На выкананне заданняў трэцяга (абласнога) тура алімпіяды па фінансавай граматнасці васьмікласніку Удзелаўскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Антону Сямашку хапіла 35 мінут, хаця, у адпаведнасці з палажэннем, на гэта адводзілася 60. Са ста магчымых балаў Антон набраў дзевяноста. І гэта лепшы вынік сярод 73 удзельнікаў алімпіяды, старшакласнікаў устаноў адукацыі Віцебшчыны. Праўда, столькі ж балаў і ў актыве адзінаццацікласніцы Лепельскай гімназіі Анастасіі Шчэрбач. І яна будзе абараняць гонар вобласці на заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды па фінансавай грамаце сярод вучняў 10 і 11 класаў.
Толькі ўзрост не дазваляе пакуль Антону Сямашку праявіць свае здольнасці ў фінале гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў. Шмат ухвальных водгукаў адрасавалі таленавітаму юнаку члены журы абласнога этапа алімпіяды. Антон узнагароджаны Граматай Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка па Віцебскай вобласці і спецыяльным заахвочвальным прызам.
Варта адзначыць, што вучні 8 класа Удзелаўскай сярэдняй школы Антон Сямашка і яго аднакласнік Максім Гушчонак разам з вучаніцай 10 класа СШ №2 г. Глыбокае Янай Бервячонак перамаглі сёлета ў другім (раённым) туры алімпіяды па фінансавай граматнасці і атрымалі права на ўдзел у абласным. А праходзіў гэты тур дыстанцыйна на 25 раённых пляцоўках з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Поспех удзелаўскіх школьнікаў не выпадковы, а заканамерны. На працягу шэрагу гадоў у гэтай установе адукацыі плённа працуе гурток “Асновы фінансавай граматнасці”, якім кіруе настаўніца матэматыкі вышэйшай катэгорыі Галіна Сяргееўна Русіна. Дарэчы, Антон Сямашка летась таксама ўдзельнічаў у абласным туры алімпіяды і заняў чацвёртае месца. Сёлета прагрэс відавочны, ён пераможца.