25 жніўня ў Глыбокім прайшла жнівеньская педагагічная канферэнцыя, на якой былі падведзены вынікі работы ўстаноў адукацыі раёна за мінулы навучальны год, пастаўлены галоўныя акцэнты і вызначаны арыенціры для работы на бліжэйшую перспектыву.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі, яго намеснік Таццяна Тарасевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вера Цяліца, начальнік райаддзела міліцыі Валерый Круклінскі, намеснік начальніка райаддзела МНС Руслан Ермаковіч, ветэраны педагагічнай працы.
Пачалося мерапрыемства з выступлення гімназістаў-першакласнікаў, якія павіншавалі прысутных вершамі, а затым уручылі кветкі педагогам-ветэранам. Пра якасную адукацыю, якая з’яўляецца стратэгічным рэсурсам сацыяльнага развіцця раёна гаварыла ў сваім дакладзе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Гаўрылава. Ацэньваючы работу за мінулы год, Таццяна Вячаславаўна адзначыла дадатныя вынікі: дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў сферы адукацыі выкананы, установы адукацыі функцыяніравалі бесперабойна і іх летась не закранула аптымізацыя, запыты дзяцей і моладзі на атрыманне трывалых і якасных ведаў задаволены, безупынны працэс павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў забяспечаны, прымаліся паслядоўныя меры па беражлівых адносінах і захаванні школьных будынкаў, класаў, маёмасці, рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года.
–Усё гэта зроблена, дзякуючы канкрэтнай дапамозе райвыканкама і сродкам, выдзеленым з раённага бюджэту. Толькі за бягучы перыяд 2020 года агульная сума расходаў склала 11 мільёнаў 418 тысяч рублёў. Ва ўсіх школах і дзяіцячых садках праведзены каметычны рамонт, наведзены парадак на прылягаючых тэрыторыях, неабходныя ўмовы створаны для вучобы, пазашкольных і спартыўных заняткаў, шмат увагі ўдзелена здароўю і бяспецы дзяцей. За кошт раённага бюджэту ў студзені-жніўні адрамантавана вонкавая сістэма водазабеспячэння, спартыўная зала, заменены аконныя блокі і дзверы ў Залескай СШ; адрамантаваны сістэма пажарнага водазабеспячэння і воданагравальны кацёл у Азярэцкай СШ; сістэма водазабеспячэння ў садку №5, вентыляцыя – у садках №№4 і 6, сістэма электразабеспячэння – у Карабоўскай СШ, каналізацыя – у Шунеўскай СШ. Праведзены рамонт цепласетак у СШ №3 і дзіцячым садку №2, рамонт з заменай аконных блокаў – у Цэнтры дзяцей і моладзі. Сантэхнічныя кабінкі ўстаноўлены ў Залескай і Азярэцкай СШ. Ва ўсіх установах адукацыі сантэхнічныя вузлы абсталяваны гарачым водазабеспячэннем. Заасфальтаваны тэрыторыі каля дзіцячых садкоў №№3 і 4. Праведзена паверка лічыльнікаў цяпла і замена няспраўных. У рамках падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону праводзяцца гідраўлічныя выпрабаванні сістэм воданагравальнага абсталявання.
З бюджэту фінансуецца капітальны рамонт будынкаў, пакупка школьных аўтобусаў, закупка прадуктаў і арганізацыя працэса харчавання выхаванцаў дзіцячых садкоў і школьнікаў, а таксама аплата працы педагогаў. Гэта вялікія сродкі, і мы абавязаны іх кампенсаваць іх добрасумленнымі адносінамі да працы і адпаведнымі выдатнымі вынікамі. Умацоўваць прэстыж навучальных устаноў, выхоўваць патрыётаў і сапраўдных грамадзян сваёй краіны – гэтага патрабуе ад педагогаў дзяржава, а таму пералічаныя тут задачы павінны стаць галоўнымі для ўсіх прысутных, – сказала Таццяна Вячаславаўна.
Працягам тэмы стала выступленне намесніка дырэктара СШ№2 Ліліі Гаравой, якая расказала пра інавацыйную дзейнасць педагогаў, важную складаемую адукацыйнага працэса. Аб тым, як дапамагае павышаць адукацыйны патэнцыял дзяцей і настаўнікаў міжнароднае супрацоўніцтва, гаварыла дырэктара раённай гімназіі Лілія Малчун.
