Навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч” прайшла на мінулым тыдні ў Глыбокім.
Яе арганізатарамі выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Сахарава БДУ і ксёндз-магістр, пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, кандыдат гістрачных навук Уладзіслаў Завальнюк.
Шматлікіх удзельнікаў канферэнцыі – навукоўцаў, выкладчыкаў вушэйшых навучальных устаноў краіны, а таксама педагогаў і вучняў нашага раёна вітаў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі. Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што выбар Глыбоччыны як пляцоўкі для правядзення навукова-практычнай канферэнцыі невыпадковы. Глыбоцкі раён падарыў свету плеяду славутых мастакоў і пісьменнікаў, навукоўцаў, палітычных і грамадскіх дзеячаў.
–Упэўнены, што правядзенне такога значнага мерапрыемства будзе садзейнічаць духоўнаму развіццю і павышэнню цікавасці жыхароў нашага раёна да гісторыі, а таксама адкрые новыя імёны будучых гісторыкаў-даследчыкаў, – сказаў кіраўнік раёна. – Плённай вам працы, цікавых дыскусій і новых адкрыццяў. І няхай вашы поспехі і дасягненні ў прафесійнай дзейнасці будуць накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, міру і стабільнасці ў грамадстве.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі звярнуліся таксама намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Леанідавіч Лакіза, пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, кандыдат гістрачных навук Уладзіслаў Завальнюк, равін Віцебска Малкіэль Гаргодзэ, благачынны Глыбоцкай акругі, протаіерэй Міхаіл Ізаітка і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Усе выступоўцы асабліва адзначылі, што на беларускай зямлі спрадвеку ў міры ды згодзе жылі прадстаўнікі розных канфесій. І канферэнцыя ў Глыбокім – яскравае сведчанне таму, што гэта добрая культурная традыцыя працягваецца і сёння.
Пасля пленарнага пасяджэння работа канферэнцыі працягвалася ў трох навукова-практычных секцыях, дзе з дакладамі выступілі каля 50 чалавек: навукоўцы, выкладчыкі ВНУ краіны, супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, педагогі і вучні школ нашага раёна.
У рамках канферэнцыі была арганізавана выстава “Малой радзіме прысвячаецца”. Супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея правялі для ўдзельнікаў мерапрыемства экскурсію па найбольш цікавых гістарычных месцах Глыбокага.
Да канца бягучага года матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваныя асобным выданнем і з імі змогуць пазнаёміцца ўсе, хто цікавіцца гісторыяй Глыбоччыны і гісторыяй нашай краіны.