У арганізацыі вольнага часу і летняга адпачынку школьнікаў, сёлета, як і кожны год, акрамя бацькоў, прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў і арганізацый актыўны ўдзел прымала і дзяржава.
Аб гэтым яскарава гавораць вынікі аздараўленчага перыяду, арганізацыяй якога ў раёне займаліся вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні райвыканкама Валянціна Морхат, метадысты вучэбна-метадычнага кабінета, спецыялісты дзіцячай спартыўнай школы.
– Гэтым летам працавалі лагерныя змены для дзяцей з дзённым прыбываннем, арганізаваныя на базе 15 школ раёна, у якіх адпачылі 425 вучняў. 50 школьнікаў з Падсвільскай, Карабоўскай і СШ №1 горада спалучалі і працу, і адпачынак. Яны рамантавалі мэблю і класы, працавалі на прышкольных участках, займаліся праполкай і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Усе 475дзяцей знаходзіліся на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Так, на кожнага з 425 адпачываючых у лагеры дзённага прыбывання дзяржаўная датацыя складала 85 рублёў, у лагеры працы і адпачынку – па 93 рублі, – дае фінансавую раскладку Валянціна Морхат.
– Працавала 9-дзённая змена кругласутачнага прыбывання ў аздараўленчым лагеры “Раднічок” у Івесі, арганізаваная раённым аддзелам па адукацыі сумесна з Глыбоцкім РАУС. Для 40 навучэнцаў тут былі арганізаваны мерапрыемствы гульнёвай, патрыятычна-выхаваўчай, культурна-масавай накіраванасці. Кошт пуцёўкі склаў 182 рублі, з якога 88 рублёў была дзяржаўная датацыя на кожнага падлетка, а астатнія грошы заплачаны са сродкаў раённага бюджэту.
Згодна з рашэннем Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта №516 ад 15 мая 2020 года “Аб арганізацыі аздараўлення і занятасці дзяцей у аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах у летні перыяд 2020 года” з раённага бюджэту выдзелена 16 тысяч рублёў на даплату за пуцёўкі дзецям-інвалідам, сіротам і дзецям, якія засталіся без папячэння бацькоў, дзецям, якія знаходзяцца на ўсіх відах прафілактычнага ўліку, – гаворыць метадыст Алена Цішонак.
Акрамя гэтага ў “Раднічку” былі арганізаваны тры лагерныя змены кругласутачнага знаходжання працягам па 18 дзён кожная, дзе адпачылі 155 школьнікаў. Кошт пуцёўкі ў залежнасці ад узросту склаў ад 382 рублёў 50 капеек да 400 рублёў 50 капеек. Дзяржаўная дапамога на кожнага дзіцяці склала 205 рублеў, астатнія грошы аплацілі бацькі.
У лагерах ведамаснага падпарадкавання адпачылі 15 дзяцей. Для 124-х чалавек лета ператварылася ў пятую працоўную чвэрць.
– Для жадаючых працаваць былі арганізаваны 4 студэнцкія атрады, у якіх былі задзейнічаны 44 падлеткі. У адпаведнасці з заканадаўствам, сельгаспрадпрыемствы, Глыбоцкі доследны лясгас заключылі з імі працоўныя дагаворы і за выкананую работу плацілі грошы. 55 старшакласнікаў былі набраны ў працоўныя аб’яднанні, яшчэ 25 чалавек працаўладкаваныя ў індывідуальным парадку. Думаю, што атрыманы першы працоўны вопыт і навыкі маладым людзям спатрэбяцца ў жыцці, а грошы, заробленыя летам, дапамогуць ажыццявіць раней задуманае, – сказала Алена Норбертаўна.
Летнім аздараўленнем школьнікаў займаліся і спецыялісты раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Тут былі арганізаваны дзве 18-дзённыя змены. Курс аздараўлення і спартыўнай загартоўкі прайшлі 165 чалавек: 95 – у чэрвені, 70 – у жніўні.
– Са 165 вучняў, што адпачывалі ў нашым лагеры, 162 – выхаванцы спецыялізаваных вучэбных спартыўных устаноў. Харчаванне для ўсіх было бясплатным. Усяго на аздараўленне са сродкаў рэспубліканскага бюджэту было выдзелена 15 тысяч 675 рублёў, – патлумачыла намеснік дырэктара ДЗЮСШ Лілія Гапоненка.