–Мы падтрымліваем цесныя сувязі з пасольствамі ЗША, Францыі, Расіі, развіваем і паглыбляем супрацоўніцтва з Зялёнай Гурай (Польшча) і Хільдбургхаузенам (ФРГ). Дзеці вывучаюць гісторыю і мову гэтых краін, набываюць каштоўныя навыкі зносін у міжнародных лагерах, удасканальваюць атрыманыя веды праз удзел у алімпіядах, конкурсах, у час замежных паездак. Міжнароднае супрацоўніцтва – гэта выдатная матывацыя для школьнікаў у больш якасным вывучэнні моў, своеасаблівы інтэграцыйны старт у сусветную адукацыйную прастору; гэта новыя гарызонты і магчымасці для паспяховай будучыні нашых выпускнікоў, – адзначала Лілія Іосіфаўна.
Сельская школа і Іт-тэхналогіі – сёня гэта ўжо не фантастыка, а рэальнасць. Пра фарміраванне камп’ютарнай граматнасці ў вучняў, пра іх любімыя заняткі робататэхнікай і пра тое, як СТЭМ-адукацыя дапамагае вывучаць свет, прыродныя з’явы, міждысцыплінарныя сувязі і дае практычныя навыкі для выкарыстання іх ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, расказвала настаўніца інфарматыкі Азярэцкай СШ Ніна Пярэдня.
“Праектная дзейнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі – адна з умоў паспяховай сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў”. Такой была тэма выступлення метадыста Цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік узорнага тэатра моды “Аліса” Аксаны Шпакавай.
–Сацыяльны праект“Тата, мама, я – піянерская сям’я!”, дабрачынны – “Праменьчыкі надзеі”, пошукава-даследчыя – “Хараство глыбоцкіх прыгажунь” і “Вязальнага кручка дзівосы”, творчыя – “Твой фармат” і “Лялька. Бай” – гэта цэлы букет ідэй, рэалізацыя якіх фарміруе пазітыўную Я-канцэпцыю дзяцей, развівае іх здольнасці і навыкі работы ў камандзе, развівае аналітычнае, крытычнае, творчае мысленне і ўніверсальныя ўменні, – гаварыла Аксана Андрэеўна.
Затым увазе прысутных была прадстаўлена відэапрэзентацыя “Гартаючы старонкі 2019/2020 навучальнага года”, якая стала візуальным пацвярджэннем праведзенай установамі адукацыя работы.
Выступленні на канферэнцыі паказалі, што ў раёне сфарміраваны багаты адукацыйны патэнцыял, і што работу ў гэтым накірунку трэба працягваць і далей. Аб гэтым гаварыў у сваім выступленні і старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі.
–Напрацаванае вамі – гэта каштоўны інтэлектуальны і сацыяльны капітал, які трэба захоўваць, развіваць і памнажаць. Нягледзячы на тое, што ў свеце ўсё мяняецца, базавыя функцыі педагогаў застаюцца нязменнымі. Настаўнік павінен быць Асобай, прыкладам і ўзорам грамадзянскасці, працоўнай актыўнасці для вучняў, прафесіяналам, здольным спраўляцца з выкананнем патрабаванняў, пастаўленых дзяржавай у сферы адукацыі, прынцыповым, строгім і ў той жа час па-бацькоўску клапатліва адносіцца да дзяцей, выкладаць ім на ўроках не толькі прадметы, але і асновы жыццёвай мудрасці. Галоўным у вашай працы было і застаецца – вучыць, выхоўваць і быць у адказе за тых, хто давярае вам сваю падрыхтоўку да будучыні. Будзьце дзейснымі, памятайце, што адна, няхай сабе невялікая, але канкрэтная зробленая вамі справа, прынясе больш карысці, чым бясконцыя пустыя размовы. Няхай ваша праца будзе стваральнай, нацэленай на пазітыўныя вынікі, на ўмацаванне створанага іміджу, прыносіць задавальненне вам, карысць дзецям, іх бацькам, і нашай краіне ў цэлым, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.
Ён павіншаваў настаўнікаў з Днём ведаў, уручыў ганаровыя граматы за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне значных поспехаў у адукацыйнай дзейнасці, асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення Марыне Дударонак (Празароцкая СШ), Аксане Завадскай (Карабоўская СШ), Лявонцію Кавальскаму (СШ№2), Наліне Русінай (Удзелаўская СШ),падзякі Глыбоцкага райвыканкама за высокі ўзровень падрыхтоўкі да новага навучальнага года – Жанне Кандрацьевай (СШ №2), Людміле Сауліч (Падсвільская СШ), Алене Стахоўскай (Карабоўская СШ), Алене Грыбун (Залеская СШ), Алене Каросцік і Аксане Гольдэрбайн (дзіцячыя садкі№№2 і 4).
Фініш канферэнцыі стаў стартам для новага навучальнага года, поспех якога залежыць ад кожнага настаўніка і ад ўсіх разам узятых педагагічных калектываў раёна.