«Здароўе людзей – залог іх шчасця і даўгалецця»
Урач, які прысвяціў службе аховы здароўя больш за тры дзясяткі гадоў, адміністратар і кіраўнік Вячаслаў Сабыніч , як ніхто, ведае пра тыя ўмовы, якія пры дзяржаўным фінансаванні створаны ў раёне для лячэння і медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў, пра бытавы камфорт для маладых спецыялістаў, што застаюцца працаваць у раёне. На гэту тэму мы і працягваем з ім размову.
– Рамонт і мадэрнізацыя аддзяленняў раённай бальніцы – справа клопатная, фінансава затратная, але спрыяе стварэнню камфортных умоў для пацыентаў і ўплывае на якасць іх лячэння. Што зроблена ў гэтым плане за апошнія чатыры гады?
– У 2016 годзе правялі капітальны рамонт тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў райбальніцы, на які затрачана 449,3 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў. У 2017-2019 гадах займаліся капітальным рамонтам з мадэрнізацыяй будынка інфекцыйнага корпуса, на які зрасходвалі 1417,8 тысячы рублёў. Летась за 222,2 тысячы рублёў зрабілі бягучы рамонт тэрапеўтычнага аддзялення, цэнтралізаванай падачы кіслароду на 16 падключэнняў, купілі новую мэблю, устанавілі сістэму відэаназірання, пажарную сігналізацыю, зрабілі праектна-каштарысную дакументацыю на замену ліфтаў. Каб быў выяўна бачны маштаб фінансавай дапамогі, скажу, што на ўтрыманне медустаноў раёна толькі ў 2019 годзе былі выдзелены з райбюджэту 11 333 193, 95 рублёў, у тым ліку 311,8 рублёў на 1 жыхара Глыбоччыны.
– У складаных умовах пандэміі, калі важна аператыўнасць пры дастаўцы хворых у стацыянар, без добрай тэхнікі не абысціся?
– І ў гэтым накірунку мы атрымліваем адчувальную фінансавую дапамогу дзяржавы. Колькі гадоў таму за сродкі раённага бюджэту купілі аўтамабіль ГАЗ-32212 “Актавія” за 64,8 тысячы рублёў, летась за такую ж суму набылі два аўтамабілі медыцынскай дапамогі. Летась Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр на бязвыплатнай аснове перадаў нам мамограф на суму 12,5 тысячы рублёў.
– Што яшчэ набылі за апошні час з медыцынскага абсталявання?
– Раённы бюджэт дапамог набыць комплекс сутачнага манітарыравання ЭКГ і АД, стэрылізатар паветраны, эханцэфаласкоп ручны партатыўны “Беласкон-01”, электракардыёграф СМАРТ. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту былі закуплены 2 спіраметры МАС-2, апарат і сістэма для экстракарпаральнага гемадыялізу, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, 8 электракардыёграфаў, 2 сістэмы працяглага манітарыравання ЭКГ і АД на суму 183,6 тысячы рублёў. Летась дзякуючы Міністэрству аховы здароўя атрымалі апарат ультрагукавога даследвання, 5 танометраў унутрывочнага ціску, сістэму для экстракарпаральнага гемадыялізу, аўтамат афарбоўкі мазкоў крыві, праграмна-апаратны комплекс “Шлюз бяспекі BelVPN Cate 4/1”, а таксама 2 кіслародныя канцэнтратары з размеркаваннем паветра, 2 апараты з прыналежнасцямі для аддзялення рэанімацыі на суму 49,4 тысячы рублёў. Набывалі неабходнае абсталяванне за кошт бюджэтных, пазабюджэтных, спонсарскіх сродкаў і за грошы, выдзеленыя па выніках рэспубліканскага конкурсу, у якім УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” прызнана “Лепшай цэнтральнай раённай бальніцай”. Толькі летась сума набытага абсталявання для лячэння пацыентаў склала 206,4 тысячы рублёў, а за чатыры апошнія гады яна вымяраецца 548 тысячамі рублёў. Гэта дапамога дзяржавы, нашых спонсараў, нераўнадушных людзей, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю і ў складаны час заўсёды спяшаюцца на дапамогу.
– Як дапамагае дзяржава ў вырашэнні жыллёвага пытання маладым спецыялістам?
– Раённы выканаўчы камітэт пасадзейнічаў у выдзяленні ім 12 арэндных кватэр. У 2016-2020 гадах камфортныя жыллёвыя ўмовы створаны для чатырох маладых спецыялістаў Падсвільскай райбальніцы, якія атрымалі арэндныя кватэры, і васьмі глыбоцкіх урачоў, якія пражываюць у кватэрах з выгодамі ў мікрараёне Паўночным, у непасрэднай блізкасці ад месца работы.
– Якія пытанні хвалююць Вас, як дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу?
– На Усебеларускім народным сходзе, безумоўна, будзе шмат увагі ўдзелена медыцыне. Мне, як урачу, як кіраўніку раённай бальніцы хацелася б, каб умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база нашай медыцынскай установы, каб маладыя спецыялісты заставаліся на першых рабочых месцах, бо і ў сельскай глыбінцы патрэбны высокакваліфікаваныя медыцынскія кадры.
Біяграфічная даведка. Вячаслаў Вячаслававіч Сабыніч ыхадзец з Глыбоцкага раёна. Ён скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Прафесійны шлях пачынаў у 1-й гарадской клінічнай бальніцы імя Калініна ў Віцебску. Быў галоўным урачом Валасоўскай участковай бальніцы ў Талачынскім раёне. Як пераехаў на малую радзіму, працаваў галоўным урачом Удзелаўскай участковай бальніцы, затым – урачом-фтызіятрам Глыбоцкай паліклінікі. У 2013 годзе яго прызначылі намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, а ў 2015 – галоўным урачом УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ”. У 2017 годзе скончыў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Арганізацыя аховы здароўя”. Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя”. Дэпутат Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў.