Матэрыял пад такім загалоўкам быў надрукаваны ў № 93 за 18 лістапада 2020 года ў газеце “Веснік Глыбоччыны”. Наш чытач Уладзімір Фёдаравіч, звярнуўшыся на “гарачую лінію” газеты, паскардзіўся на дрэнную якасць вады з мясцовай свідравіны. Ён упэўнены, што ржавая вада, за якую ён плоціць, як за якасную, шкодзіць здароўю.
— Свідравіна раней была разлічана толькі для падачы вады ў Пліскую школу, а затым, як пабудавалі чатыры шматпавярхоўкі на 120 кватэр, падключылі да свідравіны і іх. Напачатку ўсё было добра, але прайшлі гады, за гэты час свідравіну ні разу не пачысцілі, ніякіх прафілактычных работ не правялі. Вада, што цячэ з кранаў у нашых кватэрах, ржавая, “перафарбоўвае” чыстыя каструлі ў руды колер. Такая вада не дае здароўя ні нам, ні школьнікам, для якіх у сталоўцы гатуюць ежу. На днях па кватэрах хадзілі работнікі водаканала. Правяралі лічыльнікі, перазаключалі дагаворы. Жыльцы тыя дагаворы падпісалі і будуць плаціць за ваду, але хочацца, каб за нашы грошы нам аказвалі якасную паслугу, — гаварыў мужчына.
Вось што патлумачыла на гэты конт начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва філіяла “Докшыцыводаканал” УП “Віцебскааблводаканал” Вольга Ломыш.
— Наша прадпрыемства — рэгіянальнае, абслугоўвае спажыўцоў Пастаўскага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў. Прадпрыемства мае ўласную лабараторыю, супрацоўнікі якой, згодна ўстаноўленага графіка, бяруць пробы вады са свідравін, што стаяць на нашым балансе, і адсочваюць якасць вады ў іх. Пробы вады па свідравіне ў вёсцы Пліса, зробленыя ў лістападзе гэтага года, паказваюць, што норма жалеза перавышае ўстаноўленую ў 7 разоў: пры норме 0,3 міліграма на кубічны дэцыметр яго там 2.18 мг/дм3. Амаль у два разы большая і норма памутнення: замест дапушчальнай 1,5 маем 2,8 мг/дм3. Гэтыя лічбы сталі асновай пры выбары населеных пунктаў, у якіх у 2021 годзе будуць пабудаваныя станцыі абезжалезвання вады. З вялікага пераліку было выбрана 12 вёсак, дзе якасць вады патрабуе паляпшэння: тры з іх – у Пастаўскім раёне, 3 – у Докшыцкім і 6 – на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. У наступным годзе плануецца пабудаваць станцыі абезжалезвання ў вёсках Пліса, Прошкава, Азярцы, Станулі, Шунеўцы і Карабы. Падрыхтоўчы этап работ ужо пачаўся. Мы ўдакладняем дадзеныя па спісачнай колькасці жыхароў у кожным населеным пункце, узгадняем дакументальныя пытанні з райвыканкамам, распрацоўваем тэхнічныя ўмовы, кантралюем якасць вады. Ужо ў гэтым годзе аб’яўлены таргі на выбар арганізацыі-праектыроўшчыка праектнай будаўнічай дакументацыі.
Афіцыйны адказ філіяла “Докшыцыводакал” на наш запыт пацвярджае вышэй сказанае. — У вёсцы Пліса пражывюць 416 чалавек, дагаворы на водазабеспячэнне з філіялам заключылі 227 спажыўцоў і 2 абаненты. Філіял “Докшыцыводакал”, згодна зацверджанага графіка, праводзіць прамыўку і дэзінфекцыю водаправодных сетак. З мэтай паляпшэння якасці пітной вады ў 2021 годзе ў вёсцы Пліса запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання, — гаворыцца ў адказе.