на словах ці на малюнках немагчыма. Трэба, каб усё прайшло праз рукі. Лічу, што для зберажэння і папулярызацыі нематэрыяльна-культурнай спадчыны з дапамогай традыцыйных і сучасных тэхналогій неабходна стварыць спецыялізаваныя месцы: хатку ці этна-куток. Дзякуючы гэтаму з’явіцца магчымасць дэманстраваць жыхарам і гасцям раёна нематэрыяльныя каштоўнасці, змястоўна і відовішчна прадстаўляць майстэрства носьбітаў той і іншай традыцыі, – прапанавала Наталля Уладзіміраўна. – Было б таксама правільна, каб носьбітам нематэрыяльна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь на дзяржаўным узроўні аказвалася падтрымка, – адзначыла Людміла Фёдараўна. Усе прысутныя пагадзіліся, што такіх людзей трэба матываваць. Як і падтрымліваць уладальнікаў звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», што дасягнулі пенсійнага ўзросту. – Іх трэба вызваліць ад выплаты членскіх узносаў або паменшыць іх памер, – выказала сваю прапанову Святлана Скавырка, загадчык Глыбоцкага Дома рамёстваў.
ЦІ ПАТРЭБНА ЎСТАНОВАМ КУЛЬТУРЫ ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАДТРЫМКА?
– Сфера культуры была заўсёды залежнай: ці ад падтрымкі дзяржавы, ці ад мецэнатаў, – да размовы далучаецца Валянціна Спасібёнак, дырэктар Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. – Бібліятэка, як і клуб, для вяскоўца – гэта сацыяльны цэнтр. Наша задача – адпавядаць часу і сучасным запатрабаванням нашых наведвальнікаў. Сельскае насельніцтва змяншаецца, і нам проста неабходна матэрыяльна-тэхнічнае ўкамплектаванне бібліёбусаў, каб прадастаўляць дадатковыя паслугі вяскоўцам. Бібліятэчнай сістэме з боку дзяржавы ўдзяляецца шмат увагі. Па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 12 % грашовых сродкаў, якія выдзяляюцца на ўтрыманне бібліятэк, дадаткова накіроўваецца на набыццё літаратуры. Таццяна Андрыеўская, загадчык Глыбоцкай дзіцячай бібліятэкі (і яе падтрымала Валянціна Цімафееўна. – аўт.) звярнула ўвагу на неабходнасць удасканаліць працэдуры правядзення закупак сацыяльна-значнай літаратуры з мэтай павышэння яе якаснага складу.
КАЛІ АДКЛАД НЕ ІДЗЕ НА ЛАД
63 аб’екты матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны знаходзяцца на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Ці патрэбна падтрымка дзяржавы ў захаванні помнікаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі? Несумненна. І, як аказалася, не толькі фінансавая. Па словах дырэктара Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алены Мядзелец (а менавіта на гэтую ўстанову культуры ўскладзены абавязкі па захаванні матэрыяльнай спадчыны нашага раёна), вельмі часта складанасці ў рэстаўрацыі ўзнікаюць з-за недасканаласці заканадаўства. І, як правіла, у такую сітуацыю трапляюць жылыя будынкі і храмы, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы і якім патрабуецца неадкладны рамонт. На афармленне неабходных дакументаў для дазволу рэстаўрацыйных работ траціцца шмат часу, а грашовыя сродкі, неабходныя на праектную дакументацыю, аказваюцца проста непад’ёмнымі. Таму на дыялогавай пляцоўцы з’явіліся слушныя прапановы: разгледзець магчымасць частковага фінансавання рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, уласнікамі якіх з’яўляюцца бюджэтныя арганізацыі і ўстановы; унесці змены ў артыкул дзеючага Кодэкса аб культуры у частцы, якая закранае пытанні стварэння праектаў ахоўных зон на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях; змякчэнне патрабаванняў і спрашчэнне неабходных працэдур узгаднення праектна-каштарыснай дакументацыі на правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны мясцовага значэння.
НАПРЫКАНЦЫ
– Сёння кожная тэма і праблема, узнятыя на дыялогавай пляцоўцы, будуць накіраваны для разгляду VI Усебеларускага народнага сходу, каб у далейшым знайсці сваё выражэнне ў новых праграмах, праектах законаў і ўказаў, – падагульніла напрыканцы сустрэчы Людміла Карніловіч. Дарэчы, абмеркаваных тэм было нашмат больш, як і прыемных навін, з якімі мы абавязкова падзелімся.