Жнівень – “гарачы” месяц не толькі для хлебаробаў, але і для бацькоў, якія выхоўваюць школьнікаў: у запасе засталося ўсяго паўмесяца, каб купіць усё неабходнае і з пачуццём выкананага абавязку адправіць дзяцей на заняткі.
Дзе абуцца-апрануцца?
У Глыбокім неабходнае школьнае адзенне для дзяўчынак і хлопчыкаў розных мадэляў, фасону і колеру прапаноўваюць многія магазіны. Акрамя названых стацыянарных аб’ектаў гандлю ўсё неабходнае да школы можна купіць на рынку “Верас” у цэнтры горада, які працуе шэсць дзён у тыдзень з панядзелка па суботу і на нядзельным рынку па вуліцы Фізкультурнай.
Колькі каштуе школьная экіпіроўка?
Адзенне беларускага вырабу выдатнай якасці і для розных мэт прапаноўваюць наступныя гандлёвыя аб’екты. У магазіне “Світанак” для дзяўчынак ёсць на выбар трох відаў сарафаны 60-72 памераў па 18 – 26 рублёў, спаднічкі па 15 руб. 73 капейкі, сукенкі – па 31 руб. 78 кап., дзелавыя касцюмы коштам ад 23 да 28 рублёў, гольфікі, спартыўныя штаны па 14-24 рублі, спартыўныя касцюмы ад 34 да 58 рублёў. Хлопчыкам можна купіць штаны па 29 руб. 24 кап., спартыўныя касцюмы 52-84 памераў ад 32 да 62 рублёў, джэмперы 60-84 памераў коштам ад 21 да 46 рублёў. У асартыменце прадстаўлена трыкатажная бялізна, а таксама адзенне для дзяцей дашкольнага, школьнага і падлеткавага ўзростаў. З 24 па 31 жніўня магазін праводзіць акцыю “Школьны бум”. Той, хто будзе купляць тавары для школьнікаў на працягу ўказанага тыдня, атрымае 22% скідку.
Падобную акцыю, якая пачалася 1 жніўня і будзе дзейнічаць да канца месяца, прымеркаваную да новага навучальнага года, праводзяць і ў магазіне “8 Сакавіка”. Скідка дзейнічае на ўвесь асартымент прадстаўленай прадукцыі: у залежнасці ад артыкула вырабаў яна дасягае 30-40%. У продажы ёсць сарафаны, блузкі, джэмперы, жакеты, спартыўная экіпіроўка для дзяўчынак коштам ад 15 да 70 рублёў, джэмперы і спартыўнае адзенне для хлопчкаў ад 18 да да 66 рублёў.
Лінейка спартыўнага адзення школьнага і падлеткавага ўзростаў айчыннага вытворцы прадстаўлена ў магазіне “Фармат”, які пачаў працаваць у ліпені. Прыватнае прадпрыемства “Сола-Пінск” прапануе спартыўныя майкі, фуфайкі, штаны і касцюмы, а таксама жакеты і джэмперы для дзяўчынак і хлопчыкаў.
Туфлі, басаножкі, спартыўны абутак для школьнікаў і школьніц прапануе “Беларускі абутак”, які знаходзіцца на вул. Маскоўскай, 10. Кошт тавару – ад 15 да 55 рублёў. На ўсе віды абутку, які прадаецца ў магазіне, дзейнічаюць скідкі ад 20 да 50%.
Вялікі выбар канцылярскіх прыналежнасцяў прапаноўваюць у магазінах “МКТ+ па вул. Чырвонаармейскай,37 і”Белбланквыд”па вуліцы Маскоўскай, 10 (на месцы былога магазіна “Айбаліт”).
Там можна купіць рукзакі ад 30 да 55 рублёў, сшыткі, альбомы для малявання і чарчэння, папера каляровая, картон, пластылін, фламайстары, фарбы, гуаш, пеналы, вокладкі. Цэны на некаторыя тавары зніжаны: так, у параўнанні з мінулым годам у магазіне “Белбланквыд” ранцы каштуюць на 5 рублёў танней. Усё неабходнае для ўрокаў пісьма, малявання, чарчэння і працы можна набыць ў “Касі” па вул. Чырвонаармейскай,21. Цэны ва ўсіх гандлёвых кропках прымальныя.
Па статыстычных дадзеных партфель школьніка сёлета каштуе ад 221 да 879 рублёў (для параўнання летась ён “важыў” 220 – 900 рублёў). Каб падрыхтаваць да заняткаў малодшых школьнікаў, спатрэбіцца сума ад 221 да 762, старэйшых – 292 – 879 рублёў.
Пры пакупцы рукзакоў, асабліва для вучняў пачатковых класаў, бацькі павінны звяртаць увагу не толькі на яго форму і колер, але і на наяўнасць светаадлюстравальных элементаў, якія засцерагаюць дзяцей на дарогах у цёмны час сутак, а таксама на яго вагу. Так, пусты рукзак для вучняў 1-4 класаў не павінен важыць больш за 700 грамаў, а для старэйшых – больш за кілаграм. У ранцах малодшых школьнікаў павінна быць формаўстойлівая спінка, якая засцерагае іх ад скрыўлення пазваночніка і захворванняў, звязаных з гэтым.