Глыбачанка прысвяціла выставу сваёй малой радзіме

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

– Гляньце, унучачкі, вунь лянок расце, хадзем за мной, – дзядуля няспешна ўзняўся з посцілкі, ускінутай пры дарозе, паглядзеў на каровак, што спакойна хадзілі па пашы і накіраваўся да залатога палетка. Тры шчабятушкі, ухапіўшы дзядулю за рукі, зацікаўлена паглядалі, ці не казку новую ад яго чакаць. Падышлі да дзіўных з маленькімі каробачкамі раслін. Малеча пакуль іх разглядала, дзядуля ўжо колькі сцяблін і выцягнуў.

– Зараз я іх пацераблю.

Дзяўчаткі і не заўважылі, як яго пальцы ўжо трымалі… ніткі.  

 – А цяпер пакруцім, закруцім…

І проста на вачах з непрыкметных сцяблін “вырасла” лялька ў спаднічцы…

Дзядулева навука і бабуліны залатыя рукі

– Гэта мае самыя першыя лялькі – дзядулевы. Бабуля ж мая расказвала, як яе мама з кавалачкаў тканіны рабіла ёй і тром сястрычкам лялечкі.

Успаміны з дзяцінства Алена Дабравольская беражэ асабліва. Лялек, самых розных, у метадыста па ткацтве паясоў Глыбоцкага Дома рамёстваў безліч, бо яны – самыя лепшыя манекены, каб паказваць усю разнастайнасць і прыгажосць плеценых і тканых паяскоў.     

– І ткацтвам паясоў, напэўна, лёсам не выпадкова выпала займацца – дзед мой плёў для коней папругі.  Сам з ільну рабіў ніткі  і скручваў вяроўкі, як робяцца звычайныя паясы.  І я ўсё гэта бачыла.

Дзядуля Алены Дабравольскай, Іосіф Казіміравіч Маціеўскі з вёскі Шо, славіўся сваёй майстравітасцю.

– Усёй вёсцы і бліжэйшым ваколіцам рабіў вазы, колы. Яго, майстра па дрэве, прасілі зрабіць самыя розныя рэчы па гаспадарцы, і тыя ж тапарышчы, і цацкі дзецям. У мяне, маленькай, і ў маіх сясцёр самаробнымі былі і санкі, і лыжы. Дзядуля меў усе неабходныя для рамяства прыстасаванні, інструменты.

Бабуліны залатыя рукі ўмелі ткаць на кроснах, прасці ніткі, вязаць пруткамі і кручком. Ганна Станіславаўна якраз і навучыла ўнучачку Лену ўпраўляцца з пруткамі.

– Дзядуля і бабуля – майстры на ўсе рукі. Ды ўсе родныя і артысты, і рукамі ўмеюць цуды ствараць. Мне пашчасціла быць часткай такой працавітай і таленавітай сям’і.

“Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”

Так назвала Алена Дабравольская сваю новую выставу.

–  Усе мае таленты ад бабулі, дзядулі, мамы, цёці. Экспазіцыю я прысвяціла Году малой радзімы і таму месцу, дзе я радзілася, расла, – родным любым вёсачкам Шо і Івесь. У першай я з’явілася на свет, і там жылі мае дзядуля з бабуляй. У другой  я расла з сёстрамі ў дружнай сям’і. Усё маё дзяцінства прайшло ў цэнтры Еўропы! – расказвала рукадзельніца на адкрыцці сваёй выставы ў Падсвільскім Доме рамёстваў.

У Падсвіллі сваю творчасць Алена Дабравольская прадстаўляла другі раз, бо шэсць гадоў таму знаёміла падсвільчан са сваімі вырабамі з бісеру.  Цяпер у рамесніцы зусім другі накірунак: абярэгі, лялькі, паясы…

Год таму (праўда, у Глыбоцкім Доме рамёстваў) Алена якраз пра іх і расказвала:  14 кастрычніка адкрывалася выстава “Матуліны абярэгі”, якую майстар прысвяціла матулі.

– На мінулай выставе паказвала лялек-Травянушак.  Цяпер Мятлушак – лялек, зробленых з бярозавага, дубовага і лавандавага венікаў. І Стаўбушак, якіх я зрабіла вялікіх памераў, каб можна было ўсе дэталі ўбачыць, як пад лупай (звычайна ж абярэгі маюць вышыню ў 10-15 см),   іх аснова  – драўляны стоўб, таму так і называюць. Стаўбушкі – ахоўніцы дома ад злых людзей і нядобрага слова.

