Дом самастойнага пражывання для грамадзян пенсійнага ўзросту і інвалідаў I і II груп тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў адкрыты ў 2015 годзе. За гэтыя пяць гадоў ён быў часовым прытулкам для пятнаццаці жыхароў Глыбоччыны, якія аказаліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Сёння тут жывуць трое чалавек: два мужчыны і жанчына. У кожнага з іх – свая гісторыя лёсу, але адна, агульная на траіх, прычына, якая прывяла сюды.

Віктар Лобан: “Шчасце прыйшло, ды шкада, што позна”.
Мужчына родам з Баранаў, што ў Абрубскім сельсавеце. Гадаваўся ў шматдзетнай сям’і, у якой акрамя яго былі брат і дзве сястры. Выпускнік Кіраўскай школы ён скончыў Віцебскі тэхнікум сувязі. Служыў у Генеральным штабе ракетных войск стратэгічнага прызначэння пад Масквой, галоўнакамандуючым якіх быў маршал Мікалай Крылоў. Пасля дэмабілізацыі працаваў электрыкам у розных арганізацыях. Ажаніўся, стаў бацькам – нібыта ўсё, як у людзей.
– Як пераехалі на радзіму жонкі ў Верхнядзвінск, так і аказаліся на мяжы разводу пасля якога яна засталася там, а я вярнуўся на Глыбоччыну. Дачку апошні раз бачыў, калі ёй было 12 гадоў. Цяпер яна ўжо замужам, у мяне двое ўнукаў – Ільюша і Маша, якіх я ні разу не бачыў. Не адмаўляю, што ёсць ва ўсім гэтым і мая віна, але я не аднойчы спрабаваў зрабіць работу над памылкамі. Званіў дачцы, хацеў наладзіць з ёй кантакт, прапаноўваў прыехаць, але яна адмаўляецца. Кажа, што некалі заедзе сама. Можа калі і дачакаюся, – гаворыць Віктар Лобан. – Не аднаму ж было жыць пасля разводу – прыстаў у Ластавічах да жанчыны. У яе было трое дзяцей: двое ўжо дарослых жылі ў Гродзенскай вобласці, а яна гадавала дзіця-інваліда. Васемнаццаць гадоў разам аджылі. Зямля ў нас была, конь, свая гаспадарка. Калі яна памерла, я застаўся без даху над галавой, бо хата дзецям засталася. Я нічога супраць не меў, ні на каго злосці не трымаў. Трэба было неяк вызначацца з тым, што рабіць далей. У сястры крыху пажыў, там сваё: праблемы, бегатня, мітусня, а мне ўжо цішыні і спакою хочацца, – раскавае Віктар Іванавіч. – Папрасіўся на сацыяльны ложак, і мяне адправілі ў Празароцкую бальніцу сястрынскага догляду. Нічога не скажу: кармілі там, і чыста, і начлег, як кажуць, забяспечаны, і дактары, калі што, на дзяжурстве пастаянна. Але я хадзячы, мне выйсці хацелася, а рэжым закрыты. І плата там не малая за знаходжанне – 80% ад пенсіі. Адным словам, зразумеў я, што гэта не мой варыянт. На чарзе стаяў у Дом сацыяльнага пражывання і з 29 мая пашанцавала – ужо жыву тут.

Мужчына дзеліць пакой з другім пастаяльцам – Генадзем. Разам яны прыбіраюць у сваёй цяперашняй хаце, ходзяць за прадуктамі, па чарзе кухараць.
– Цяпер я жыву, як у раі. У доме ўсе выгоды: устаноўлены бойлер, у душавой пастаянна ёсць гарачая вада, прыбіральня – на месцы, на вуліцу выходзіць не трэба. Ёсць пральная машына, прыстасаванне для сушкі бялізны, халадзільнік, неабходны посуд. У нас асобная кухня, утульная гасціная з мяккай мэбляй, радыё, тэлефон. Ацяпленне паравое, качагарка ў доме. Мы самі яе цеплім – для нас гэта добры занятак, бо калі сядзець, склаўшы рукі, дзень, як год, доўгі, – Віктар Іванавіч пералічвае выгоды бытавога самаабслугоўвання. – Ёсць у нас і падсобнае памяшканне. Там бульба стаіць, закруткі, што на зіму нарыхтоўваем. Мне то сястра, то брат прывозяць агародніну – да стала ўсе вітаміны ў наяўнасці і на зіму яшчэ тое-сёе назапасім. А паглядзіце, якая ў нас прыгажосць у двары: чысціня, кветкі, усё пафарбавана, акуратна зроблена.

І рэжым тут свабодны – мы без праблем можам ісці куды трэба і куды хочам: у аўталаўку, магазін, на пошту, да суседзяў ці прагуляцца наколькі дазволяць хворыя ногі. Калі што патрэбна, а здароўе падводзіць, то просім нашага сацыяльнага работніка Людмілу, якая прыходзіць тры разы у тыдзень, дапамагчы.
Віктар Іванавіч вядзе да халадзільніка і паказвае ўнушальны запас усялякіх прадуктаў.

– Мы абодва атрымліваем пенсію, ён раней, я пазней, таму праблем з ядой няма: спачатку купляем, што трэба, за яго грошы, а тады – за мае. Дакупляем у вяскоўцаў па літру малака свежага, яйкі. Многа чаго паштальёнка Наталля прыносіць. Заробленай пенсіі хапае, бо за ўсе гэтыя выгоды плоцім у прамым сэнсе капейкі, – гаворыць мужчына. – За паслугі сацыяльнага работніка – па 9 рублёў 50 капеек у месяц бяруць, самі аплачваем электраэнергію, газ, тэлефон, залу, за свае купляем паліва на зіму. За месяц дзесьці каля 40 рублёў ідзе на ўсё, а пражыванне – зусім бясплатнае. Шчасце да нас прыйшло, але шкада, што так позна.

Генадзь Ляшонак: “Жывём, самі сабе зайздросцім”.
Лёс Генадзя Ляшонка і Віктара Лобана напісаны, як пад капірку, толькі населеныя пункты, дзе жылі, служылі і працавалі, у іх розныя.
– Нарадзіўся я ў Галубчыках, тут скончыў 4 класы пачатковай школы, 8 – ва Узрэччы, а 10 класаў – у Залессі. Паступіў у Кранштадт у мараходку, скончыў яе з чырвоным дыпломам, а ён дазваляў мне, маладому матросу I класа, самому выбіраць месца службы. Прыехаў у Рыгу на Балтыку, тры гады служыў на эсмінцы. І хоць тады ў Саюзе было мірна, страху нацярпеліся, бо ў большасці мы былі задзейнічаны на ахове водных межаў у Міжземным моры, – успамінае мужчына. – У звальненне на бераг не пускалі, час ад часу абстрэльвалі. Усякае магло здарыцца, але дамоў вярнуўся жывым.
Трэба сказаць, што ў чэрвені 1967 года ў згаданым месцы адбылася шасцідзённая вайна паміж Ізраілем з аднаго боку і Сірыяй, Іарданам, Іракам і Алжырам – з другога за Суэцкі перашыек. Пасля яе заканчэння размініраваннем займаліся ВМС ЗША, а ў траленні падыходаў да канала ў Суэцкім заліве былі задзейнічаны і караблі ВМФ СССР.

– Дамоў вярнуўся, працаваў рознарабочым у Бабічоўскай бальніцы, жыў без роспісу з жанчынай у яе доме. Калі яна памерла, застаўся без жылля. Спачатку быў у Бабічоўскай бальніцы на сацыяльным ложку, а тады старшыня Узрэцкага сельвыканкама Пётр Дашкевіч, дзякуй яму за клопат, дапамог мне пасяліцца ў Доме для самастойнага пражывання. У мяне няма дзяцей, радні, але я не пакінуты, не начую ні пад вуглом, ні пад плотам. Прыехаў сюды пусты, ніякіх пажыткаў не меў, дык тэрытарыяльны Цэнтр мяне і апрануў, і абуў, і такі камфорт прадставіў. А што ў нашым узросце нада? Каб цёпла было, ціха, не галодна і каб пажыць хоць крыху для сябе, – кажа Генадзь Уладзіміравіч. – Раней не было часу, а цяпер вось кнігі чытаю, якія прывозяць у вёску з Глыбокага раз у два месяцы. Набіраем па 10-15 штук і чытаем. Я люблю дэтэктывы, падарожжы, ваенныя раманы, цяпер чытаю Аляксандру Марыніну. Кожны з нас можа сабе і яйцо спячы, і суп зварыць, але Віктар у нас кухняй запраўляе, я яму давяраю. То борш варыць, то катлеты пячэ. Драчку нядаўна набылі, дранікі пячом, некалі і клёцак драных наробім. Ён і капусту на зіму квасіць збіраецца, і закруткі робіць – гаспадарскі чалавек. Бывае, ляжыць і кажа: “Каб дужэйшы быў, сабраў бы грошы, карову купіў бы, курэй завёў бы”. Яшчэ рукі работы просяць, але ўжо здароўе не тое, як раней. Добра фельчар у вёсцы ёсць, так што мы пад медыцынскім наглядам.

– Мы ўдзячны дырэктарту ТЦСАН Віктару Іванавічу Васюковічу, загадчыцы гаспадаркі Ніне Расціславаўне Шынкевіч, сацыяльнаму работніку Людміле Міхайлаўне Гірстун, фельчару, загадчыцы Мосарскага ФАП Святлане Сяргееўне Шарак, паштальёну Наталлі Сяргееўне Апяцёнак, бібліятэкару адддзела абслугоўвання ЦРБ Галіне Уладзіміраўне Саланінка, якая працуе на выездзе. Гэтыя людзі дзяржаўныя, службовыя, і кожны ад сябе робіць усё магчымае, каб мы не адчувалі сябе адзінокімі і нікому непатрэбнымі, каб мелі ўсё неабходнае, былі здаровымі, маглі з карысцю і задавальненнем праводзіць свой вольны час. Нізкі вам паклон, паважаныя, і дай Бог вам усім здароўя, – кажа Віктар Лобан.