Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Мярэцкія” Віктар Дубоўка не прамінуў, каб не падзяліцца радаснай навіной.
– Нашы механізатары 2 верасня прыступілі да ўборкі кукурузы, – паведаміў ён. – Першымі жніво завяршылі, таму цяпер налягаем на другія работы. А іх, гэтых работ, як вядома, у сельскіх працаўнікоў увосень не меней, чым восем. Кукуруза ў нас урадзіла на славу!
Разам з Віктарам Усеваладавічам пабывалі на кукурузным полі, што за вёскай Мярэцкія. Што і казаць, сапраўды, не кукуруза, а самая што ні ёсць царыца палёў, удвая вышэй чалавека сярэдняга росту.
– Пад кукурузай у нас у гэтым годзе занята 632 гектары. На 120 гектараў больш сёлета, чым было пасеяна летась, – расказвае галоўны аграном СУП “Мярэцкія” Віктар Далідзёнак. – У планах сёлета нарыхтаваць 13 тысяч 400 тон сакавітага корму. Але, я думаю, атрымаем больш, таму што, па ўсяму відно, што ўраджайнсць большая за планавую. Думаю, нарыхтуем не менш 15 тысяч тон кукурузнага сіласу.
Канешне, каб вырасціць такую кукурузу, давялося прыкласці нямала намаганняў. Догляд быў належны. Два разы рабілі падкормку: спачатку вадкімі ўгнаненнямі, потым – сухімі, карбамідам. На гектар унеслі па 82-85 кілаграмаў дзеючага рэчыва азота. Ну, і яшчэ на многіх палях унесена арганіка з птушкафабрыкі. На асобных палях, дзе арганікі вывезена ўдосталь, кукуруза вымахала настолькі вялікая, што больш за 300 цэнтнераў з гектара атрымаем.
Тое, што мы першымі ўзяліся за кукурузу не выпадковасць. Усё таму, што своечасова, у добрае наддвор’е, управіліся са жнівом. Азімага рапсу ўжо пасеялі 200 гектараў. Пачынаем сяўбу азімай пшаніцы.
У нашай гаспадарцы два новыя КВК ёсць, але пакуль яны не задзейнічаны. Дзякуй вялікі за падтрымку кіраўніцтву нашага аграпрамысловага аб’яднання. Прыслалі магутны, хуткаходны, шыроказахопны кормаўборачны камбайн “Claas Jaquar” германскай вытворчасці, якім кіруе вопытны механізатар аграпрамаб’яднання Вадзім Харэвіч.
На адвозцы сакавітай масы ў першы дзень былі задзейнічаны тры трактары і адзін МАЗ. Гэтай тэхнікай кіруюць маладыя, але ўжо спрактыкаваныя механізатары Дзмітрый Таксідзі, Дзмітрый Лашкоў і Васіль Фёдараў і адзін з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі Уладзімір Мільчонак. Работа на кукурузным полі спорыцца. Кузавы прычэпаў і машыны напаўняюцца за лічаныя хвіліны. Каб уборачны канвеер працаваў рытмічна, без збояў, шмат намаганняў прыкладае, аператыўна вырашае ўсе арганізацыйныя пытанні дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Логінаў.