Алена і Аляксандр Радзішэўскія выхоўваюць цэлую гвардыю сыночкаў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Медалямі і ордэнамі ў нас адзначаюць не толькі  працоўныя здабыткі,  вытворчыя дасягненні, грамадскія і творчыя заслугі грамадзян, але і дэмаграфічны патрыятызм бацькоў, якія нараджаюць і выхоўваюць будучыню Беларусі.

Сёлета на атрыманне ордэна Маці будзе намініравана глыбачанка Алена Радзішэўская, якая з мужам Аляксандрам выхоўвае  цэлую гвардыю сыночкаў. Іхняе шчасце –  пяцёра сыноў: яны – іхні самы каштоўны капітал, клопат, радасць, надзея і, без сумневу,  надзейная апора ў старасці.

Знаёмства

Месцам знаёмства  віцяблянкі Алены і ўраджэнца Глыбоччыны Аляксандра стала вёска Пліса.

–Тут жыла мая бабуля Бенігна Геранімаўна Цвяткова, і  я на летніх канікулах у яе пастаянна гасцявала, а  для Сашы  Пліса – малая радзіма. Тут жылі і працавалі яго бацькі, тут ён з братам хадзіў у школу. Калі мы перараслі вучнёўскі ўзрост і прыйшла маладосць,  аказаліся з ім у адной кампаніі, у якой бліжэй пазнаёміліся праз агульных сяброў,  разам хадзілі ў вясковы клуб на танцы, – расказвае Алена. –Але ж лета заўсёды змянялася восенню, час адпачынку – вучобай і працай. Я пасля школы паступіла  на факультэт медыкадыягнастычнай справы ў Віцебскі медыцынскі каледж. Саша вучыўся ў 28-м Наваполацкім нафтатэхнічным вучылішчы (цяпер дзяржаўны  політэхнічны каледж)  на  электраманцёра. Паміж намі была адлегласць, але і жаданне быць разам, якое збліжала. Раней жа не было Інтэрнету і мабільнай сувязі і мы пісалі адзін аднаму пісьмы, сазваньваліся па стацыянарным хатнім тэлефоне, на выхадных Саша прыязджаў  да мяне ў Віцебск.  Ён  быў добры, шчыры і гэтым мне вельмі падабаўся.

Як не дзіўна, але   такія ж якасці як дабрыня, адкрытасць і шчырасць Алены, як магнітам прыцягвала да яе Аляксандра. Адслужыўшы ў войску супрацьпаветранай абароны ў Баравусе-2, хлопец вярнуўся на Глыбоччыну, уладкаваўся па спецыяльнасці ў райцэнтры. Скончыла вучобу і Алена. Па размеркаванні яна магла застацца ў Віцебску, пра што і сказала хлопцу. Той, вядома ж, прыняў рашэнне, якое задаволіла іх абодвух: прыехаў у сваты і прапанаваў руку і сэрца. Абвянчаліся маладыя ў Задарожскім касцёле і з Божым блаславеннем пайшлі па жыцці разам.

Будаўніцтва

Пасля вяселля Аляксандр і Алена Радзішэўскія засталіся ў Глыбокім. Ён працаваў  электраманцёрам на Глыбоцкім мясакамбінаце, яна – фельчарам-лабарантам у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.  Здымалі  дом,  жылі ў інтэрнаце, затым распачалі будоўлю.  На той час маладыя бацькі ўжо выхоўвалі двух  сыночкаў, лішняй капейкі не мелі і асіліць задуманае ім было не проста. Без жартаў, але фінансавую дапамогу  бацькам у распачатай справе аказаў сваім нараджэннем сын  Кірыл. Сям’я Радзішэўскіх набыла  статус шматдзетнай і права на  атрыманне ільготнага дзяржаўнага крэдыту. А вось пагасіць усе даўгі па ім  дамог маленькі Дамінік – пяты сынок шчаслівых бацькоў, якому цяпер другі годзік.

