Слова — дэлегату Усебеларускага народнага сходу: Піскунович Міхаіл Мікалаевіч

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

«Сучасныя тэхналогіі прыйшлі і ў сельскую гаспадарку»

Міхаіл Мікалаевіч Піскуновіч родам з вёскі Абруб Ластавіцкі. Скончыў Кіраўскую СШ, затым – Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Яго працоўная біяграфія пачыналася ў калгасе імя Кірава, на малой радзіме, вернасць якой Міхаіл Мікалаевіч захоўвае да цяперашняга. Завочна скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. У 2011-2015 гадах узначальваў філіял “Каралі” ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”, цяпер працуе галоўным аграномам унітарнага прадпрыемства. Дэпутат Абрубскага сельскага Савета дэпутатаў. Дэлегат I Усебеларускага народнага сходу, які праходзіў у 1996 годзе.

Галоўны аграном УП «Каралі» Міхаіл Мікалаевіч Піскуновіч.

На зямлі працавалі дзяды і бацькі Міхаіла Піскуновіча. Ёй, карміцельцы, амаль сорак гадоў жыцця аддаў і Міхаіл Мікалаевіч. Маладому аграному калгаса імя Кірава не патрэбны былі ніякія загады: ён прыцемкам спяшаўся на работу, як сцямнее – вяртаўся. З захапленнем глядзеў, як у кволых усходах праяўлялася сіла зямлі, і адчуваў, як расце і мацуецца ў сэрцы любоў да родных прастораў. Прафесійна падрыхтаванаму, талковаму спецыялісту не раз прапаноўвалі кар’ерную перспектыву, але ён застаўся верным аднойчы зробленаму выбару.

– Некаторыя памылкова лічуць, што сяльчане паўгода працуюць, паўгода адпачываюць. Але сельская гаспадарка – вытворчасць цыклічная: пасяўная змяняецца ўборачнай, гарачая пара – часам падрыхтоўчых работ. Нягледзячы на сезоннасць, вяскоўцы працуюць не пакладаючы рук круглы год. Акрамя сяўбы і ўборкі мы займаемся жывёлагадоўляй – трэба нарыхтоўваць кармы, ацяпляць фермы, даглядаць жывёлу, старацца і зімой не зніжаць надоі, бо ад іх залежаць заробкі сяльчан. Місія працаўнікоў сяла – адказная і ганаровая: ад іх паўсядзённай работы залежыць выкананне прагнозных паказчыкаў у раёне, а ў цэлым – харчовая бяспека краіны, – гаворыць Міхаіл Мікалаевіч. – Не скажу, што жаданага выніку дабіцца лёгка: няпростая эканамічная сітуацыя, у дадатак – пандэмія, не заўсёды спрыяльныя ўмовы надвор’я. І ўсё ж, руплівыя рукі вяскоўцаў не ведаюць спачыну. Ды і сучасныя тэхналогіі, аб якіх раней ніхто і думаць не мог, прыходзяць у вёску. У філіяле “Каралі”, якраз у маю бытнасць кіраўніком, была пабудавана рабатызаваная ферма. Калі хто даўней мог думаць, што кароў даіць будуць робаты? Цяпер гэта ўжо рэальнасць. Рэканструявалі фермы ў Шыпах, Мацясах, летась узвялі ў Абрубе новы арачнік для жывёлы на 230 галоў. Дзе свае сродкі выкарыстоўваем, дзе крэдытная рэсурсы, але на месцы не стаім, хоць пакрысе, але прырастаем і па зерневых, і па малаку. У мінулым годзе, напрыклад, намалацілі 3 тысячы тон зерневых, а гэта амаль на тысячу тон больш, чым у 2019 годзе. А паглядзіце колькі новай магутнай тэхнікі перадалі ў раён! Гэта не раней, што на конях аралі ды на гусенічным трактарку. Прадукцыйнасць працы і якасць работ вырастаюць у разы.

Нашы “Каралі” – гаспадарка прыгарадная, таму недахопу ў маладых кадрах няма. Летась прыехалі чатыры маладыя спецыялісты. Эканаміст Арцём Тумчонак скончыў вну, жыве ў Глыбокім, а працуе ў нас. Па размеркаванні пасля заканчэння Полацкага ўніверсітэта з Міёрскага раёна прыехала Лія Лаўрыновіч – наш галоўны бухгалтар. Паліна Бясецкая родам з вёскі Ураджайная, працуе бухгалтарам па жывёлагадоўлі. Лізавета Біцюк з Бешанковіцкага раёна, а цяпер – наш бухгалтар па зарплаце. Праблем з жыллём у дзяўчат няма: мы выдзелілі ім прэзідэнцкі домік з усімі выгодамі, – кажа Міхаіл Мікалаевіч.

Пра сябе ён гаварыць не любіць. Працавіты, сціплы, сапраўдны гаспадар, ён, нягледзячы на занятасць, яшчэ займаецца пчалярствам. Каму, як не яму, высокакласнаму спецыялісту, вядома, наколькі патрэбны пчолы для сельскай гаспадаркі, і што без апылення не будзе добрага ўраджаю. Але для любімага занятку ў Міхаіла Мікалаевіча часу днём няма.

Летась філіял “Каралі” аб’ядналі з сельгаспрадпрыемствам “Стрынадкі”, і цяпер галоўны аграном Міхаіл Піскуновіч гаспадарыць на 4 956 гектарах зямлі. Толькі аб’ехаць-абысці іх светавога дня не хопіць, а дагледзіць, рукі, галаву і душу прыкласці – яшчэ больш часу трэба.

– У сувязі з аб’яднаннем сельгасугоддзі павялічыліся ў два разы. Цяпер нашы землі прасціраюцца ад чыгункі ў Крулеўшчыне да Падсвілля з аднаго боку і пад самы горад – з другога. Але ж я не адзін даю рады гектарам: у мяне ёсць вопытныя памочнікі Анатоль Мажэйка і Валянціна Дуж, – кажа Міхаіл Піскуновіч.

Чалавек нераўнадушны, ён бачыць першачарговай задачай будаўніцтва ў гаспадарцы новай зернесушылкі. Тая, што ёсць у Стрынадках, адпрацавала больш за 30 гадоў, а таму даволі праблематычна дабіцца неабходнай якасці сушкі шматгадовых траў і зерня. Ад якасці насення і зерня ў многім залежаць ураджайнасць і закупачная цана пры здачы на камбікормавы завод, ад цаны – аплата працы людзей і перспектыва развіцця гаспадаркі ў цэлым – усё, як кажуць, узаемазвязана. Сярод пытанняў, якія трэба вырашаць у вёсцы, па словах майго суразмоўцы, стварэнне адпаведнай інфраструктуры.

– На I Усебеларускім народным сходзе, дзе мне давялося прысутнічаць, прагучала даволі слушных і канкрэтных прапаноў, былі зацверджаны многія планы. Падобнае абмеркаванне надзённых пытанняў і праблем з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў і ўрада, абмен думкамі – важна і патрэбна, – заключае Міхаіл Мікалаевіч.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru