Ва ўяўленні кожнага чалавека шчасце – гэта святло, каханне, радасць, любімыя дзеці, работа, да якой ляжыць душа; гэта пачуццё значнасці і запатрабаванасці; гэта спакой і гармонія ў адносінах і ў жыцці. Да адных шчасце прыходзіць са стандартным букетам пазітыву, а да другіх – праз боль, слёзы і выпрабаванні, якія, здаецца, ніколі не закончацца. Глыбачанка Святлана Куніцкая сцвярджае, што цяпер яна – самая шчаслівая маці на зямлі. Вось толькі шчасце тое выпакутаванае гадамі, прыпраўленае соллю слёз, настоенае на доўгіх бяссонных начах, перапоўненае калючымі думкамі, здабытае сярод тысяч кіламетраў дарог, асвечанае шчырай верай і малітвамі Усявышняму.
У пошуках кахання
Святлана нарадзілася ў Падсвіллі ў шматдзетнай сям’і, у якой акрамя яе падрасталі старэйшая сястра Таня, двайняткі Ірына і Марына. Чатыры дзяўчынкі сталі лепшымі памочніцамі матулі, якая працавала на Пліскім ільнозаводзе.
Дзяўчына скончыла Падсвільскую школу і, так сталася, пайшла не за прафесіяй, а замуж. Яе каханне было такім жа ігрыстым і ап’яняючым, як маладое віно. На жаль, праз чатыры гады набіла аскоміну – шлюб распаўся. Сына Дзмітрыя Святлана падымала на ногі адна. Не ведала тады маладая жанчына, што ў пошуках сваёй другой палавінкі ёй прыйдзецца прайсці “праз агонь, ваду і медныя трубы”, выцерпець прыніжэнні і растанні, на доўгія гады страціць роднае і дарагое яе сэрцу. Толькі ў 2010 годзе на гарызонце яе лёсу пасвятлела: яна сустрэла Аляксея. Кішоўскі хлопец пасля знаёмства ў хуткім часе прапанаваў ёй руку і сэрца. У 2010-м Святлана і Аляксей сталі мужам і жонкай. Калі ў сям’і нарадзіўся сын Ромка, а затым Арцёмка – жанчына адчула, што такое шчасце. Любавалася малышкамі камочкамі, вучыла дзетак хадзіць, гаварыць, спявала песні, расказвала казкі. Такое чыстае і даверлівае дзяцінства, якое яна трымала на руках, здавалася, скінула з плячэй не адзін цяжкі год. Пасля нараджэння Арцёма сям’я Куніцкіх атрымала статус шматдзетнай і магла разлічваць на дапамогу дзяржавы ў плане будаўніцтва жылля ў горадзе.
– Кватэру нам абяцалі выдзеліць у адным з дамоў па вуліцы Паўночнай. Пераезд у Глыбокае мы звязвалі з новымі магчымасцямі ў плане пошуку работы, развіцця здольнасцяў дзяцей, да таго ж свая кватэра – гэта мара любой сям’і, якая хоча жыць самастойна, – гаворыць Святлана.
Але ключы ад новай кватэры ледзяным холадам апяклі далонь Святланы: радасць наваселля азмрочыла бяда, якая нечакана прыйшла ў маладую сям’ю, парушыўшы ўсе планы і надзеі.
«Хвораму хлопчыку патрэбна дапамога»
Так называлася публікацыя ў газеце “Веснік Глыбоччыны”, у якой Святлана звярталася да ўсіх нераўнадушных жыхароў Глыбоччыны з просьбай дапамагчы ў зборы сродкаў на лячэнне Ромкі.
– У 5 гадоў сыночку забалелі ножкі, і мы павезлі яго ў паліклініку. Прызначылі лячэнне, але яно не стала паратункам. Далі накіраванне ў абласную бальніцу, адтуль – у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (РНПЦ) у Бараўляны. Там Рому паставілі дыягназ – нейрабластома 4 стадыі з пашкоджаннем правага наднырачніка і лімфавузлоў коснага мозга, – са слязьмі чытае фармуліроўку жанчына. – Я не разумела, што гэта за хвароба, пакуль урач не сказала, што гэта рак у апошняй стадыі.
