У сістэме газавай гаспадаркі Глыбоччыны Уладзімір Радзюш працуе 23 гады. Працоўную біяграфію дыпламаваны фізік-матэматык пачынаў слесарам, затым быў прызначаны інжынерам, цяпер узначальвае вытворча-тэхнічны сектар ВУ “Глыбокаегаз”. Два з лішнім дзесяцігоддзі працы на адным прадпрыемстве далі вынік: Уладзімір Мікалаевіч, па словах дырэктара Пятра Арлоўскага, з’яўляецца адным з найбольш адказных граматных і вопытных спецыялістаў.
–За гэтыя гады ў газавай сферы раёна адбыліся даволі аб’ёмныя і пазітыўныя зрухі. Мяркуйце самі: у 1997 годзе, калі я толькі прыйшоў на працу, на абслугоўванні прадпрыемства знаходзілася ўсяго 11,6 кіламетраў сетак звадкаванага газу, а цяпер – 283,5 кіламетраў сетак прыроднага, якога тады ў раёне і ў паміне не было, – гаворыць Уладзімір Мікалаевіч. – Пры мне ў 2004-м пачалася газіфікацыя Глыбокага. У тым годзе было пабудавана 20,9 кіламетраў сетак прыроднага газу, 1776 кватэр пераведзены са звадкаванага на прыродны газ. Пазней прыродны газ прыйшоў на прамысловыя прадпрыемствы,у арганізацыі і ўстановы горада. Ім сталі ацяпляцца шматкватэрныя жылыя дамы ў розных мікрараёнах Глыбокага. Калі казаць пра дзень сённяшні, то за 8 месяцаў бягучага года ўведзены ў эксплуатацыю 2,4 кіламетра “прыроднага” газаправода, з іх 1,5 кіламетра – вулічны газаправод у прыватным сектары г.п. Падсвілле. На стадыі будаўніцтва знаходзіцца газаправод працягам 5,2 кіламетры ў вёсцы Мярэцкія. Мова статыстыкі гаворыць, што цяпер у раёне 9 597 спажыўцоў звадкаванага базу, з іх 9 125 – карыстаюцца балонным, а 472 спажыўцы – звадкаваным газам з рэзервуарных установак. На 1 жніўня на Глыбоччыне налічвалася 6 965 спажыўцоў прыроднага газу, з якіх 3 373 спажыўцы – гэта прыватныя домаўладальнікі, 885 – жыхары шматкватэрных жылых дамоў, у большасці у мікрараёне Паўночным, дзе ўстаноўлены індывідуальныя сістэмы ацяплення і яго рэгуліроўкі.
Гэта дадзены па рабоце прадпрыемства ўвогуле. Калі гаварыць канкрэтна пра вытворча-тэхнічны сектар, то ў ім усяго двое супрацоўнікаў: Уладзімір Радзюш і інжынер Дзмітрый Мазынскі. На міні-калектыў “штабістаў” ускладзены далёка не мінімальныя абавязкі. Распрацоўка планаў газіфікацыі і перавода кватэр са звадкаванага на прыродны газ, устаноўка прыбораў уліку расходу газа, пааперацыйны кантроль за аб’ектамі, якія будуюцца, падрыхтоўка адказаў на запыты аб тэхнічнай магчымасці газіфікацыі аб’ектаў, з якімі звяртаецца раённны выканаўчы камітэт, тэхнічны нагляд за выканананем тэхнічных патрабаванняў, закладзеных у праектнай дакументацыі, зацверджанне актаў прыёмкі аб’ектаў, падрыхтоўка загадаў аб уводзе іх у эксплуатацыю, урэзцы ў агульную газавую сетку і аб пуску газа ў газавыкарыстальнае абсталяванне, а таксама справаздач і статыстычнай інфармацыі па эксплуатацыі сістэм – за ўсё гэта ў адказе Уладзімір Радзюш і Дзмітрый Мазынскі.
–Акрамя гэтага мы распрацоўваем мерапрыемствы па павышэнні якасці абслугоўвання сістэм газазабеспячэння і іх тэхнічным пераўзбраенні. Фарміруем зводную заяўку на матэрыялы і абсталяванне, кантралююем іх паступленне і размеркаванне па раёнах газазабеспячэння. Праводзім работы па тэлеметрыі рэзервуарных установак звадкаванага газа, што дазваляе кантраляваць работу газавага абсталявання на адлегласці са стацыянарнага пункта. Сёлета будуць аснашчаны дзве ўстаноўкі ў Ломашах і Дзеркаўшчыне, у наступным – у Прошкава. Ужо распрацавалі план работы на 2020-2025 гады, які прадугледжвае на працягу пяці гадоў рамонт, замену, мадэрнізацыю газавага абсталявання, якое мае пэўны тэрмін эксплуатацыі, газіфікацыю новых аб’ектаў ў горадзе і ў сельскіх населеных пунктах, – пералічвае зробленае і планы на перспектыву мой суразмоўца. – Але галоўны і самы важны наш і абавязак усяго калектыву – бесперабойная і якасная работа прадпрыемства, у якой у роўнай ступені зацікаўлены і адміністрацыя, і кожны супрацоўнік.
Уладзімір Мікалаевіч віншуе калег з прафесійным святам, жадае ім здароўя, устойліва стабільнай работы, дабрабыту і ўдзячных за нашу работу спажыўцоў.


2.9400
3.4100
3.7250 
