Восень – багатая пара для працалюбівых сяльчан і гараджан, якія шчыруюць на агародах, у садах і ў лясах.
Пасля цеплага дожджыку, які прайшоў напрыканцы жніўня і летняй прыпаркі, пайшлі ў рост грыбы, а за імі паспяшылі ў лес гаспадары і гаспадыні, каб назбіраць для супу, для кансервацыі ці на продаж.
Глыбачанка Таццяна калісьці працавала ў вінцэху Падсвільскага завода. Яна ўжо 28 гадоў як на пенсіі, здаецца, магла б і адпачыць, але, нягледзячы на ўзрост, дома яе не знайсці.
– У лесе ягады, грыбы, а я сядзець буду, час марнаваць? Падумаеш 83 гады. Бяру з сабой “запасную нагу” і – ў лес. На “паляванне” за грыбамі я адпраўляюся ў Чорны ручэй: месца гэта недалёка ад горада і туды можна пад’ехаць на гарадскім аўтобусе. Што сабяру – ў нядзелю і прадам. Капейка да пенсіі ня лішняя ды і з людзьмі пабуду, пагавару. Пра сябе я таксама не забываю: сушу грыбы на зіму, а затым вару з іх поліўку – смаката атрымліваецца! – кажа жанчына.
На гэтым рынку Таццяна прадавала падбярозавікі, баравічкі, лісічкі. Калі ўсё адным вядром, то за 20 рублёў, калі невялікімі купкамі, то кошт розны ў залежнасці ад яе велічыні і гатунку грыбоў: па 7, 13, 15 рублёў.
Як толькі пачынаецца восень, кожную нядзелю едзе на рынак і Чэсь з Латыгалі. Ён прапануе пакупнікам зерне, чырвоныя бурачкі, цыбульку, яблыкі – усё свежае, з любоўю вырашчанае сваімі рукамі.
– Часлаў Часлававіч мае зямлю, трактар, якім свае соткі апрацоўвае і людзям дапамагае. Ён сее зерневыя, бульбу садзіць. Ён у нас і пчалавод, і паляўнічы. Пастаянна дапамагае ў наведзенні парадку ў вёсцы і на могільніку. Па ўласнай ініцыятыве даглядае тэрыторыю ля помніка загінуўшым у Латыгалі: пасадзіў там елачкі, падкашвае. Што ні папросіш – ад слова паможа, шчыры, працалюбівы чалавек, – гаворыць пра Часлава Часлававіча старшыня Карабоўскага сельвыканкама Яўген Татун.
Ну а я скажу, што ў гэтага прадаўца ёсць свае пастаянныя пакупнікі, бо ўмее ён да людзей па людску адносіцца: і тавар прапануе, і пагаворыць, і запакуе, і пажартуе.
Хто дбае, той і мае – сцвярджае народная прымаўка, таму і кіпіць восенню работа на палетках, у садах, у лесе…