Дыягназ, пастаўлены сыну, цяжкім каменем упаў на плечы бацькоў. Былі роспач, страх, слёзы і неперадольнае жаданне змагацца за здароўе дзіцяці, супрацьстаяць хваробе, вырваць маленькага чалавечка, які зусім не разумеў небяспекі, з кіпцюроў смерці.
– Паездкі ў бальніцу, лячэнне, пражыванне – усё гэта каштавала грошай, а іх у сям’і не было, хоць родныя дапамагалі, як і чым маглі.
Святлана Куніцкая звярнулася ў грамадскую прыёмную раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якую на той час узначальвала Людміла Чэбан. Разам з Людмілай Сцяпанаўнай распрацавалі план далейшых дзеянняў і пакрокавую інструкцыю, як і што рабіць. З публікацыі ў “Весніку Глыбоччыны” ўвесь раён даведаўся пра хваробу Ромы Куніцкага. Знайшліся тысячы нераўнадушных людзей,
якія адгукнуліся на чужую бяду. Збіралі грошы калектывы ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, дапамагалі глыбачане ў прыватным парадку. Падчас “Вішнёвага фестывалю” і іншых раённых мерапрыемстваў актывісты грамадскіх і прафсаюзных арганізацый Глыбоччыны праводзілі акцыю “Выратавальная вішанька для Ромы Куніцкага”. Збор сродкаў арганізоўвалі валанцёры, Юлія Міцкевіч і члены раённага пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”, сябры садружнасці праваслаўнай моладзі. Дабрачынны канцэрт падрыхтавалі і правялі работнікі Падсвільскага ДК пад кіраўніцтвам Тамары Спяцанавай… Усе сабраныя сродкі былі пералічаны на адкрытыя ў банку рахункі.
– Мы прайшлі 8 курсаў хіматэрапіі ў Бараўлянах. Пасля іх Рома ляжаў, як нежывы, анічога не хацеў. Пасля шостага курса я вучыла Ромку наноў хадзіць. Затым сыну зрабілі аперацыю, пасля правялі трасплантацыю галаўнога мозга. Майго хлопчыка лячыла ўрач-гематолаг, загадчыца анкалагічна-інфекцыйнага аддзялення №2 РНПЦ Іна Вітальеўна Праляскоўская. Яна – прафесіянал сваёй справы, нераўнадушны да чужога болю чалавек, якому я вельмі ўдзячна. Пасля праведзеных медыцынскіх працэдур мы кантралявалі стан здароўя Ромкі, перыядычна ездзілі на абследаванне. Калі нам спатрэбілася спецыяльная апаратура для сканіравання, якой няма ў Беларусі, Людміла Сцяпанаўна дапамагла звязацца з землякамі-глыбачанамі Антонам і Марынай Сабалеўскімі, якія цяпер жывуць у Маскве. Гэтыя людзі аднесліся да нас, як да родных: прадаставілі жыллё, накуплялі Ромку цацак, дапамаглі трапіць на прыём у спецыялізаваную клініку Дзмітрыя Рагачова, куды едуць
з хворымі дзеткамі з усіх куточкаў былога Савецкага Саюза. Ну а нам, каб пазбегнуць рэцэдыву, трэба было поўнасцю знішчыць у арганізме Ромы ракавыя клеткі. Імунатэрапію, якую прызначаюць з гэтай мэтай, маглі зрабіць толькі ў замежных клініках. Лячэнне там нам было не па кішэні, і тады на дапамогу прыйшоў міжнародны дабрачынны дзіцячы фонд “Шанс” з Мінска, – расказвае Святлана. – Нам падабралі клініку ў Іспаніі і ў верасні 2018 года мы з Ромам паехалі ў Барселону. Фонд аплачваў лячэнне, пражыванне, паслугі перакладчыка. Усё гэта каштавала дзесьці 120 тысяч еўра, якіх мы ніколі не сабралі б самі.