Дзесяціручка

Сярод лялек-абярэгаў у Аленінай калекцыі ёсць адметная – Дзесяціручка. Сама назва кажа, колькі  мае яна рук. Ствараючы яе, Алена ўяўляла… сябе. І той, хто ведае Алену, канешне, у гэтым ніколькі не сумняваецца – здаецца, яна паспявае рабіць усё і ўсюды.

Тэхнік-тэхнолаг сусветнай і нацыянальнай кухні Алена Дабравольская ўжо 7 гадоў працуе метадыстам Дома рамёстваў, бо любімае хобі-рамяство – бісерапляценне – якраз змяніла  яе працоўнае месца. Нягледзячы на тое, што  больш за 10 гадоў поварскую справу з выпечкай тортаў, булак, караваяў Алена таксама лічыла любімай. Адсюль у Дзесяціручкі – лыжка, патэльня, ніткі…

– Асноўная пара  рук  трымае расчоску і люстэрка: я – маладая, і якой б ні была апантанай рукадзельніцай, павінна за сабой сачыць, быць дагледажанай. А 10 атласных банцікаў на ляльцы – гэта маё сімвалічнае дапаўненне, мае 10 жаданняў.

  Алена, завязваючы банцікі, загадала навучыцца новым рамёствам: напрыклад, вязаць кручком, бо ўмее толькі пруткамі,  а яшчэ валяць з воўны, вышываць люневільскім кручком (вышыўка на тканіне паеткамі, бісерам, ніткамі.аўт.)…

Ёсць у экспазіцыі самая каштоўная для майстра лялька.

– Яна – мой успамін з дзяцінства. У бабулі на ложку ляжала вялікая падушка 100 на 100 см. І аднойчы, перабіраючы адзенне ў бабуліным доме, я ўбачыла наўлечку з той самай падушкі – і з яе  зрабіла сябе маленькую. На памяць.

“Усё ў тым краі сэрцу міла…”

А яшчэ на доўгую памяць сабе і сваім дзеткам, а потым і ўнукам, у Алены Дабравольскай ёсць… дзядулева і бабуліна хата ў мініяцюры.  А ў ёй і даматканыя палавікі з посцілкамі, і карункавыя фіранкі з вязанымі дыванкамі, распісны куфар з пасагам і безліч сховаў на гарышчы! Гэта ўсё рукатворныя ўспаміны той “маленькай Алёнкі” пра бабуліны залатыя рукі.

– Я вельмі любіла бабулю, таму ў маёй міні-хатцы яна – гаспадыня: і ля печы завіхаецца, і вяжа, і мые бялізну. Памятаю, як мы, тры сястры, заўсёды на гэтай печцы сядзелі, як спалі на высокім ложку: уранку адкрывалі фіраначку, што закрывала яго жалезную спінку, і з цікавасцю назіралі  за бабуляй, якая з печы даставала духмяную смакату – блінцы, скваркі, каўбаску. Пах так прыемна казытаў нашы насы, што мы не вытрымлівалі і спаўзалі з ложка. Памятаю, што каля ложка бабулі заўсёды вісела маляванка з півонямі – я яе таксама па памяці аднавіла.

Ля капешкі сена пасвяцца кароўкі, свінкі павіскваюць ля драўлянага карыта, конік вязе калёсы і гаспадар а з бульбянымі мяшкамі…  – у экспазіцыі вясковае жыццё ва ўсіх яго праявах!

– На завалінцы – бабка з катом і дзед з гармонікам. Сельская ідылія! Сваёй кампазіцыяй я хацела паказаць, як добра жыць у вёсцы. І ўсе, хто быў на адкрыцці выставы, разглядаючы хатку, успаміналі сваю маленькую радзіму і дзякавалі  за вяртанне да вытокаў. Але не адна я шчыравала, былі ў мяне і памочнікі. Мая асаблівая падзяка індывідуальнаму прадпрымальніку Аляксандру Мядзельцу – толькі дзякуючы яго цярпенню і ўменням з’явіўся прататып дома з вёскі Шо. Словы ўдзячнасці і майстру па разьбе з дрэва Віктару Дудкевічу, які зрабіў шмат драўляных прылад для экспазіцыі.

  …Чаму ж мне не пець,

Чаму ж не гудзець,

Калi ў маёй хатачцы Парадак iдзець! – чуеце, спявае гаспадынька ля печы, і вясёлы матыў разносіцца па ўсёй ваколіцы.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru