Кацярына Квяцінская будучы на сёмым месяцы цяжарнасці распісвала сцены ў першым гарадскім дзіцячым садку “Вішнёвая казка”. У падарунак для ўсіх дзетак!
Глыбоцкія кветачкі
У Кацярыны – дзве дачушкі, 11 і 7 гадоў. У дзяўчынак такія ж прыгожыя, як прозвішча, імёны: Уладзіслава і Адрыяна. Вось-вось у сям’і Квяцінскіх народзіцца трэцяе дзіцятка!
– Першапачаткова я была ўпэўненая, што буду мамай дакладна не аднаго дзіцяці і, можа, нават не дваіх. Але калі другая дачушка падрасла, пайшла ў садок, у мяне з’явілася любімая праца, вольны час для заняткаў па маіх інтарэсах, то неяк думкі пра трэцяга сталі адыходзіць усё далей. Цяжарнасць стала сюрпрызам, прыемна-нечаканым!
Цяпер сумесных заняткаў у сям’і Квяцінскіх прыбавіцца, хаця іх і так хапала з такой актыўнай і вясёлай мамачкай.
– З дзяўчынкамі мы любім разам гуляць у двары, хадзіць на прагулкі ў Барок, там жа катацца на веласіпедах. Часам малюем разам, – з захапленнем расказвае пра сваіх любых дачушак Кацярына. – А наш любімы занятак – гатаваць сырнікі-пончыкі. Уладушка і Адрыяна з задавальненнем катаюць шарыкі (сырнічкі). А я іх потым абсмажваю ў алеі. Мммм… смачна! Гэта рэцэпт маёй бабулі. Улада часта праяўляе цікавасць да кулінарыі: то рэцэпт аўсянага пячэння ёй падавай, то аладак. Нядаўна пад маім кіраўніцтвам “савецкі” суп (курыны з бульбачкай і вермішэлькай) сама варыла – я ёй па тэлефоне гаварыла, што і калі дадаваць. Так што – расце гаспадыня. А ў Адрыяны добра атрымліваецца парадак і чысціню наводзіць. Дачушкі – мае памочніцы!
“Нам з ёй вельмі пашанцавала!”
Кацярына родам з Гомельскай вобласці, але дзякуючы мужу стала глыбачанкай і ўладальніцай маляўнічага прозвішча. А вось аматарам малявання – нашмат раней.
– “Рисовательные” здольнасці ў мяне з дзяцінства. Я нарадзілася ў вёсачцы. І мастацкай школы там не было. Але ў Лоеўскім педкаледжы, дзе я вучылася, у мяне быў самы лепшы настаўнік малявання – Міхаіл Якаўлевіч Бутанаў. Вось ён, мастак і таленавіты чалавек, многаму мяне навучыў, і здольнасці мае заўсёды ўдасканальваў, патрабуючы вельмі дакладнага выканання заданняў. Міхаіл Якаўлевіч прапаноўваў мне пайсці на спецыялізацыю мастацкую, але я выбрала фізкультуру і “движение” замест “сидения”.
А выбраная прафесія неўзабаве прывяла Кацярыну Квяцінскую ў… казку, “Вішнёвую казку”, першы гарадскі дзіцячы сад.
– Кацярына Андрэеўна – кіраўнік фізвыхавання. Нам з ёй вельмі пашанцавала! Таленавіты чалавек. Спартсменка, актывістка, вядзе здаровы лад жыцця – і дзяцей прывучае, і нас, педагогаў (у абедзены перапынак праводзіла фізкультурныя заняткі – старалася ўзбадзёрыць, хвалявалася за наша здароўе). Вялікая выдумшчыца – спартыўныя святы ладзіла цікавыя, крэатыўныя. Памятаеце, напэўна, што Кацярына Квяцінская – адзіная з жанчын адолела масленічны слуп падчас раённага свята (дарэчы, у апошнія тры гады яна акунаецца ў палонцы, хоць раней не рашалася. – аўт.), – расказвае пра работніка ўстановы загадчык “Вішнёвай казкі” Алена Іосіфаўна Цяліца. – Акрамя таго, што Кацярына Андрэеўна – цудоўны педагог, яна і выдатны мастак. Дзякуючы ёй наш сад ажыў – стаў сапраўды дзіцячым садком, у якім сцены ўпрыгожаны рознымі казачнымі персанажамі. Аформіла яна і некаторыя групы садка, праўда, усе не паспела – пайшла ў дэкрэтны адпачынак. На развітанне нам сказала, што справу сваю абавязкова закончыць.
Калі мама – мастак
– Я размалявала частку другога паверха і калідор першага. Паспела не ўсё. Нават у спартыўнай зале яшчэ пэндзлікам не махнула, хоць задумкі ёсць. Будзе чым заняцца, калі з дэкрэта выйду, – запэўнівае Кацярына Квяцінская, прыгадваючы, з чаго пачалося: – У першы год працы ў садку, летам 2018-га, намалявала мульцяшных герояў у тамбуры, адразу на ўваходзе ў садок. У 2019-м – печку на другім паверсе каля спартзалы. Там у нас беларускі куток. А сёлета я прапанавала размаляваць сцены – ініцыятыва-то малюнкаў мая, але рашэнне прымала Алена Іосіфаўна.
Дарэчы, першая спроба “пяра” ў Кацярыны Квяцінскай адбылася ва ўласнай кватэры.
– У спальні на сцяне “расце” вялікае дрэва з гняздзечкам і дзівоснымі, фантазійнымі, птушкамі. А яшчэ я звычайна размалёўвала вокны ў садку да Новага года і да 9 Мая. І да святаў у нас дома таксама ўзоры на акенцах з’яўляюцца. Дзяўчынкам маім падабаецца іх ствараць, і нават просяць ім акенца выдзеліць для творчасці.
А што ж найчасцей выходзіць з-пад пэндзаля ў Кацярыны?
– Я шмат каго люблю з савецкіх “мульцяшак”: кацяня па імені Гаў – у любімчыках (у садзе намаляваны) – і чорны кот з гэтага ж мультфільма, Бобік і Барбос, кот Матроскін, наогул усялякія жывёлы, а з “дзіснэеўскіх” больш за ўсіх люблю Сімбу і Бэмбі. І дзецям сваім старалася з маленства ўключаць мульцікі савецкія і старыя “дзіснэеўскія” – яны добрыя. З новых паважаю мультфільмы пра Фіксікаў, Смяшарыкаў і Машу з мядзведзем. Лунцік з гусеніцамі і Маша з мядзведзем, між іншым, з’явіліся на першым паверсе ў калідоры садка. Ідэі сюжэтаў часам нараджаюцца з ходу, часам трэба ў інтэрнэце малюначкамі і мультфільмамі натхніцца. Але гатовая ідэя можа дапрацоўвацца і ператварацца ў нешта новае. І неўзабаве Кацярыну чакае новая казка, ужо пра траіх дзетачак-кветачак. Шчаслівая маміна казка!