15 гадоў таму 20 студзеня былі зацверджаны геральдычныя сімвалы Глыбокага. Толькі перш чым з’явіўся афіцыйны герб, які мы з вамі добра ведаем: «У блакітным полі іспанскага шчыта намаляваныя дзве перакрыжаваныя сярэбраныя шаблі з залатымі рукаяцямі, накіраванымі ўніз, і тры залатыя манеты, зверху сярэбраная глава з чатырма зубцамі», існавалі і іншыя варыянты.

У экспазіцыі, якую падрыхтавалі ў Занальным дзяржаўным ахіве ў г. Глыбокае, – падшыўка раённай газеты “Шлях Перамогі” за 1988 год. Такая ж маецца і ў рэдакцыі. У нумары раёнкі ад 3-га верасня надрукаваны артыкул Алеся Жыгунова пад назвай “Глыбоцкія матывы” і змешчана выява герба.

– У 1988 годзе Глыбоцкім гарвыканкамам быў аб’яўлены конкурс на стварэнне праекта герба горада да 475-годдзя яго заснавання, – расказала загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў архіва Таццяна Аўласава. – Была створана конкурсная камісія і для заахвочвання пераможцаў ўстаноўлены тры прэміі: за 1-е месца – 100 рублёў, за 2-е і 3-е – па 75 і 50 рублёў адпаведна. Конкурс адбыўся і праект герба быў зацверджаны 26 жніўня 1988 года рашэннем Глыбоцкага райвыканкама, якое ў нас прадстаўлена на выставе.

У газеце выява герба – чорна-белая. У фондах Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея маецца значок з яго выявай, але з афіцыйным апісаннем яго колеры не супадаюць.
Таццяна Аўласава, дарэчы, агучыла, як выглядаў гарадскі сімвал у 1988 годзе:
– Герб прадстаўлены ў выглядзе шчыта, падзеленага па гарызанталі на тры часткі. Уверсе дзяліўся прамой залацістай лініяй, унізе – хвалістай. У верхняй частцы, на чырвоным полі, залатымі літарамі напісана назва горада на беларускай мове “Глыбокае”. У сярэдняй частцы, на зялёным полі, – сярэбраная кветка ліпы, чашачка якой залатая. У ніжняй частцы, на блакітным полі, – тры залатыя хвалістыя лініі, а пад імі золатам напісана “1514” – год заснавання горада. Тры часткі герба абазначаюць, што горад Глыбокае ў гістарычным мінулым зліўся з маёнткаў Корсакаў, Зяновічаў і Беразвечча. Чырвонае поле ўвасабляе гістарычны лёс горада, які панёс вялікую колькасць ахвяр за гады свайго існавання. Зялёнае поле паказвае, што горад багаты на зялёныя насаджэнні, дзе пераважае ліпа. Таму цэнтральная фігура герба – яе кветка, якая мае не толькі лячэбныя ўласцівасці, але дае і прадукт харчавання, з’яўляецца сімвалам для горада, дзе большасць прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Пялёсткі ліпы ўказваюць на размяшчэнне горада на перакрыжаванні асноўных магістраляў. Глыбокае акружана пяццю азёрамі, таму ніжняя частка мае блакітнае поле, падзеленае на пяць частак.
Між іншым, Алесь Жыгуноў у сваім артыкуле раскрытыкаваў герб, бо ліпа, зеляніна, азёры – такімі сімваламі багаты ці не кожны горад на Віцебшчыне, а хацелася б свайго, асаблівага, глыбоцкага… На жаль, далейшы лёс герба з ліпай невядомы: меркавалася прыняць яго на сесіі раённага Савета дэпутатаў, але такога рашэння ў дакументах таго часу глыбоцкія архівісты не знайшлі.
Затое выява таго герба захавалася ў кнізе В.Сержана і Н.Міронава “Гербы беларускіх гарадоў на значках” (Мінск, 1991), дзе гаварылася што, “Савецкі герб Глыбокага (бел. — Глыбокае) зацверджаны 26 жніўня 1988 года рашэннем №205 выканкама Глыбоцкага раённага Савета народных дэпутатаў. Аўтары: Віктар Іванавіч Чарапкоўскі, Валерый Колистратович Шавялёў, Аляксандр Сяргеевіч Дубіна”. – Работа па стварэнні новага герба была прадоўжана, – знаёміла з экспазіцыяй супрацоўнік архіва. – 22 лістапада 2001 года Глыбоцкі райвыканкам прыняў рашэнне №869 “Аб распрацоўцы новых і аднаўленні гістарычных гербаў г. Глыбокае і г. п. Падсвілле”. Была створана камісія. За аснову ўзялі факт знаходкі археолагамі глінянага гаршчка з зярняткамі. Існуе сучасная легенда, што тое збожжа ўжо ў нашы дні дало ўсходы, таму ў адным з праектаў гарадскога герба можна было ўбачыць перасечаны «у пояс» шчыт блакітнага колеру, у ніжняй частцы якога адлюстроўваўся посуд з прарослымі каласамі. Аднак доследы навукоўцаў з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН не прывялі да поспеху – зерне не прарасло, а герб пры гэтым выглядаў вельмі «нацюрмортна». Пошукі давялося працягнуць і ў аснову сучаснага герба былі пакладзены рэальныя падзеі з гісторыі горада.