«Аддавай людзям — вернецца»
Вольгу Дзмітрыеўну Гінько ведаюць у нашым краі многія як дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць сёмага і цяперашняга, дваццаць восьмага, скліканняў па Падсвільскай выбарчай акрузе №8, як дырэктара Празароцкай дзіцячы сад-сярэдняй школы імя І. Ц. Буйніцкага, таленавітага педагога і актыўнага падзвіжніка на ніве адукацыі і асветы, нястомнага даследчыка-краязнаўцу па захаванні народных традыцый і спадчыны заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага.
Дзе б ні сустракаў Вольгу Дзмітрыеўну – у яе роднай школе, на вясковай вуліцы ці на сельскім сходзе, на настаўніцкай нарадзе альбо на дэпутацкай сесіі – усюды і з усімі яна – самы зацікаўлены суразмоўца, надзвычай уважлівая, заўсёды заглыбленая ў тэму, вынесеную на абмеркаванне. Захапляе яе экспрэсіўна-шчыры пасыл, лагодная беларуская гамонка, уменне данесці сваю думку і гарачае жаданне дапамагчы людзям.
З Вольгай Гінько бачымся часта. Неаднойчы на старонках “Весніка Глыбоччыны” з’яўляліся артыкулы пра справы калектыву Празароцкай школы і яе кіраўніка. Але мне зараз успамінаецца сустрэча сямігадовай даўнасці – у сувязі з узнагароджаннем Вольгі Дзмітрыеўны медалём Францыска Скарыны. Словы, якія яна тады сказала, запалі ў памяць. Як мне здаецца, яны найлепшым чынам характарызуюць гэтую цудоўную, мудрую жанчыну і педагога.
“Па стане душы я, у першую чаргу, адчуваю сябе настаўнікам-філолагам, у якога творчасць на першым месцы. І гэта ніколечкі не перашкаджае, а, наадварот, дапамагае ў маёй адміністрацыйнай і дэпутацкай дзейнасці. Дапамагае ва ўсім знаходзіць гуманістычны, эстэтычны пачатак, – сказала тады Вольга Гінько і дадала, што ў сваім жыцці яна найперш кіруецца маральнымі прынцыпамі, закладзенымі ў сям’і: – Бацькоўская мудрая навука, яна на ўсё жыццё. Мой тата адзінаццаты ў сям’і, родам, як і мама, з Псуеўшчыны. Шчыры працаўнік, кравец быў выдатны. Не забудуся ніколі, як ён, павучаючы мяне, часта казаў: “Дачушка, аддавай людзям – вернецца”… Памятаеце, у Пімена Панчанкі ёсць такія цудоўныя словы “без чалавечнасці не будзе вечнасці”. Вось і я імкнуся па жыцці ўсё рабіць не фармальна, а з чалавечым падыходам, з любоўю. Імкнуся да людзей душою прыхінуцца. А іначай жа і нельга, мая ж стыхія – школа, дзеткі. У гэтай справе немагчыма без душэўнай самааддачы. Ніякіх амбіцый не павінна быць, іначай ніколі нічога талковага не зробіш”. І сёння яна, прадстаўніца сельскай інтэлегенцыі, дэпутат, народная выбранніца, кожную праблему жыхароў сельскай глыбінкі прапускае праз сэрца. Кожнага, хто б ні звярнуўся, выслухае, кожнаму дасць параду, абавязкова падтрымае і дапаможа.
Створаная Вольгай Дзмітрыеўнай “Школа духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці” даўно ўжо стала сапраўдным цэнтрам грамадска-культурнага жыцця Празароччыны. Гэта своеасаблівы культурна-асветніцкі асяродак, “Краіна празораў”, у якой пануе непараўнальна цёплая атмасфера ўзаемапавагі, штодзённай падтрымкі і апантанай любові да малой радзімы. Пра Празарокі, пра Вольгу Гінько і яе школу ведаюць далёка за межамі Глыбоцкага раёна. Яе самаадданая праца адзначана шматлікімі ўзнагародамі.
Вольга Дзмітрыеўна ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2011», неаднаразова ўзнагароджана ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», Дыпломам камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА за значны ўклад у справу захавання спадчыны выдатнага дзеяча беларускага тэатральнага мастацтва Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага.
Трэба зазначыць, што яна прымала ўдзел у рабоце IV і V, а зараз абрана дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.
– З якімі думкамі збіраецеся на ўсенародны форум? – пацікавіўся ў Вольгі Дзмітрыеўны. І яна, як заўсёды, пранікнёна разважала, шчыра дзялілася сваімі ідэямі і прапановамі.
– Усё, што клапоціць вяскоўцаў, клапоціць і мяне. Хачу сказаць пра выкананне сацыяльных стандартаў у сельскай мясцовасці. Сёння трэба аб’яднаць усе намаганні на стварэнне на сяле цэнтраў, у якіх паслугі вяскоўцам аказваліся б цэнтралізавана ўсімі структурамі, усімі арганізацыямі: і жыллёва-камунальнай гаспадаркай, і райбыткамбінатам, поштай, дарожнай службай, тым жа водаканалам, электрасеткамі, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, установамі аховы здароўя, культуры і адукацыі.
Ці возьмем абслугоўванне вяскоўцаў пасажырскім транспартам. Чаму б аўтапрадпрыемству не арганізаваць рух пасажырскіх аўтобусаў паміж вёскай і райцэнтрам пад заказ, па папярэднім запісе. Трэба, каб прыгарадныя аўтобусы не перавозілі адно паветра, не палілі дарэмна паліва. Сабралі па заяўцы на вызначаны дзень па адным з маршрутаў 20 пасажыраў – і адправілі туды аўтобус. Упэўнена, так было б рэнтабельней.
Ёсць у мяне пытанне і па медыцынскім абслугоўванні. Захварэў чалавек. Ён працуе. Як яму быць? Паспрабуй за 40 кіламетраў у горад дабрацца, калі ў гэты дзень аўтобус не ходзіць. Прапаную дазволіць адкрываць бальнічны ліст фельчару ФАПа, а ўжо закрываць – спецыялісту райбальніцы.
Вельмі хвалюе пытанне па арганізацыі электраабагрэву жылых і службовых памяшканняў у сельскіх населеных пунктах. Цяпер устанаўліваецца электраабагрэў, і ўжо людзі сутыкаюцца з праблемамі. Магутнасці існуючых электрападстанцый не дазваляюць якасна выканаць заказ. Трэба вырашаць пытанне аб іх рэканструкцыі. У маёй выбарчай акрузе ўжо з гэтай праблемай сутыкнуліся. Мае выбаршчыкі сігналізуюць. Калі ўжо забяспечваць жыхароў сяла ў адпаведнасці з устаноўленым стандартам, то трэба талкова гэта рабіць.
Хвалюе сёння праблема замацавання маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці. Па маім цвёрдым перакананні на трэцяй ступені навучання павінна быць поўная прафесійная накіраванасць. У сваёй школе мы стварылі агракласы, педкласы, гаворым аб вяртанні маладых людзей на малую радзіму. Мы гаворым дзецям: для вас – гэта вялікі плюс, калі па накіраванні, без уступных экзаменаў можна паступіць у профільнае вну, у БАТУ, Гродзенскі сельгасуніверсітэт, у Беларускую аграакадэмію.
Таксама лічу, для вучняў 10-11 класаў, якія засталіся і атрымоўваюць сярэднюю адукацыю ў школе на базавым узроўні, неабходна скарачаць гадзіны для вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў, а ўводзіць больш гадзін працоўнага навучання і вывучэння асноў рабочых прафесій. Вучэбны план 10-11 класаў павінен быць у сельскай школе шматварыянтным, неабходна, каб больш гадзін выдзялялася на грамадска-карысную працу на прышкольным участку. Трэба вучыць школьнікаў працаваць на зямлі.
І яшчэ важна, каб школа пры любой мадэрнізацыі, напаўняльнасці электроннымі і іншымі сучаснымі тэхналогіямі ў аснове заставалася школай духоўнасці, школай жыцця.