У Іспаніі Рома ўпершыню ўбачыў мора і ўлюбіўся ў бязмежную марскую даль. У Барселоне Святлана знайшла рускамоўную, адзіную ў мільённым горадзе, царкву, вадзіла туды сына на службу і да прычасця. На чужой зямлі, удалечыні ад дому, яна прасіла-маліла Усявышняга, каб Ён злітасцівіўся і даў шанц вярнуцца да звычайнага жыцця.
Лячэнне ў Іспаніі было эфектыўным. Гэта пацвердзіла
паўторнае абследаванне ў Барселоне, нядаўнія – у Маскве і ў Бараўлянах.
«З днём нараджэння, Рома!»
Выздараўленне Ромы можна лічыць яго другім нараджэннем: хлопчык паціху вярнуўся да звычайнага жыцця. Спачатку разам з настаўніцай Вольгай Алегаўнай Муляронак займаўся дома, цяпер ходзіць у трэці клас СШ №2. Ён з ахвотай рашае задачкі, па-вясковаму, каларытна гаворыць па-беларуску на ўроках роднай мовы. Як і ўсе, непаседа, а таму не можа доўга выседзіць за чытаннем. Як і малодшы брацік Арцём, любіць пагуляць у мабільныя “стралялкі” і марыць стаць міліцыянерам.
– Рому раней нельга было быць на сонцы, а цяпер мы ўжо яго не баімся – для нас гэта прагрэс. Па здароўю яму нельга займацца спортам, хоць ён надта хацеў пайсці на бокс. Сумна, але першым дакументам, які атрымаў наш сынок, стаў не пашпарт грамадзяніна краіны, а пасведчанне аб інваліднасці, якое яму выдалі на пяць гадоў. Калі ў красавіку мы паспяхова пройдзем абследаванне, інваліднасць здымуць. Гэта будзе невыказная радасць для нас з мужам, – выказвае патаемныя думкі Святлана.
Чатыры гады пакут і выпрабаванняў яшчэ больш умацавалі сям’ю і падвоілі радасць бацькоў. У цяжкую хвіліну муж быў апорай і першым памочнікам для Святланы і Ромкі. Малады бацька не спужаўся цяжкасцяў, не разгубіўся, паказаў, што ён – сапраўдны мужчына, які кахае жонку, даражыць дзецьмі і гатоў дзеля іх на ўсё.
Цяпер Аляксей месяцамі не бывае дома – такое яно жыццё вадзіцеля-дальнабойшчыка. Ужо пабываў у Германіі, Італіі, Швецыі, Іспаніі, аб’ехаў Расію. Кожны раз мужчына з радасцю вяртаецца з далёкіх дарог дамоў, дзе яго чакаюць дарагія, любімыя людзі.
– Жывём мы ў кватэры з выгодамі, плоцім у месяц усяго па 40 рублёў крэдыту. Я аформлена па догляду за дзіцяці, атрымліваю разам з выплатай Ромы каля 600 рублёў, у дадатак – зарплата мужа. Прадуктамі нам дапамагаюць бацькі мужа Аляксандр Казіміравіч і Таццяна Вітальеўна – усё неабходнае маем. У маі, як вернецца дадому старэйшы сын Дзіма – ён цяпер служыць у пагранічных войсках у Гродзенскай вобласці – уся сям’я будзе ў зборы, – з радасцю гаворыць Святлана. – Дзякуючы Божай дапамозе, прафесіяналізму ўрачоў, нераўнадушшу, спагадзе і людской дабрыні, у нашай кватэры пасялілася шчасце. Для любой маці яно – у здаровых дзецях і дарагіх людзях, якія ніколі не пакінуць цябе адзін на адзін з бядой, – падвяла рысу сказанаму Святлана.