Сур’ёзна і актыўна да новага навучальнага года і чарговага ацяпляльнага сезона рыхтуецца раённы аддзел па адукацыі райвыканкама. Каб зімой не мерзлі дзеці, у дзіцячых садках і школах праводзіцца тэрміновы рамонт цепласетак.

Работы па замене труб цеплатрас у дзіцячым садку №2 па вуліцы Нікалаева ўжо перайшлі ў завяршальную стадыю. Падраднай арганізацыяй, якая выйграла тэндар на іх правядзенне, стала жыллёва-камунальная гаспадарка.

–Мы закупілі 48 метраў пагонных, у аднатрубным вылічэнні, гнуткай поліэтыленавай трубы з уцяпляльнікам з пластыкавай абалонкай на суму 4 тысячы 406 рублёў і пераклалі праблемны ўчастак. На аб’екце працавалі зваршчык Дзяніс Пучынскі, слесары Ігар Плыгаўка, Алег Цітовіч, Аляксандр Маркелаў і Васіль Раманчук, – гаворыць начальнік участка цеплавых сетак УП ЖКГ Мікалай Мішута.

– Кошт праведзеных работ з улікам закупленых матэрыялаў каля 10 тысяч рублёў. Грошы на аплату выдзяляе раённы бюджэт, – удакладняе інжынер цеплатэхнічнага аддзела УП ЖКГ Жанна Шышко.
Поўным ходам ідзе работа і на другім аб’екце – каля СШ№3 горада.
–Для рамонту мы закупілі 240 метраў пагонных металічных, з пенаўцяпляльнікам і пластыкавай абалонкай, труб дыяметрам 89 х3,5 коштам 11 тысяч 661 рубель, – гаворыць майстар УП ЖКГ Аляксандр Хайноўскі. – Працуем тут ужо тыдзень. Дастаём праржавелыя трубы і бачым, што за работу ўзяліся своечасова – зімой тут у любы час магла б здарыцца аварыйная сітуцыя.

На момант нашага знаходжання каля СШ№3 працавалі слесары Сяргей Каснікоўскі, Алег Протас, Мікалай Карабёнак, Алег Ходас, Андрэй Радзевіч і зваршчык Аляксей Свілёнак, на міні-экскаватары – Сяргей Мартыновіч.
– Каб не псаваць асфальтавае пакрыццё, кладзём новыя трубы ў бетонныя “пеналы” пад зямлёй. На рамонт гэтага ўчастка цеплатрасы з улікам пакупных матэрыялаў са сродкаў раённага бюджэту выдзелены амаль 30 тысяч рублёў. Работы будуць завершаны да 1 верасня, – сказаў Аляксандр Іванавіч.
