У савецкія часы ў калгасных і гарадскіх лазнях, якія працавалі ў раёне, наведвальнікаў было нашмат больш, чым памывачных месц, а таму тут былі чэргі: людзі чакалі пустога тазіка і месца, дзе маглі б прысесці. Прайшлі гады, многае змянілася: узровень камфорту сем’яў, як і якасць жыцця ў цэлым, значна павялічыліся.

Адны пабудавалі лазні на сваіх участках, другія атрымалі кватэры з выгодамі, дзе і ванна і душ дома ў крокавай даступнасці. І толькі тыя, хто да цяперашняга не мае магчымасці мыцца дома ці прытрымліваецца здаўна ўсталяваных традыцый, хто любіць папарыцца ці проста пасядзець у кампаніі, па-ранейшаму карыстаюцца паслугамі грамадскіх лазняў.
– Лазня – была і застаецца аб’ектам сацыяльнага прызначэння, які не можа быць закрытым па прычыне стратнасці ці пандэміі. Разумею, што ў цяперашніх умовах грамадзяне павінны асцерагацца і берагчыся, каб не захварэць на ковід, але пры любых абставінах і сітуацыях асабістая гігіена людзей была і застаецца залогам чысціні і здароўя. Таму гарадская лазня працавала і працуе па ўстаноўленым графіку, – гаворыць майстар участка лазне-гасцінічнай гаспадаркі УП ЖКГ Наталля Мялешка. – Раней у ім было пяць працоўных дзён, а цяпер – два: у пятніцу і суботу жаночае і мужчынскае аддзяленні працуюць з 12 гадзін дня да 23.00. У лазні 100 памывачных месцаў – па 50 у кожным з двух аддзяленняў і яшчэ 17 – у душавым. Час мыцця ў лазні разлічаны на 2 гадзіны і каштуе 6 рублёў 50 капеек для дарослых. Права мыцца бясплатна маюць дзеці і падлеткі да 10-гадовага ўзросту.
У лазні можна мыцца, парыцца – парылка працуе на дрывах, – карыстацца фенам, адпачываць у асобным пакоі, купіўшы напіткі ці піва, а таксама купіць у касе абанементы і падаруначныя сертыфікаты на яе паслугі.
– Як пачалася каронавірусная пандэмія, страты ад работы гарадской лазні яшчэ больш павялічыся, бо колькасць наведвальнікаў адчувальна знізілася. Так у лютым гэтага года ў нас пабывалі 1 тыс. 404 наведвальнікі, у сакавіку – 1 тыс. 109, у сакавіку – усяго 635, а за тры месяцы – 3 тыс. 148 чалавек. Пачалося лета, купальны сезон і зноў жадаючых памыцца больш не стала. У маі ў лазні памыліся 900 чалавек, у чэрвені – 635, у ліпені – 798, а ўсяго за тры месяцы – 2 тыс. 335 грамадзян. Шукаем розныя шляхі і варыянты, каб знізіць ці перакрыць страты іншымі відамі дзейнасці альбо аказваемымі паслугамі.
Хачу звярнуць увагу глыбачан на тое, што ў асобным памяшканні лазні ёсць сауна, дзе можна папарыцца, фае, прыбіральня. Сауна разлічана на 6-8 чалавек і можа стаць месцам для адпачынку любога міні-калектыва, тым больш што ў фае ўстаноўлены стол, за якім можна пасядзець, перакусіць, выпіць напіткі. Гэта адзін з варыянтаў, а другі – мы прапануем сауну на правах арэнды прадпрымальным глыбачанам для арганізацыі ўласнай справы. Калі кагосьці зацікавіць гэтая прапанова, звяртайцеся ва УП ЖКГ, – кажа Наталля Уладзіміраўна. – Каб стымуляваць глыбачан да больш частага наведвання лазні, мы распрацоўваем так званую праграму лаяльнасці, узяўшы за аснову ўжо напрацаваны дагэтуль папярэдні вопыт. Наладжваем кантакты са старшынямі прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў і арганізацый Глыбоччыны і прапаноўваем ім набываць для сваіх работнікаў месячныя, на 4 памыўкі, абанементы на наведванне лазні. Яго кошт на аднаго чалавека 23 рублі 40 капеек і плюс яшчэ адзін бонус – скідачная аплата: напрыклад, 50% кошту аплочвае прафкам, а 50% – сам работнік. Спадзяёмся, што ў арганізацыях і на прадпрыемствах нас падтрымаюць і выкарыстаюць прапанову з аздараўленнем сваіх работнікаў дзеля іхняй карысці.