Аксана нарадзілася за дзве тысячы кіламетраў ад Беларусі. Рашучая і настойлівая, турыстка, рамантык, яна не баялася дарог і перашкод, што сустракаліся на іх. Свабодалюбівая і працаздольная, яна бралася толькі за тыя справы, да якіх ляжала душа. Нягледзячы на ўсялякага роду крызісы, няўдачы ў асабістым жыцці, жанчына знаходзіла сілы, каб пачаць жыццё з чыстага ліста, упэўненым крокам ішла насустрач сваім марам, якія, дзякуючы яе ініцыятыве, старанню, неўтаймаванай энергіі і аптымізму станавіліся рэальнасцю. Да сваёй “Краіны мар”, “пабудаванай” у вёсцы Хралы, Аксана Рэваўна ішла 53 гады жыцця, і шлях гэты ніколі не быў лёгкім і простым.
Як “лячэбная” каза дапамагла распачаць бізнес
Ішоў 2011 год. У вёску Хралы, што на Глыбоччыне, Аксана і Вячаслаў прыехалі на старым аўтамабілі, са скрынкай інструментаў, сабакам і парай рублёў. Купленая жанчынай дача аказалася старой хацінай без усялякіх выгод цывілізацыі. Закасаўшы рукавы, Аксана і Вячаслаў узяліся за справу. Мужчына быў майстравіты: ён і ў будаўніцтве разбіраўся, і ў электрыцы, і разьбой па дрэве займаўся. Усё было б нічога, але ў Вячаслава пачаліся праблемы са здароўем. У якасці лекаў сяльчане параілі яму казінае малако. Каза Мілка, якую мы купілі, вылечыла Вячаслава і дапамагла нам вызначыцца з новай уласнай справай, — гаворыць Аксана Рэваўна. – Не ведаю, ці каза тут сыграла галоўную ролю, ці ў мяне прачнуліся гены дзеда Канстанціна, які ў свой час вывучыўся ў Маскве на тэхнолага малочнай прамысловасці, але я занялася вырабам сыроў і масла. Дакупіла чатырох коз, казлоў, стала разводзіць казлянят. Цяпер у мяне на пакрыцці 30 коз — вясной буду мець нядрэнны дойны статак, падрастаюць 10 галоў маладняку. Больш ніякай жыўнасці не маем, бо і з гэтай сямейкай хапае клопатаў. Пабудавалі “жыллё” для іх, невялікую сыраварню, складскія памяшканні, купілі халадзільнае абсталяванне. Пачынала я з сыраваркі на 120 літраў малака, цяпер у мяне чан на 150, заказала на 250 літраў, бо аб’ёмы вытворчасці павялічваюцца.
У 2018 годзе зарэгістравала аграэкасядзібу “Краіна мар”. З блізкага і далёкага замежжа сюды ехалі турысты, якія стаміліся ад гарадскога рытму і шукалі малакранутыя цывілізацыяй ціхія ўтульныя куточкі. Пандэмія спыніла турыстаў, цяпер аграэкасядзіба ў Хралах пустуе. Па фінансавых абавязацельствах перад банкам, лізінгавай фірмай, падатковай інспекцыяй, фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, перад работнікамі якія дапамагаюць спраўляцца па гаспадарцы, Аксане дапамагаюць разлічвацца… козы.
“Краіна мар” ва ўмовах рэальнасці
У рэальнасці матэматыка такая: каб аплаціць месячны крэдыт банка, мне трэба 3 дні работы, 300 літраў малака, з якіх вырабляю 30 кілаграмаў сыру і выручаныя за яго грошы. Каб аплаціць астатнія плацяжы, малака трэба ў чатыры-пяць разоў больш. Пагалоўе коз так хутка не павялічыш, таму вырашылі закупляць кароўе малако ў вяскоўцаў, з якімі трэба своечасова разлічвацца. Павялічаныя аб’ёмы малака дапамогуць пашыраць асартымент прадукцыі, але трэба шукаць новыя рынкі для яе збыту. Схема “закупка-вытворчасць-рэалізацыя” будзе эфектыўнай, калі ўзаемасувязь ўсіх накірункаў дзейнасці не парушыцца, — у словах гаспадыні адчуваецца пазіцыя стратэга.
Цяпер Аксана Лашкевіч робіць розныя гатункі масла і сыроў, камбінуючы віды малака, дабаўляючы туды розныя прыправы. Прадукцыя, асабліва масла з папрыкай, сельдэрэем і соллю, ідзе, з яе слоў, на ўлёт. І ўсё ж індывідуальныя заказы вялікага прыбытку не прыносяць, а вось падзарабіць на восеньскіх кірмашах у Мінску, куды запрашалі Аксану, удавалася.
—У кастрычніку мы наладзілі супрацоўніцтва з кіраўніком таварыства з абмежаванай адказнасцю “БіяМлын” Аляксеем Сотнікавым, якому належыць гандлёвы брэнд Vёska і які адкрыў у сталіцы Біямаркет з такой назвай. Ён дапамог сертыфікаваць 6 відаў масла і 8 відаў сыроў, якія цяпер я пастаўляю ў сетку гэтых магазінаў. Магчыма, гэтае прадпрыемства стане інвестарам будаўніцтва малочнай фермы, прадукцыя якой будзе ісці на прыгатаванне маіх сыроў і масла.
У лістападзе пад Мінскам адкрыўся новы рынак “Валяр’янава”, дзе ў вялікім асартыменце прадстаўлена прадукцыя фермерскіх гаспадарак краіны. Канкурэнцыя там будзь здароў, кліентскую базу напрацаваць не лёгка, але я стараюся, — расказвае пра работу і бліжэйшыя планы Аксана Лашкевіч.
Словы падзякі жанчына выказвае інструктару ФАЦ Але Галай, якая дапамагла ёй прыняць удзел у праграме малых грантаў пасольства ЗША “Крэатыўная вёска: прадпрымальніцтва+творчасць+ супрацоўніцтва= устойлівае развіццё”. Зусім нядаўна прыйшла радасная навіна: Аксане выдзелілі сродкі на развіццё ўласнай справы, за якія было куплена неабходнае абсталяванне для сыраварні.
— Працаваць цяжка, але рукі мы не апускаем, і мама, якой амаль 90 гадоў і якая цяпер жыве з намі, не дазваляе гэтага рабіць. Яна ў нас і кантралёр, і шэф-повар, і гаспадыня: і павучыць, і параіць, і вычытае, і пашкадуе… Я ведаю, што любы грошык, заробленыя сваімі рукамі, – мазольны; той, хто ўстане раней – ступіць далей; той, хто стараецца, нават у камень зможа цвік загнаць, — у гэтых словах Аксаны Лашкевіч чуюцца рашучасць, імкненне перамагаць цяжкасці і вера ў тое, што ўсё атрымаецца.