Дружна, зладжана працуе калектыў Глыбоцкага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліва”, забяспечваючы жыхароў нашага раёна цвёрдым палівам – торфабрыкетам і дрывамі. Кажучы без усялякай патэтыкі, місія ў работнікаў гэтай арганізацыі пачэсная і адказная, бо ў многім менавіта ад іх залежыць, наколькі цёпла і ўтульна будзе ў дамах, дзе жывуць пажылыя людзі, сем’і, у якіх гадуюцца маленькія дзеці.
–Нашы спецыялісты і рабочыя ў абсалютнай большасці людзі з абвостраным пачуццём адказнасці, – адзначае дырэктар філіяла Іосіф Іванавіч Пачкоўскі. – Кожны з іх прыкладае шмат умення і старання, каб своечасова, з максімальным улікам просьбаў і пажаданняў выканаць заяўку кліента.
Узяць, напрыклад, нашага спецыяліста Ніну Аркадзьеўну Кухта, якая непасрэдна займаецца прыёмкай заявак ад насельніцтва раёна. Яе камунікабельнасці, уменню весці дыялог можна пазайздросціць. За 36 гадоў работы ў філіяле яна ўжо з многімі гараджанамі і вяскоўцамі знаёмая, добра ведае іх запыты, умовы, ў якіх яны пражываюць, і пры неабходнасці аператыўна вырашае ўзнікаючыя праблемы. Вялікі вопыт работы маюць вядучы эканаміст Вольга Венідзіктаўна Мажэйка і галоўны бухгалтар Ганна Уладзіміраўна Рацьковіч.
Як выдатных прафесіяналаў, нястомных працаўнікоў характарызаваў Іосіф Іванавіч Валерыя Пятрагу, які ўжо на працягу 37 гадоў прцуе ў філіяле, Аляксандра Ванковіча, вадзіцеля з 30-гадовым стажам работы, чый партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару, Дзмітрыя Кеда, які па выніках работы за мінулы год прызнаны лепшым па прафесіі, і вадзіцеля пагрузчыка Генадзя Іваноўскага. Шмат цёплых ухвальных слоў прагучала ў адрас трактарыстаў Аляксандра Шубелькі і Сяргея Жарнова, рабочых па раздзелцы і распілоўцы дроў Андрэя Баравінца, які перавыконвае дзённыя заданні на 150 працэнтаў, Дзмітрыя Стоціка, Пятра Шкіранды і лепшага па прафесіі па выніках за 2019 год Івана Фядзьковіча. Не засталіся па-за ўвагай і вартаўнікі-вахцёры Васіль Германовіч, Аляксандр Жук і Уладзімір Мальгін. Асобна адзначалася дырэктарам філіяла карпатлівая праца па забеспячэнні палівам грамадзян льготнай катэгорыі прыёмшчыка заявак, прадаўца па Празароцкай зоне Тэрэзы Юльянаўны Баранчук і, канешне ж, спецыяліста па продажу Эдгара Ціховіча, які, нягледзячы на малады ўзрост, карыстаецца вялікай павагай у калектыве.
–Сваёй пешачарговай задачай мы ставім забеспячэнне цвёрдымі відамі паліва домаўладанняў, дзе пражываюць ветэраны вайны і працы, інваліды, шматдзетныя сем’і, грамадзяне, якія аказаліся ў цяжкім жыццёвым становішчы, – кажа Іосіф Іаванавіч Пачкоўскі. – З боку дзяржавы праяўляецца вялікі клопат, у прыватнасці, адпускаецца па датацыйнай цане 3,5 тоны торфабрыкету і 4, 9 кубаметра дроў. Патлумачу гэта так: мы завозім з завода торфабрыкет па цане 82 рублі за тону, а рэалізуем насельніцтву пры дзяржаўнай датацыі па цане 25 рублёў за тону. Кошт аднаго кубаметра нераздзеленых дроў – 30 рублёў, а рэалізуем людзям па цане 8 рублёў за 1 кубічны метр. Датацыя, якая выдзяляецца з раённага бюджэту, відавочная і даволі адчувальная для грамадзян. І наш калектыў ганарыцца тым, што мы выконваем важную і адказную місію, непасрэдна займаемся рэалізацыяй сацыяльнай палітыкі, праводзімай нашай дзяржавай. І мы працуем для людзей, дапамагаем канкрэтнай справай, дорым цяпло ў іх дамы, дорым ім цяпло сваіх сэрцаў.
Дырэктар філіяла Іосіф Іванавіч Пачкоўскі перадае шчырыя віншаванні з прафесійным святам работнікам прадпрыемства і ветэранам.