Сутнасць работы супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заключаецца ў пастаянным клопаце пра адзінокіх састарэлых нямоглых людзей, каму, як паветра, патрэбны разуменне, удзел, падтрымка і шчырае выратавальнае слова. А даюць старт любой дапамозе спецыялісты аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналіза і прагназавання пад кіраўніцтвам Святланы Волах. Менавіта яны выяўляюць адрасы дапамогі, яе віды і неабходны аб’ём, пастаянна папаўняюць і абнаўляюць базу дадзеных, якая з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй лёсаў і добрых спраў.

Дзякуючы спецыялістам згаданага аддзялення, ніводзін чалавек не будзе забыты, ні адна праблема без увагі не застанецца.
– Мы працуем па выяўляльным прынцыпе: па спісах упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай рабоце райвыканкама фарміруем базу дадзеных, вызначаем катэгорыі грамадзян, ільготы, прадугледжаныя ім дзяржавай. Каб убачыць, у якіх умовах жывуць нашы падапечныя, што іх хвалюе, якая канкрэтна дапамога ім патрэбна, мы ў складзе рэйдавых груп і назіральных камісій выязджаем у вёскі, робім падамавы абход, гаворым з людзьмі, сумесна са старшынямі сельвыканкамаў, прадстаўнікамі медыцынскай і пажарнай службаў стараемся аператыўна вырашаць бягучыя праблемы, – гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – На сёння ў банку дадзеных знаходзяцца 14 976 жыхароў Глыбоччыны. На працягу года мы правялі абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча 11 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 44 грамадзян, якія пацярпелі падчас ваенных дзеянняў, 2 інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, 913 адзінокіх пажылых і 2 420 адзінока пражываючых пажылых, 239 адзінокіх інвалідаў I і II груп.

Спецыялісты аддзялення не спынілі работу і падчас пандэміі. Дадзена 608 тэлефонных кансультацый па самых розных пытаннях: захаванні мер прафілактыкі ў сувязі з COVID-19, дастаўцы на дом лекаў, прадуктаў і тавараў першай неабходнасці, устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА), рамонце пячнога ацяплення, складанай жыццёвай сітуацыі ў сувязі з захворваннем і немагчымасцю самаабслугоўвання. У кожным выпадку прымаліся неадкладныя меры рэагавання.
За бягучы год, у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады, у дамах сарака грамадзян устаноўлены АПА з вывадам на сігнальна-гукавое прыстасаванне на суму 387 рублёў 66 капеек, у двух дамах адрамантавана пячное ацяпленне на суму 1 506 рублёў 50 капеек. 38 грамадзян атрымалі матэрыяльную дапамогу са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і аднаразовую дзяржаўную сацыяльную дапамогу на 3 270 рублёў для прывядзення домаўладанняў у пажарабяспечны стан.
За 11 месяцаў 2020 года 26 адзінокіх, інвалідаў і адзінока пражываючых грамадзян накіраваны на медыка-сацыяльныя ложкі ў бальніцы сястрынскага догляду, двое – у Дом самастойнага пражывання ў вёсцы Мосар, адзін – у аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Крулеўшчыне. Акрамя гэтага, па ўстаноўленых фактах небяспечных умоў пражывання састарэлых было накіравана 19 інфармацыйных паведамленняў розным суб’ектам прафілактыкі, 13 пісьмаў родным пажылых грамадзян з просьбай аказаць ім дапамогу ў ліквідацыі ўмоў, што пагражаюць жыццю і здароўю.
Яшчэ адзін маштабны і значны накірунак работы аддзялення – праектная дзейнасць, якая дапамагае ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу цэнтра і аказваць дапамогу катэгарыраваным грамадзянам.
– Сёлета ТЦСАН атрымаў 5 568 долараў ЗША бязвыплатнай замежнай дапамогі. Дзякуючы гэтым сродкам, 480 грамадзян пенсійнага ўзросту, інвалідаў I і II груп і 127 шматдзетных сем’яў забяспечаны прадуктовымі наборамі. Супрацоўніцтва з дабрачынным фондам “Добра тут”, грамадскім аб’яднаннем “Беларускае дабрачыннае таварыства”, замежнай дабрачыннай арганізацыяй французскага горада-пабраціма Фёр, дае плён. Матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра значна ўмацавалася: мы набылі міні-трэнажоры для пажылых людзей, шматфункцыянальнае друкарскае абсталяванне для аказання паслуг паліграфічнай майстэрні, халадзільнік і мікрахвалёвую печ, офісную тэхніку, тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі – інвалідныя каляскі, хадункі, мыліцы, якія прадстаўляем бясплатна. Гэтай паслугай на працягу года скарысталіся больш за 130 чалавек, – гаворыць дырэктар цэнтра Віктар Васюковіч.
– Работа ў вызначаным накірунку працягваецца. Нядаўна адправілі ў дабрачынны фонд “Добра тут” праектную прапанову “Рука дапамогі” – адкрыць у райцэнтры салон “Міласэрнасць”, дзе будуць створаны камфортныя ўмовы для абслугоўвання шматдзетных і няпоўных сем’яў, інвалідаў і пенсіянераў па забеспячэнні іх гуманітарнай дапамогай у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, канцылярскіх тавараў.
У наступным годзе, як і сёлета, будзем усебакова падтрымліваць і аказваць дапамогу найбольш неабароненым у сацыяльным плане катэгорыям грамадзян, распрацоўваць інавацыйныя формы ўзаемадзеяння з насельніцтвам, інфармаваць іх аб відах дапамог і паслуг ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі і, вядома ж, распрацоўваць новыя праекты і прыцягваць такія патрэбныя для рэалізацыі задуманага матэрыяльныя сродкі, – сказала Святлана Уладзіміраўна. – У нас невялікі, але згуртаваны калектыў, у якім працуюць граматныя, адказныя, старанныя, церпялівыя і не па гадах мудрыя жанчыны. Таццяна Кавалёнак, Вольга Шаршнёва, Жанна Мароз – кампетэнтныя і вопытныя спецыялісты, якіх чужая бяда не пакідае раўнадушнымі, і яны прыкладаюць максімум намаганняў, каб аблегчыць жыццё нашых падапечных. Яны – мая апора: добра ўсведамляюць значнасць нашай работы, любяць сваю справу і выконваюць яе бездакорна. Дзякую ім за прафесіяналізм, працаздольнасць і добразычлівасць. Віншую ўсіх сваіх калег, нашых падапечных з Калядамі і Новым годам. Жадаю здароўя, аптымізму, надзеі, цяпла і святла ў вашых сем’ях, і веры ў тое, што сацыяльная служба – была, ёсць і будзе крыніцай выратавальнай лячэбнай дабрыні.