Навучэнец Глыбоцкага прафліцэя — пераможца другога тура рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...
Здымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі.

У другім (раённым) этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па інфарматыцы сёлета прымаў удзел навучэнец другога курса Глыбоцкага дзяржпрафліцэя Павел Стэльмачонак. Ужо сам гэты факт можна лічыць у нейкай меры сенсацыйным. І болей таго: здольны юнак паспяхова справіўся з выкананнем усіх заданняў і паказаў лепшы вынік. Дарэчы, Павел паказаў лепшы вынік і на ўнутрыліцэйскай прадметнай алімпіядзе – на сто працэнтаў справіўся з выкананнем заданняў.

Павел Стэльмачонак з выкладчыкам інфарматыкі Ігарам Яўгенавічам Сасімовічам.

Павел Стэльмачонак родам з Докшыц. У прафліцэі атрымоўвае спецыяльнасці слесара сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыста-машыніста і вадзіцеля катэгорыі С. Хлопец паспяхова займаецца па ўсіх агульнаадукацыйных і спецыяльных прадметах. Ужо з першага курса выкладчыкі і майстры вытворчага навучання запрыкмецілі таленавітага навучэнца. Але асабліва Павел Стэльмачонак выдзяляўся на занятках па інфарматыцы.

– Здольнасці выключныя ў юнака, – гаворыць вядомы ў раёне педагог Ігар Яўгенавіч Сасімовіч. – Яму б больш матывацыі, пабольш працы над сабой, і выдатныя вынікі не прымусяць сябе чакаць. Апантана захапляецца радыёэлектронікай, спрабуе праграмаваць. Ён і летась паспяхова справіўся з выкананнем усіх заданняў унутрыліцэйскай алімпіяды па інфарматыцы. Нягледзячы на тое, што  на другім курсе гэты прадмет ужо не выкладаецца, прапанаваў Паўлу сёлета паспрабаваць свае сілы ў раённым этапе алімпіяды. І ў яго ўсё выдатна атрымалася. Вельмі рады за нашага навучэнца. Жадаю Паўлу паспяхова развіць свой талент, у будучым праявіць сябе ў прафесіі, у любімай справе.

У гэтыя пераднавагоднія дні і мы ад імя чытацкай аўдыторыі “Весніка Глыбоччыны” віншуем таленавітага навучэнца Глыбоцкага прафліцэя і жадаем яму здароўя і здзяйснення ўсіх запаветных мар.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru