Першы ўрок павінен зацікавіць, заахвоціць да вучобы і запомніцца надоўга. Менавіта з такой пазіцыі зыходзіла настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ№1 і класны кіраўнік Алена Нікіфаровіч, калі вырашыла правесці яго не за школьнай партай, а на ўлонні прыроды.
–Па дамове з начальнікам філіяла “Чачалі” Людмілай Чэбан мы распрацавалі праграму нашага там прыбывання, спалучаючы пазнавальнае з гульнёвым, вызначылі асноўныя тэмы, на якіх хацелі акцэнтаваць увагу вучняў, абгаварылі, чым іх пачаставаць. Людміла Сцяпанаўна вітала нас на беларускай мове, расказала легенды гэтых мясцін і прадставіла тэрыторыю Дома адпачынку для нашых заняткаў, – гаворыць Алена Чаславаўна.
А ў такім маляўнічым прасторным месцы ёсць дзе разгуляцца і ёсць аб чым задумацца. Маці-Прырода, у вобразе якой была Даната Матушава, заклікала дзяцей берагчы ўсё жывое, захоўваць і памнажаць прыгажосць, бо яна выхоўвае, прывівае эстэтычны густ, робіць чалавека дабрэйшым. Вядучая праграмы вучыла пяцікласнікаў, як паводзіць сябе ў лесе, на рэчках і азёрах, не ламаць дрэў, не паліць траву, не раскідваць смецце. А замацоўвалі атрыманыя веды дзеці з дапамогай віктарын і ў ходзе практычных заняткаў.
Працягнуў “жывы” ўрок унук матулі-Прыроды Яўген, студэнт ВНУ, які на той час праходзіў практыку ў філіяле “Чачалі”. Ён прапанаваў вучням паўдзельнічаць у мерапрыемстве з элементамі спартыўнага арыентавання.
–Дзеці разбіліся на сем каманд па колерах вясёлкі і атрымалі заданні: у адведзены час з дапамагай карты знайсці схаваныя на тэрыторыі словы і скласці з іх прымаўкі. У ходзе пошукаў, акрамя іх, дзеці знаходзілі пластыкавыя бутэлькі, упакоўку ад чыпсаў, семак і марожанага. Яны складзіравалі смецце, якое не адносіцца да біяраскладальнага, і запаміналі, што гэта – вораг, які пасягае на здароўе прыроды і людзей, і яго трэба правільна ўтылізаваць, – кажа Людміла Чэбан. – З заданнямі справіліся ўсе, прымаўкі прачыталі і запомнілі. А яшчэ набегаліся, надыхаліся здаровым сасновым паветрам, таму з ахвотай селі за стол і з апетытам, за дзве шчакі, елі суп з фрыкадэлькамі, мучаныя аладкі са згушчонкай, якую выпускае Глыбоцкі МКК, пілі травяны чай сёлетняга збору. Настрой у дзяцей быў выдатны, пазітыўных уражанняў хапіла, падведзеныя настаўніцай вынікі задаволілі ўсіх.
На памяць аб мерапрыемстве вучні атрымалі каляндарыкі, а Алена Нікіфаровіч – сімвал дабрачыннасці Вішнёвіка, які нарадзіўся і жыве ў Чачалях і прыносіць толькі добрыя весткі. Ну а фінальным акордам стала закладзеная з шышак сцяжынка здароўя ў выглядзе крылатага самалёта СУ, які сканструяваў наш зямляк Восіп Сухі. Няхай яна стане ўзлётнай паласой для усіх прысутных хлопчыкаў і дзяўчынак.
Нагадаю, што філіял “Чачалі” стаў месцам рэалізацыі праекта “Каманда згоды” і напрацягу мінулага года прымаў жадаючых – вучнёўскія класы, працоўныя калектывы, асобныя сем’і, – якія і адпачывалі ў нас, і атрымлівалі навыкі работы ў камандзе. Праект працягваецца, і мы запрашаем дзяцей і дарослых да супрацоўніцтва.