Гарадская гаспадарка – справа даволі клопатная і каб даваць ёй рады, своечасова рамантаваць, фарбаваць, абнаўляць, падкашваць, асфальтаваць, трымаць усё ў парадку і чысціні, трэба не малыя фінансавыя затраты і адпаведныя людскія рэсурсы.
У жніўні, напрыклад, работнікі УП ЖКГ звезлі на тэрыторыю прадпрыемства на так званы прафілактычны агляд, каля 30 лавак, якія стаялі ў грамадскіх месцах горада.
– Лаўкі, на якіх любяць адпачываць глыбачане каля набярэжнай возера Кагальнае, у Парку Перамогі, у гарадскіх скверах у любое надвор’е стаяць пад адкрытым небам, таму не дзіва, што з цягам часу драўляныя планкі прагніваюць, фарба выгарае і лускаецца. Каб не губляўся іхні і навакольны эстэтычны выгляд, мы перыядычна, у планавым парадку, рамантуем іх, – кажа Уладзімір Глябкоўскі.
Ён разам з калегамі Іосіфам Несцяронкам і Мікалаем Чарапкоўскім у жніўні даводзілі да ладу ўсе лаўкі, якія патрабавалі рамонту. 9 верасня абноўленыя, пафарбаваныя яны ўжо занялі свае звычайныя месцы ў розных куточках горада.
Хочацца сказаць, што тэрмін іх эксплуатацыі у многім залежыць не толькі ад прыродных умоў, але і нашых адказных адносін да ўсяго зробленага і створанага. Таму давайце, незалежна ад узросту, будзем гаспадарамі ў сваім горадзе, выхаванымі і культурнымі людзьмі, якія беражліва і акуратна, як да сваёй, дамашняй, адносяцца да гарадской маёмасці, паважаюць чужую працу і цэняць усё зробленае для камфорту пражывання.