У доме па вуліцы Чыгуначнай Радзішэўскія справілі наваселле пяць гадоў таму назад, але будаўніцтва працягваецца. Гаспадар узводзіць гараж, затым трэба думаць пра агарожу, а там і пра бягучы рамонт у доме. Руплівым рукам Аляксандра спраў хапае кожны дзень. У Алены абавязкаў не менш: чаго варта толькі прыбраць,  абмыць і накарміць усіх. Кожнаму па катлетцы – ужо сем. Кожнаму па  два палонікі баршчу – каструля пустая. Па стакану  чаю выпілі –  вады ў чайніку ледзь хапіла. І мамінай памочніцы-дачушкі на кухні няма – усе хлопцы.  Вядома ж, талакой і бульбу абрэжуць, і пельменяў налепяць, і дранікаў памогуць напячы, але гэта ўсе бягом, на хаду, бо ў іх свае, мужчынскія інтарэсы.

–Пяцёра нашых дзяцей розныя па характару, імпэту, інтарэсах. Самы старэйшы Віталь  ужо  сямікласнік. Наведвае дзіцячую мастацкую школу імя Я. Драздовіча, займаецца разьбой па дрэве. Ён – хлопец спартыўны, любіць катацца на веласіпедзе і хадзіць у велапаходы. Данііл – пяцікласнік. Займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў, іграе на цымбалах і ўдарніках. Трэцякласнік Кірыл часцей бывае ў ролі няні, прыглядае за маленькім Дамінікам. Вячаславу – толькі чатыры годзікі, але хлопчык ужо хоча іграць на саксафоне.  Няхай шукаюць сваё, развіваюцца, мы іх у іхнім выбары падтрымліваем і дапамагаем, – кажа Алена. – Сёлета ў жніўні  будзе 16 гадоў як мы з Сашам разам. За гэты час дом пабудавалі, не адно дрэўца пасадзілі,  дзетак нарадзілі, галоўны Божы наказ – прадоўжыць род чалавечы – выканалі. І цяпер для нас не так важна, якую прафесію выберуць дзеці. Галоўнае, каб яны выраслі прыстойнымі людзьмі і нам  не было сорамна за іх.

Духоўнасць

Бацькі шмат увагі ўдзяляюць духоўнаму выхаванню дзяцей і лічаць, што хрысціянскія каштоўнасці –  трывалая  аснова свядомасці, добрых учынкаў і  беспраблемных паводзін кожнага чалавека.

–Прывучаем  дзяцей жыць па запаведзях Божых і стараемся быць  для іх у  гэтым прыкладам. Мы з Сашам рады, што Віталік  і Данік – міністранты ў касцёле Святой Тройцы, што  мы разам з дзецьмі чытаем малітвы, што цяпер усёй сям’ёй адпраўляемся ў пешую пілігрымку ў Будслаў. А яшчэ   адзін раз у год мы ездзім  у  Навагрудак. Калісьці ксёндз Мікалай Ціхановіч пазнаёміў нас  з сястрой Марыянай з мінскай “Кангрэгацыі сясцёр Свяцейшай сям’і з Назарэта”. Яна і запрасіла нас у Навагрудак, куды на духоўную рэкалекцыю з’язджаюцца па 17 шматдзетных сем’яў з Беларусі і  Расіі. Цэлы тыдзень мы там жывём, дзелімся вопытам наладжвання сямейных узаемаадносін, абмяркоўваем праблемныя пытанні, чытаем Біблію, молімся, вучымся  разумець адзін аднаго, прымаць такімі, якія мы ёсць, дапамагаць і  дараваць, – гаворыць Алена Аляксандраўна. –  З аднаго боку –  вырываемся з бытавой “каляіны” і адпачываем  ад паўсядзённых будняў, а з другога – атрымліваем навыкі сумеснага пражывання. Паверце, калі на працягу сямі дзён і 24-х гадзін у суткі  ўся сям’я разам і ніхто нікуды не адлучаецца, гэта не проста. Трэніруем цярпенне, павагу адзін да аднаго, прысвячаем час духоўным практыкаванням. Дзякуем Богу за тую дарогу, якую мы прайшлі разам, і за тую, якую Ён нам яшчэ дазволіць прайсці.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru